Андрэй Казакевіч: Пратэстная актыўнасць у краіне нязначная


Страх, навеяны крывавым разгонам пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 года і падзеямі ва Украіне, моцна ўкараніўся ў грамадстве. Галоўныя тэндэцыі мінулага года і прагнозы на 2015 год каментуе дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Літва) Андрэй Казакевіч.



andrey_kazakevich.jpg

Інстытут “Палітычная сфера” правёў даследаванне “Пратэстная актыўнасць ў Беларусі ў 2014 годзе (вулічныя акцыі, выбарчыя пікеты, сацыяльныя канфлікты)”. Па звестках аналітыкаў, у 2014 годзе, за кошт выбарчых пікетаў, адбылося больш публічных акцый, чым у 2013 - м: 81 супраць 64. Але чакалася, што пратэстная актыўнасць беларускіх палітычных актараў вырасце ў большай ступені: на фоне мясцовых выбараў, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і на тле падзей ва Украіне. Апошнія сыгралі сваю ролю — 17 з 52 публічных акцый (без уліку выбарчых пікетаў) былі прысвечаны ўкраінскім падзеям. У сувязі з гэтымі падзеямі таксама адбылася палітызацыя такіх суб’ектаў, як фанацкія каляфутбольныя субкультуры (вынікі не прымусілі сябе чакаць — на дзейнасць фанацкіх груповак звярнулі больш пільную ўвагу органы ўлады).

Колькасць выяўленых за 2014 год сацыяльных сутыкненняў таксама нязначна вырасла (46 у 2014 гогодзе, у  упраць 39 у 2013 годзе), прычым выключна за кошт працоўных канфліктаў: калі ў 2013 г. іх было налічана 11, то ў 2014 годзе — ужо 18, што можа дадаткова сведчыць пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі (хуткі рост цэн і вельмі невысокі рост заробкаў, запазычанасці прадпрыемстваў).

2015 — год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі традыцыйна вырастае палітычная актыўнасць усіх суб’ектаў, а ўлады імкнуцца звесці сацыяльную напружанасць у грамадстве да мінімуму. Таму ад яго можна чакаць большага, у параўнанні з 2013 і 2014, росту як палітычных выступленняў, так і паспяховых завяршэнняў сацыяльных сутыкненняў у інтарэсах простых грамадзян.

Галоўныя тэндэцыі мінулага года і прагнозы на 2015 год каментуе дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Літва) Андрэй Казакевіч.

— Якія тэндэнцыі ў пратэстных настроях беларусаў выявіла даследаванне інстытута “Палітычная сфера”?

— Пратэстная актыўнасць даволі невысокая, прынамсі, у параўнанні з Украінай. Большасць пратэстных акцыяў носяць малаколькасны характар. Абсалютная большасць акцыяў з’яўляюцца не палітычнымі, то бок, не звязаныя з палітызацыяй тых ці іншых сфераў жыцця.

Фактычна самі пратэсты выконваюць ролю механізма, каб звярнуць увагу мясцовага кіраўніцтва, дырэктараў прадпрыемстваў ці кіраўніцтва краіны на сацыяльныя або эканамічныя праблемы.

— Пратэстныя выступленні летась насілі выключна сацыяльны характар. Што гэта азначае?

— Пэўны сегмент акцыяў пратэсту звязаны з мясцовымі выбарамі, якія адбыліся ў мінулым годзе. Відавочна, што кантроль за палітыкай, палітычнымі працэсамі, у тым ліку і пратэстамі, з боку ўладаў дастаткова высокі. Таму асаблівага маштабу гэтыя акцыі не набылі. Прычынай таму з’яўляюцца ў тым ліку і падзеі ва Украіне, якія паказалі, што стыхійны пратэст можа прывесці да непрапарцыйнага гвалту. Большасць беларусаў відавочна не хоча, каб падзеі ў Беларусі развіваліся па ўкраінскім сцэнары.

Асноўным фактарам немасавасці пратэсту стаў досыць надзейны кантроль за палітычным жыццём з боку ўладаў, прэвентыўныя захады з іхняга боку. Трэба таксама адзначыць, што сапраўды масавых акцыяў, у якіх удзельнічалі б хаця некалькі соцень людзей, зафіксавана вельмі мала, і звязаныя яны з традыцыйным апазіцыйным календаром святкавання пэўных датаў, але наўпроставай сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне мы не заўважылі.

— Летась зафіксаваны рост пратэстаў у параўнанні з 2013 годам. Аднак іхняя эфектыўнасць надзвычай нізкая. З чым гэта звязана, з малаколькаснасцю акцыяў?

— Найперш, так. Рост пратэстных настрояў трэба звязваць з мясцовымі выбарамі, што прывяло да павелічэння колькасці пікетаў, іншых дробных акцыяў. А нізкая эфектыўнасць звязаная з тэндэнцыяй памяншэння колькасці ўдзельнікаў, сацыяльнай значнасці акцыяў, скарачэннем магчымасцяў мабілізаваць людзей. Калі казаць пра палітычныя акцыі, то яны больш адрасаваныя медыям. У сучасных палітычных умовах чакаць іншых акцыяў пратэсту не выпадае: як толькі яны прыцягнуць большую ўвагу грамадскасці, то,  напэўна, гэта прывядзе і да росту “цікавасці” з боку ўладаў.

Відавочны таксама агульны крызіс у апазіцыі, што прыводзіць да зніжэння і колькасці ўдзельнікаў, і да паніжэння сацыяльнага рэзанансу акцыяў. Усё ў сукупнасці сведчыць за тое, што пратэстная актыўнасць у краіне нязначная.

— На 2015 год, год прэзідэнцкіх выбараў, даследчыкі прагназуюць рост як сацыяльных, так і палітычных пратэстаў. Ці бачныя прыкметы росту пратэстнай актыўнасці?

— Трэба адразу зазначыць, што мы далі свой прагноз, але не можам гарантаваць яго поўнае ажыццяўленне. 

Iснуюць два фактары, якія могуць уплываць на рост пратэстаў у Беларусi.

Па-першае, значнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, якое выліваецца ў рост беспрацоўя, скарачэнне магчымасцей працаўладкавання, падзенне даходаў і агульнае падзенне жыццёвага ўзроўню. Усё гэта павышае сацыяльную напружанасць у грамадстве і,  па нашых прагнозах, прывядзе да пратэстнай актыўнасці.

Другі фактар — прэзідэнцкія выбары. Палітычныя партыі, кааліцыі, кандыдаты будуць імкнуцца праяўляць актыўнасць, што можа выліцца ў пратэстныя акцыі. Немагчыма прагназаваць, што гэтыя акцыі будуць вельмі масавымі і частымі, але пэўную частку грамадства пад прэзідэнцкую кампанію ўдасца мабілізаваць. Асабліва калі разважаць па аналогіі з папярэднімі палітычнымі кампаніямі. Хаця ў гэтай кампаніі апазіцыя выглядае вельмі фрагментаванай, слаба мабілізаванай, і акцэнт не робіцца на масавыя акцыі. Страх, навеяны падзеямі 2010 года і падзеямі ва Украіне, вельмі моцна ўкараніўся ў грамадстве.

Аднак прэзідэнцкая кампанія і падзенне жыццёвага ўзроўню прывядуць да пэўнага росту пратэстных настрояў. Хаця само па сабе павелічэнне колькасці акцыяў не азначае, што іх уплыў на палітычныя працэсы будзе ўзрастаць і акажацца істотным.

— Даследаванне параўновае ступень пратэстных настрояў у Беларусі з перадмайданавай Украінай. Як далёка Беларусь знаходзіцца ад перадмайдаванага незадавальнення?

— Калі аналізаваць сітуацыю па колькасных паказчыках, то пратэстная актыўнасць ў Беларусі больш чым у 8 разоў ніжэйшая, чым ва Украіне напярэдадні Майдана. Гэта сведчыць за тое, што верагоднасць развіцця палітычнай сітуацыі па ўкраінскім сцэнары значна ніжэйшая. І шчыльнасць акцыяў меншая, і колькасць акцыяў у 8 разоў меншая. У Беларусі значна менш магчымасцяў для мабілізацыі насельніцтва пад акцыі пратэсту, больш абмежаваныя ўмовы для арганізацыі пратэсту – усё ў сукупнасці паказвае, што градус напружанасці ў беларускім грамадстве, якая можа выпліснуцца ў масавы пратэст, як мінімум у 8 разоў ніжэйшы, чым ва Украіне.

"ЕўраБеларусь"