Залатая калекцыя з фондаў Беларускага саюза мастакоў

16 ліпеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава «Залатая калекцыя з фондаў Беларускага саюза мастакоў».



zk_1.jpg

Іван Рэй «На Гомельшчыне»

Фонды БСМ з'яўляюцца фундаментальным зборам жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва другой паловы XX стагоддзя. Гэта калекцыя, здольная прадставіць усю шырыню і разнастайнасць нацыянальнага выяўленчага мастацтва, а таксама дапамагчы асэнсаваць, як фармавалася і развівалася мастацкая школа Беларусі.

Унікальнасць і важнасць гэтай выставы ў тым, што глядач зможа ўбачыць найбольш яркія творы беларускага жывапісу, выкананыя, у асноўным, у стылі сацыялістычнага рэалізму. У экспазіцыю ўвайшлі палотны, якія выстаўляліся даволі рэдка, але ёсць сярод іх і тыя, што дэманструюцца ўпершыню.

На выставе прадстаўленыя тэматычныя карціны, партрэты, краявіды і нацюрморты пэндзля Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі, Міколы Залознага, Зоі Літвінавай, Альгерда Малішэўскага, Барыса Аракчэева, Валяр’яны Жолтак, Віталя Цвіркі, Мая Данцыга, Івана Карасёва, Георга Скрыпнічэнкі, Ізраіля Басава, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Стальмашонка, Івана Дмухайлы, Антона Бархаткова, Івана Рэя ды іншых вядомых жывапісцаў.

Народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка звярнуў увагу на тое, што ўвазе гледачоў прадстаўлены творы 1970-1980-х гадоў. «Я сустрэўся з тымі працамі, якія калісь с сябрамі па сакратарыяту Беларускага саюза мастакоў мы збіралі для будучых пакаленняў. Мне не сорамна за сваіх калег, якія пісалі ў той час, і радасна, што сённяшняе кіраўніцтва творчага аб’яднання вырашыла паказаць гэтую цікавую калекцыю мастакам розных пакаленняў і прыхільнікам жывапісу», — сказаў Гаўрыла Вашчанка.

Старшыня БСМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Савіч выказаў вялікую падзяку аўтарам жывапісных твораў, у тым ліку і тым, хто сышоў у лепшы свет. Паводле ягоных слоў, такога рода выставы, а сённяшняя — ужо другая па ліку, будуць праводзіцца штогод і стануць традыцыйнымі. «Гэта трэба для таго, каб захаваць сувязь паміж мастакамі розных пакаленняў», — сказаў старшыня БСМ. Ён выказаў спадзяванне, што экспазіцыя будзе цікавая маладым мастакам, якія змогуць пазнаёміцца з тэматыкай і стылістыкай сваіх папярэднікаў

Выстава працуе да 28 ліпеня.

Фота Марата Гаравога

 

zk_2.jpg

Валяр’яна Жолтак «Рабіны»

 

zk_3.jpg

Ізраіль Басаў «Вуліца Кірава»

 

zk_4.jpg

Леанід Шчамялёў «Вяснянскае поле»

 

zk_5.jpg

Уладзімір Стальмашонак «Партрэт Кірылы Арлоўскага»

zk_6.jpg

Антон Бархаткоў «У родным краі»

 

zk7.jpg

Яўген Харытоненка «Народная артыстка СССР А.І.Клімава»

 

zk_8.jpg

Мікола Селяшчук «Калі знянацку гэта ўзнікне перад табою»

 

zk_9.jpg

Іван Стасевіч «Партрэт Каржа Васіля Захаравіча»

 

zk_10.jpg

Зоя Літвінава «У прадчуванні спакусы»

 

zk_11.jpg

Святлана Каткова «Святочны дзень»

 

zk_12.jpg

Аляксандр Кішчанка «Думы аб маці»

 

zk_13.jpg

Абрам Кроль «Ветраны дзень»

 

zk_14.jpg

Леанід Асядоўскі «Народныя мастакі Беларусі».