Адкуль у Лукашэнкі мільярд на зброю?

Дзіўна, але тое, што раней было цэнтральнай падзеяй, у гэтым годзе засталося амаль незаўважаным. А менавіта — ваенныя вучэнні «Захад-2021». Яны прайшлі, як прайшлі. На фоне палітычнага крызісу, мігранцкіх атак, эпідэміі каронавіруса на гэтую падзею звярнулі ўвагі мала.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg


Сапраўды, вайскоўцы патрэніраваліся — і добра. Сёлета не было «Вейшнорыі», расійскія войскі як прыехалі, так і з’язджаюць. Аднак сёлета здарылася тое, чаго не чакалі. І што можа сведчыць пра нейкі паваротны пункт у адносінах вайскоўцаў Расіі і Беларусі.
Супрацоўніцтва ў вайсковай сферы дзвюх краін — гэта тое, што ніколі не выклікала сумневаў, і было прадметам асаблівага гонару ўсялякіх «інтэгрантаў». Маўляў, менавіта вайскоўцы паказваюць самае шчыльнае супрацоўніцтва «братніх краін і народаў». Але — не сёлета. Падаецца, упершыню мы пачулі крытыку на адрас гэтага супрацоўніцтва.
Крытычна выказаўся ваенны аглядальнік Газеты.Ru, падпалкоўнік у адстаўцы Міхаіл Хадаронак. Па яго словах, не было вызначана, хто канкрэтна кіруе вучэннямі (чытай — войскамі). Словы пра тое, што ў вучэнняў два кіраўніка — начальнікі Генеральных штабоў Расіі і Беларусі Валерый Герасімаў і Віктар Гулевіч, — яго не задаволілі. Эксперт падкрэсліў, што «карэнным пытаннем у справе ваеннага будаўніцтва і стварэння любых ваенных саюзаў і блокаў з’яўляецца пытанне аб адзінстве ўлады — хто, каму і па якіх пытаннях падпарадкоўваецца».
Сапраўды, гэтага патрабуе ваенная іерархія. Не можа быць у адным войску два камандных цэнтра. Прынамсі, такая сітуацыя не прыводзіць ні да чаго добрага. Аднак спадар Хадаронак і на гэтым не спыніўся. Па яго словах, за многія гады бясконцых перамоваў і кансультацый дамовіцца аб аператыўным падпарадкаванні якіх-небудзь сіл і сродкаў так і не ўдалося. Нават у рамках Аб’яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны ў нас «двоеўладдзе». І Хадаронак робіць выснову, што менавіта Лукашэнка сабатуе стварэнне адзінага камандавання.
Чаму гэта сімптаматычна? Менавіта таму, што крытыка прагучала ў сферы, у якой, падавалася, заўсёды ўсё было ціп-топ. То-бок, незадаволенасць беларускім кіраўніком пачала выяўляцца там, дзе не выяўлялася ніколі. Магчыма, Масква адшукала яшчэ адну болевую кропку, на якую можна націснуць у планах «яшчэ больш глыбейшай інтэграцыі», а магчыма, паказвае такім чынам і тое, каб беларускі правадыр не разлічваў, у выпадку чаго, на вайсковую падтрымку.
Ці дасылае сігнал беларускім вайскоўцам, традыцыйна моцна залежным ад усходняга суседа. Маўляў, «ён перастае быць “нашым”».
Лукашэнка паспрабаваў контратакаваць, заявіўшы, што закупіць у Расіі зброі на мільярд долараў, і нават комплексы С-400. Але тут можна толькі скептычна пасміхнуцца: лёгка раздаваць абяцанкі, якія не збіраешся выконваць.
І справа не толькі ў тым, што беларускае войска — традыцыйна недафінансаванае. Паміж «хацець» і «мець мажлівасць» — вялікая розніца. І яшчэ большая розніца паміж «мець магчымасць» і «зрабіць».
Таму што нават калі ў Лукашэнкі і ёсць лішні мільярд долараў (што вельмі сумніўна), то сітуацыя тут атрымліваецца, як з перавалкай нашых калійных угнаенняў праз расійскія порты. Мы бы і радыя, не зважаючы на дадатковыя выдаткі, пачаць адгрузку калію ў портах Санкт-Пецярбурга, напрыклад. Але порт Санкт-Пецярбурга пад завязку забіты прадукцыяй «Уралкалія», і беларускую прадукцыю ён прыняць не можа — проста таму, што там банальна няма месца.
Тое ж і з комплексамі С-400. Можа, Лукашэнка і рады быў бы іх набыць, а Расія — прадаць. Але заводы, якія ствараюць гэтыя комплексы, забітыя іншымі падобнымі заказамі ці не да 2025 года, і чыста фізічна не могуць сабраць зброю для Сінявокай.
Дарэчы, пра грошы. Чамусьці ніхто не задаўся пытаннем, адкуль у Лукашэнкі ўзяўся лішні мільярд долараў на зброю. Канешне, у сучасных варунках і гэта можна спісаць на пахвальбу: маўляў, «якія мы крутыя, нягледзячы на санкцыі, у нас грошай — заваліся». Аднак тады ці трэба было выпрошваць у Расіі 600 мільёнаў долараў крэдыту на апошняй сустрэчы з Пуціным?
Падаецца мне, што гэты «лішні» мільярд — тыя SDR, спецыяльныя правы запазычання, якія выдаткаваў Сінявокай Міжнародны валютны фонд. Аднак тады тут дзве закавыкі. Па-першае, гэтыя SDR трэба яшчэ неяк перавесці ў «жывыя» грошы, і па-другое, выдаткаваныя яны былі на «пераадоленне эканамічных наступстваў пандэміі». І калі Лукашэнка сапраўды мяркуе патраціць іх на зброю — гэта можа стаць прычынай чарговага абмеркавання як пазіцыі міжнародных фінансавых інстытутаў, так і праблемы легітымнасці беларускай улады ўвогуле, ад кіраўніка да Нацбанка.
Дый з пандэміяй у нас яшчэ не ўсё скончана. На гэтым тыдні нават «афіцыйная» колькасць смерцяў у выніку захворвання на covid-19 паставіла рэкорд — 13 чалавек на дзень. Краіна перасекла псіхалагічную рысу памерлых у круглыя 4000 чалавек. І наблізілася да гістарычнага максімуму заражаных за ўвесь час пандэміі.
Праўда, насамрэч сітуацыя можа быць яшчэ больш жахлівай. Розныя профільныя тэлеграм-каналы публікуюць фотаздымкі велізарных чэргаў у паліклініках. Ходзяць самыя неверагодныя чуткі — аж да таго, што ў Мінску нават «хуткія» с кавіднымі хворымі бальніцы не прымаюць — няма месцаў, усё запоўнена. А ўсё, што зрабіла з гэтай нагоды Мінаховы здароўя — усяго канстатавала, што ў Беларусь прыйшла чарговая, чацвёртая хваля кавіду.
Карацей, улады па-ранейшаму робяць выгляд, што нічога не адбываецца. А народ вымушаны зноў выжываць самастойна.
Таму згадайце рэкамендацыі медыкаў у час папярэдніх хваляў covid-19, і беражыце сябе і сваіх родных.