Азбука паліталогіі. Дзявяты вал рэформ у Беларусі

Той, хто гаварыў пра немагчымасць рэфармавання беларускай мадэлі, чарговы раз трапіў пальцам у неба. Яе ўдасканаленне ідзе поўным ходам. Узяць хоць бы падпісаны 24 траўня закон, якім карэктуецца заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з прэс-рэліза на галоўным сайце краіны: «Пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронена. У прыватнасці, уводзіцца забарона на размяшчэнне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі, праведзеных без атрымання неабходнай акрэдытацыі. Таксама не дапускаецца размяшчэнне спасылак на паведамленні і матэрыялы, якія ўтрымліваюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена».

«Многія веды — многія смуткі». Правату цара Саламона (кіраваў паміж 965 і 925 гадамі да н.э.) за тры тысячагоддзі так ніхто і не змог абвергнуць. А для тых, каму цары не ўказ, нагадаю прыказку: «Менш ведаеш — мацней спіш».

Новая гістарычная супольнасць

Няма нічога дзіўнага ў тым, што Юрый Андропаў, адзін з удзельнікаў гонак на лафетах, незадоўга да таго, як знайсці супакаенне ў крамлёўскай сцяне, праславіўся наступным несмяротным прызнаннем: «Мы не ведаем грамадства, у якім жывём».

15 гадоў на пасадзе старшыні самага кампетэнтнага сярод кампетэнтных органаў краіны на ўзроўні яго асабістых ведаў не адбілася. Што тады гаварыць пра першых асоб дзяржавы, якія не прайшлі школу КДБ!

Таму і стаў рэфарматар савецкай сістэмы Міхаіл Гарбачоў яе магільшчыкам. Свае намаганні ён скіраваў на эканамічнае развіццё краіны, дэмакратызацыю грамадства і на разрадку міжнароднай напружанасці. Добрыя намеры! Адзін лепшы за другі! Але добрыя намеры пракладаюць дарогу ў пекла. Бяда прыйшла, адкуль не чакалі: рэформы згенеравалі нацыянальныя канфлікты на ўскраінах савецкай імперыі — і панеслася…

Дам слова расійскаму эканамісту Уладзіславу Іназемцаву: «Светапогляд камуністычнай кіруючай вярхушкі ў пытаннях нацыянальнай палітыкі быў даволі маналітным: яе прадстаўнікі шчыра верылі, што ў СССР склалася новая гістарычная супольнасць людзей, "якая стала заканамерным вынікам сацыяльнага прагрэсу, эканамічнага і палітычнага збліжэння народаў, сцвярджэння сацыялістычнай ідэалогіі, выраўноўвання ўзроўняў культурнага і эканамічнага развіцця народаў..."» (Асновы навуковага камунізму, 2-е выданне. Пад рэдакцыяй П. Федасеева).

А цяпер перанясёмся ў Год народнага адзінства, г. зн. у 2021-ы. Нескладана заўважыць, што вера яго архітэктараў у магчымасць дасягнення адзінства ў грамадстве шляхам карэкціроўкі «Закона аб СМІ» па сіле не саступае веры іх савецкіх папярэднікаў. Але колькі ні кажы «халва», у роце саладзей не стане. За два апошнія дзесяцігоддзі аўтар «Азбукі паліталогіі» так і не здолеў прачытаць — ні ў дзяржаўнай публіцыстыцы, ні ў навуковых выданнях — артыкул, у якім бы разглядалася структура беларускага грамадства. І «залатым пёрам», і разумнікам з навуковымі ступенямі публічна абмяркоўваць рэальныя праблемы забаронена.

Ведай нашых!

Гісторыя кожнага грамадства пачынаецца з геаграфіі. Бог не даў беларусам выхаду да мора, чым рэзка абмежаваў культурны абмен з еўрапейскімі суседзямі. Адсюль праваслаўе, а не каталіцызм. Адсюль спазненне з фарміраваннем нацыянальнай ідэнтычнасці, якое не дазволіла супрацьстаяць уплыву з Усходу. Паглядзіце на прыбалтаў і палякаў. Страта дзяржаўнасці не пазбавіла іх здольнасці адчуваць сябе еўрапейцамі. Таму пры першай жа магчымасці яны развіталіся са старэйшым братам.

Як паміж лесам і стэпам размяшчаецца лесастэп, так паміж Расіяй і Еўропай сфармавалася зона лімітрофа (ад лацінскага limitrophus — «памежны»). «На лімітрофе, — тлумачыць культуролаг Ігар Якавенка, — фарміруецца спецыфічнае светаадчуванне. Там усведамляюць сябе як своеасаблівы свет, не роўны з цывілізацыйнымі цэнтрамі. Таму, у прыватнасці, насельніцтва лімітрофа дэманструе ідэалагічнае развядзенне з суседнімі цывілізацыямі».

Беларускі варыянт усведамлення сябе асаблівым светам ва ўласцівай яму афарыстычнай форме выказаў у 2010 годзе галоўны герой «Азбукі паліталогіі»: «Мы не выбіраем паміж Усходам і Захадам і не маем намеру быць чыім-небудзь прыдаткам. У Беларусі сваё годнае месца ў Еўропе і свеце».

Лепш і не скажаш. Такі вось узровень самабытнасці! У Германіі, Францыі, Італіі і далей па спісе няма свайго месца ў свеце, а ў краіны пад белымі крыламі ёсць. Ведай нашых!

Але і Расіі няма сэнсу марыць нас прысабечыць. Не, мы не супраць Саюзнай дзяржавы, пад крылцам якой спадзяёмся атрымліваць нафту і газ па ўнутрырасійскіх цэнах. Мы не супраць. Што можа быць натуральней за жаданне і рыбку з’есці, і ногі не замачыць? Аднак суверэнітэт і незалежнасць — гэта святое.

Ніякавець і шкодзіць

Дзявяты вал рэформ накрыў Беларусь. Як толькі адзіны палітык паспявае падпісваць законы, што аднагалосна прымаюцца двухпалатным парламентам?! Яму сёння не пазайздросціш.

Але не варта блытаць сапраўдныя рэформы з імітацыйнымі сурагатамі. Існуе меркаванне, што ў якасці крытэрыю варта разглядаць свабоду. Маўляў, сапраўдныя рэформы накіраваныя на яе павелічэнне. У якасці прыкладу прыводзіцца Аляксандр I, які адмяніў у 1861 годзе прыгоннае права. Контрпрыклад — дзейнасць Пятра I. Бясспрэчна, імператар падняў Расію на дыбкі. Але якой цаной? Цаной максімальнага зацугляння ўсіх саслоўяў імперыі. Горнарудная галіна, заснаваная на працы прыгонных, — адзін з прыкладаў такога рэфарматарства.

Крыху статыстыкі: у 1718 годзе ў Расіі выплаўлялася 6,6 мільёна пудоў чыгуну, а ў 1820 годзе — 9 супраць 25 мільёнаў пудоў у Вялікабрытаніі. Да 1850-га суадносіны склалі 1/10: 14 мільёнаў супраць 140 мільёнаў пудоў. Цікава, наколькі такая дынаміка прымушала ніякавець пагардлівую англічанку? Ці не з гэтай прычыны яна пачала ўсё псаваць?

Аднак пакінем мінулае мінуламу і з дапамогай выказвання, падслуханага на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перанясёмся ў цяперашні час: «Відавочна, што так званы калектыўны Захад не зацікаўлены ва ўмацаванні нашага Саюза і ўзмацненні новага канкурэнта на сусветным рынку».

Пра якую канкурэнцыю гаворка? Можа, пра канкурэнцыю «Інтэграла» з «Intel» або «Гомсельмаша» з «John Deere»? Звернемся да штогоднікаў Белстата: калі ў 2011 г. у Беларусі было выраблена 1,7 мільёна інтэгральных мікрасхем, то ў 2019 г. — 1,5 мільёна. За гэты ж час вытворчасць збожжаўборачных камбайнаў знізілася з 1900 штук да 640 штук. Пагадзіцеся, тут ёсць чаму зайздросціць, ёсць перад кім ніякавець! Шкодзіць і ніякавець!

Інвестыцыі ў эканоміку ўчарашняга ворага

Набіраю ў Яндэксе два, здавалася б, неспалучальныя словы: «В’етнам» і «мікраэлектроніка». Прыводжу загалоўкі трох першых дакументаў: «В’етнам стаў “ціхай гаванню” для вытворцаў...», «"Intel" інвестуе яшчэ $475 млн у завод у В’етнаме», «“В’етнам, Ханой”. Выстава электроннага абсталявання...»

Вось такія справы. За восем гадоў актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях у В’етнаме (1965–1973) амерыканцы страцілі 58 тысяч чалавек. Страты толькі Паўночнага В’етнама і толькі вайскоўцаў склалі 1,1 мільёна. А сёння інвестыцыі «Intel» у эканоміку ўчарашняга ворага перавысілі $1,5 мільярда!

За тлумачэннем парадоксу далёка хадзіць не трэба: «В’етнам становіцца ўсё больш важнай часткай глабальнага ланцужку паставак тэхналогій, і шэраг буйных тэхналагічных кампаній, у тым ліку "Apple" і "Samsung", звяртаюць увагу на мясцовы рынак, імкнучыся дыверсіфікаваць свае вытворчыя магутнасці, каб мінімізаваць негатыўны ўплыў гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем. Дадатковы стымул гэтаму надае і той фактар, што дадзеная краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі паспяхова стрымлівае распаўсюджванне каронавіруса».

«Хто хоча (развівацца) — шукае спосабы, хто не хоча — прычыны». У В’етнаме гэты афарызм Сакрата (470–399 гг. да н. э.) узялі на ўзбраенне. Але палітычнай эліце ў зоне лімітрофа з яго спецыфічным светаадчуваннем не да развіцця. На парадку дня ў поўны рост паўстала неабходнасць «пашыраць магчымасці для самарэалізацыі патрыятычна настроеных актыўных грамадзян». Усё правільна. Для тых, хто не жадае стаць чыім-небудзь прыдаткам, іншага спосабу затрымацца ў гісторыі няма.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: