Жывыя кнігі Паўла Севярынца

У Паўла Севярынца ёсць тэкст, які вельмі мне падабаецца. Гэта «Валадарская балада», якая ўваходзіць у кнігу «Каменнае сэрца», што выйшла ў серыі «Беларуская турэмная літаратура» ў 2018 годзе, напісаная ў ліпені 1998 года, 13 старонак. Гэта час першага палітычнага зняволення, той самы час, калі Паўла Севярынца адпусцілі з Валадаркі на пахаванне пляменніка пад абяцанне вярнуцца. І ён вярнуўся ў турму.  

Павел Севярынец у Курапатах. Фота Дзіяны Серадзюк

Павел Севярынец у Курапатах. Фота Дзіяны Серадзюк

Жывы тэкст, захапляе і перадае адчуванні цалкам, чытач перажывае разам з аўтарам.
«Я сяджу пасярод камеры на стосе савецкiх кнiжак 1960—70-х (iншых у бібліятэцы няма); злавесна гiрчыць беларускае радыё, а на падлогу раз-пораз пляскаюць пасмы густа намыленага валосься. Нада мною шчыруе Дзёма, я як мага зручней падстаўляю яму сваю планету, свой шар зямны, i думка шкрабецца і 16 войкае дзесьцi там, пад скляпеньнем, i вочы вылазяць на лоб паглядзець. Дзёма — забойца; мы чыталi ягонае абвiнаваўчае заключэньне. Чэрап ахвяры праломлены тупым прадметам, колатых i рэзаных ранаў чатыры дзясяткi — падуздыхавых, брушных, грудзiнна-ключычна-смачкавiдных i якiх хоч. Зараз у Дзёмы ў руках тупаваты станок, i ён старанна, калi не сказаць любоўна, з майстарскай жарсьцю і пяшчотай абшкрабае маю галаву. «Вось тут, — паказвае ён, — во тут косткi стыкуюцца, скроня з лобнай, i калi нацiснуць — не, ты пачакай, я не балюча, — вось так, цссс! — мазгi папруць, аж пырсьне». Шкраб, шкраб, шоргае станок, пляскаюць згусткi. «А вось так, — ён намацвае макаўку, i я адчуваю, як буйна пульсуе кроў пад цьвёрдымi пальцамi, — гэта «крынiчка» называецца, толькi цюкнуць, i такi сiфон — фррр! фррр!.. Вось тут яно, на самай макiтры», — i ён прымерваецца, пастуквае ў самае цемечка чаранком станка так, як пастукваюць малатком па цвiку, перш чым даць з усяе сiлы».
І яшчэ.«Мы iдзём, разабраўшыся па двое ў патылiцы, у нiзкай падвальнай галерэi. Зьлева — камеры сьмяротнiкаў, тут заўсёды магiльная цiшыня; справа — кармушкi асуджанкi, там крыху жывей. Волка; у тых, хто сядзiць тут больш за паўгода, пачынае зажыва гнiць цела. Бракуе паветра. Улетку на старым корпусе — ён зараз над намi — увесь час раве вентылятар, праiржавелая труба заводскага тыпу. Гэта скразьняк, i дзеля яго на падвальных акенцах i ў проймах кармушак зэкi вывешваюць абажуры з шалясткiх палосак паперы. Прыемна чуць, шамацiць як лiсьце. Выбiраемся праз змрочны лёх з каменнымi вышчарбленымi прыступкамi наверх — i адразу паветра, паветра, точыцца галава, i адразу стазыкi шум — перагаворваюцца ў дворыках... i зьверху, з закратаваных перакрыцьцяў, дзе зь мерным рыпеньнем ходзiць канвой, скрозь сухi пыл iмжыць сонечнае сьвятло, струнна перабiрае, перабягае па тварах, цёпла пераламляецца ў грудзях... Прамянi прымружваюцца, i ў iх танчаць iскрыстыя пылiнкi, столькi, што боязна дыхаць — а так хочацца! І сьвярбiць пчыхнуць. Пчыхнеш — i так добра.
Сямнаццаты дворык — глыбокi калодзеж, на дне — метра паўтара на два з паловай асфальтавага бруду. Так, пастаяць, ткнуцца мордай, крок туды, крок сюды. Становяцца ў кутах, плячом падпiраюць бугрыстыя сьцены, выбiраючы, каб было куды сплёўваць. Хтосьцi кахiкне ды шоргне; хтосьцi млява пакалупаецца ў шчылiнах — можа, дзе маляву пакiнулi. Сонца тлее на ўскрайку сьцяны. Яшчэ высока. А ў калодзежы сыры цень. На сьценах, быццам ранейшы ўзровень мора, зеленаватая цьвiль. Выламкi камянёў нiбы гiганцкi ракушняк. Па кутах пярлiны пляўкоў. Рыпнулi, спынiлiся крокi наверсе. Сонечны канвойны аблёг на парэнчы, мружыцца, глядзiць сюды, як у ваду. Няма тут на што глядзець. Толькi плюнь».
У 2020 годзе ў лісце да Паўла Севярынца я задала пытанне: «Што прымусіла Вас перайсці ал літаратуры нон-фікшн да літаратуры фікшн?» Як адказ жонка Паўла Севярынца, Вольга Севярынец, даслала два тамы «Беларусаліма». Наступны тэкст — пра «Беларусалім».   
«Беларусалім» Паўла Севярынца — дзве кнігі «Золак» і «Сэрца Святла». Шмат было ўжо сказана пра тэкст. Мне ўяўляецца так: кнігі Паўла Севярынца жывыя. «Беларусалім» — кніга шчырая. І ўсе яе недахопы здымаюцца шчырасцю аўтара. Гэта яго погляд на свет, яго бачанне барацьбы Дабра і Зла, яго бачанне сучаснага свету праз гісторыю, праз Хрысціянства. З кніг «Беларусаліма», асабліва яго другой часткі «Сэрца Святла» паўстае вельмі жывы рамантычны вобраз Беларусі — горад за горадам, мястэчка за мястэчкам, рака за ракой. Прырода. Падрабязнае апісанне гародоў і мястэчак. Гісторыя прадстаўлена зусім не так, як у падручніку, гэта жывая гісторыя. Гісторыя жывая для аўтара і яна становіцца жывой для чытача.
У кнізе высокі стыль можа перамяжацца з нізкім стылем, вытанчаная мова з жаргонам. Так, можа падацца смешным, што Марыя-Магдалена — гэта дзяўчынка Люба 16 год, якая спіць з ўсімі і хоча дабрацца да трох лідараў, спакусіць і галоўнага героя, але ёй перашкаджаюць і выганяюць з яе бесаў. Усё гэта апісана вельмі натуралістычна, як яна спакушае кожную ноч хлопчыкаў з пілігрымкі. Але пасля гэта ўсё заканчваецца і дзяўчынка выпраўляецца, яна чагосьці шукае і не ведае — што. А пасля знаходзіць Бога.
У другой кнізе «Беларусаліма» — «Сэрца Святла» паказаны народны ўздым у Беларусі, калі, як у 2020 годзе, як быццам ніадкуль, пасля выбараў на вуліцах з’явілася незлічоная плынь людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. А кніга была напісана раней. Літаратарнае прароцтва ў тым, што народ пайшоў. Народ, які ідзе ў кнізе па палях, гарадах і мястэчках, разнастайны. Там не толькі ўсе канфесіі, але і самыя розныя людзі (пра дзяўчынку я ўжо распавяла). У тэксце вельмі шмат цытат з Бібліі, сімволікі, у тым ліку сімволіка імёнаў.
Часам ёсць адчуванне недахопу рэдактуры, калі адно і тое ж не зусім удалае параўнанне выкарыстоўваецца шмат разоў. Але кніга чытабельная. Чытаецца і зацягвае. Канечне, у кнігах шмат пра Бога. Усе героі звяртаюцца да Бога і гавораць з ім. Усе чакаюць нечага ад Бога. Адзін з герояў кніг Паўла Севярынца Леў гіне на Валадарцы, прычым, калі ён трапляе на Валадарку, то адчувае, што ўсе сцены там прапітаныя пакутамі людзей, пачынаючы з паўстання 1863 года. У кнізе «Сэрца святла» ёсць сцэна расстрэлу — да самага моманту, калі героя ставяць да сценкі. Праход па калідоры да камеры смяротнікаў. Гэта той самы момант, які вяртае да «Валадарскай балады», напісанай Паўлам Севярынцам у 1998 годзе.
«— Вперёд! — нягучна скамандаваў канвойны, і Леў пайшоў. Урачыста. Моўчкі. Працэсія. Крокі даваліся цяжка — цела, адвыклае ад перамяшчэнняў, балела і дрыжэла, і спрабавала наапошак ухапіць галавакружных пахаў жыцця. З кармушак смяротнікаў шамацелі пад вентыляцыяй палоскі паперы, нібы лісце ад ветру ў лесе. Гэты шолах, серабрысты, вусцішны, раптам падаўся Ільву ракою часу, што хлынула ў падвал Валадаркі, і бруіць па падлогах, абмывае целы, затапляе ўсю зямлю яму вядомую. Паварот калідору. Вось дзе, аказваецца, падломваецца жыццё. — Стоять! (…) Заходим, не оборачиваться. Каменны куб, дзе аддзяляюць душу ад цела. Катоўня. Колькі вы не адмывайце, хлопцы, колькі не шаруйце падлогу і сцены ад пырскаў чалавечай крыві ды мозгу — іх не адмыць. Вапіюць да Госпада, хорам, гулам, наперабой — кроплі душаў паўстанцаў, бамбістаў, падпольшчыкаў, забойцаў, паэтаў, вернікаў і гвалтаўнікоў».  
  Кнігі Паўла Севярынца — жывыя, чытабельныя, шчырыя — напісаныя сэрцам — не каменным сэрцам.