Вяртанне дэ Бавуар

3 чэрвеня ў Францыі з«явіцца ў свет новы твор Сімоны дэ Бавуар, які быў схаваны ў архівах больш за 35 год. 

Маладая Сімоны дэ Бавуар і яе сяброўка Заза

Маладая Сімоны дэ Бавуар і яе сяброўка Заза

Маецца на ўвазе аўтабіяграфічны раман «Les Inséparables» («Неразлучныя» ці нават «Неразлучніцы»), які пісьменніца і філосафка пачала пісаць у 1954 годзе. І які адмовілася друкаваць як праз сваю слынную звышпатрабавальнасць да тэксту, так праз пэўны ўплыў Ж.-П. Сартра, які ацаніў яго на сярэднюю адзнаку.
Па хуткім часе чытацтва само ацэніць тэкст — мажліва ад яго хаваўся шэдэўр. Аб гэтым сведчаць тэма, гісторыя тэксту і ўплыў на Сімону дэ Бавуар галоўнай геройкі твору — Зазы, ейнай сяброўкі, з якой яны былі сапраўднымі неразлучніцамі з дзевяці год. У рамане Заза ці Элізабэт Лякуэн завецца Андрэ, а пад Сільвіяй спазнаем саму Сімону дэ Бавуар. Раман пра сяброўства на мяжы з каханнем, раман пра тое, як і чаму Сімона дэ Бавуар вырашыла прысвяціць жыццё жанчынам. Тэкст не меў назвы, але літаратурная спадчынніца творчасці пісьменніцы Сільві Лё Бон дэ Бавуар узяла яго з самаго тэксту, бо слова «неразлучныя» не аднойчы паўстае ў апісанні гяроек.

perszaja_staronka_manuskryptu__1__logo.jpg

Першая старонка манускрыпту новага раману дэ Бавуар
З успамінаў і шматлікіх інтэрв“ю Сімоны дэ Бавуар публіцы была вядомая гісторыя сяброўкі Зазы, памерлай маладой ад віруснага энцэфаліту. Таксама многія чытачы ведалі, як моцна паўплывала сяброўка на аўтарку «Другога полу». Сама філосафка і феміністка не аднойчы падкрэслівала, што смерць Зазы вызваліла яе канчаткова ад путаў і канвенцыйнасці кансерватыўнага і патрыярхальнага грамадства. Смерць сяброўкі з багатай каталіцкай сям’і, якая забараніла Зазе самой выбіраць партнёра-мужа і вучыцца ва ўніверсітэце толькі таму, што гэта перашкаджала «асноўнаму прызначэнню жанчыны» — сям’я, дзеці, сталася адным з галоўных штуршкоў, які стварыў вядомую ўсім Сімону дэ Бавуар. Сяброўка, як часта пісала дэ Бавуар, ахвяравала сваім жыццём дзеля таго, каб іншыя кабеты маглі жыць вальней і цікавей. Гэтая гісторыя, а цяпер яшчэ і ў выглядзе рамана, тлумачыць яшчэ лепей інтэлектуальную траекторыю выбітнай парыскай мысляркі, якая з маладосці — з уласнага досведу, а таксама з пакутаў сяброўкі і адсутнасці выбару для жанчыны кансерватыўных колаў — вырашыла загаварыць і пісаць публічна, і даць жанчынам рэальны выбар.
Цікава, што манускрыпт раману не быў перададзены ў архіў на захаванне Нацыянальнай бібліятэкі Францыі, як большая частка іншых тэкстаў — ён знаходзіўся ў архіве дома ў Сімоны дэ Бавуар. Цікава і тое, што пісьменніца не вынішчыла тэкст перад смерцю, як некаторыя іншыя рукапісы, якія лічыла слабымі. А гэта можа азначаць, што яна схавала яго для чытацтва. Дарэчы, спадчынніца творчасці пісьменніцы Сільві Лё Бон дэ Бавуар рыхтуе да друку збор твораў, якія Сімона дэ Бавуар так і не завершыла.
А пакуль у чэрвені да нас вяртаецца завершаны тэкст пісьменніцы, якая працягвае здзіўляць нас і пасля смерці.