Азбука паліталогіі: Лапаць як прыклад традыцыйнай каштоўнасці

У змаганні Дабра са Злом перамога застанецца за Дабром. Чакаць засталося нядоўга, патрывайце.


У нашых паўднёвых суседзяў растае суверэнітэт — і ад гэтага пакутуюць людзі. Гэту думку я не высмактаў з пальца. Не мой узровень.

Чаму, аднак, у нашых паўднёвых суседзяў растае суверэнітэт? Адказ на гэта экзістэнцыйнае — гэта значыць, вельмі важнае для існавання чалавецтва — пытанне, я ў два клікі знайшоў у сваёй кампутарнай бібліятэцы: «...усходнеславянскім народам застаюцца два шляхі: ці яны кансалідуюцца, аб’ядноўваюцца і ствараюць свой уласны цэнтр развіцця і сілы, ці яны ператвараюцца ў “этнаграфічны матэрыял”, глебу і ўгнаенне для развіцця іншых цывілізацыйных цэнтраў».

Няма нічога дзіўнага ў тым, што такое глыбокае адкрыццё я здабыў з артыкула, надрукаванага ў часопісе «Беларуская думка». Дзе яшчэ друкавацца доктару філасофскіх навук, прафесару, аўтару больш за 270 навуковых прац, у тым ліку цэлага шэрагу манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў Чэславу Кірвелю?

У прыведзенай цытаце рэкамендую звярнуць увагу на злучнік «ці». Без яго не абыходзіцца ні адно публічнае выказванне сучасных маніхеяў. Тут напрошваецца тлумачэнне, і нягледзячы на тое, што ў «Азбуках паліталогіі» сутнасць маніхейства раскрывалася неаднаразова, буду вымушаны звярнуцца да самацытавання: «маніхейства — вучэнне, заснаванае ў III стагоддзі рэлігійным філосафам Мані. Схільныя да маніхейства грамадзяне разглядаюць свет як арэну, на якой у апошняй бітве сышліся Дабро і Зло, Святло і Цемра».

Тыповы маніхей адрознівае толькі два колеры: чорны і белы. Ніякіх паўтонаў для яго не існуе. Адсюль дзяленне супляменнікаў на «сваіх» і ворагаў. Ёсць логіка культуры, у якой маніхейства — адна з базавых характарыстык. Той, хто заклікае да вяртання да традыцыйных каштоўнасцяў, павінен памятаць пра гэта.

Праблема «лішніх»

Спецыялістаў па традыцыйных каштоўнасцях у нас лічыць — не пералічыць. Аднак гэта не перашкаджае і заезджым гастралёрам паспяхова ўплятаць сваё лыка ў рагожу айчыннай прапаганды. Свежы прыклад — сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў, які наведаў Беларусь з афіцыйным візітам у канцы чэрвеня. Яму і слова: «Мы — прыхільнікі традыцыйных каштоўнасцяў, і іх трэба адстойваць. Таму кансультацыі вельмі карысныя, прайшлі выключна плённа. Нашы апараты (Саветаў бяспекі РБ і РФ. — С. Н.) працягнуць супрацоўніцтва».

Апараты Саветаў бяспекі — як кладоўкі для захоўвання традыцыйных каштоўнасцяў! Калі так пойдзе і далей, то дажывем да артыкула ў Канстытуцыі, якая абавязвае грамадзян сёрбаць капусту выключна лапцем. А што, чым лапаць — не традыцыйная каштоўнасць?

На дварэ XXI стагоддзе, на дварэ пяты тэхналагічны ўклад. Што там яшчэ на дварэ? На беларускім... — поўна носьбітаў традыцыйных каштоўнасцяў, а на расійскім — у працэнтных суадносінах іх яшчэ больш.

У Еўропе пераход ад традыцыйных каштоўнасцяў да каштоўнасцяў мадэрну пачаўся ў XVIII стагоддзі ў выніку прамысловай рэвалюцыі. Адзін з вынікаў гэтага пераходу — павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця з 30 да 80 гадоў. Каму такое бязладдзе можа спадабацца, калі ўлічыць, што на змену феадалізму (аграрнаму грамадству) прыйшоў капіталізм (індустрыяльнае грамадства) з яго нястрымнай прагай нажывы і палавой распуснасцю?

У Расіі гэты пераход пачаўся яшчэ пры цары-бацюхну і завяршыўся пры дарагім Леанідзе Ільічы (у БССР гарадское насельніцтва перавысіла сельскае ў 1975 годзе), але ён не суправаджаўся адэкватнымі зменамі ў грамадстве. Чалавек савецкі, нягледзячы на свой высокі ўзровень адукацыі, ад традыцыйных каштоўнасцяў так да канца і не пазбавіўся, чым, зрэшты, і ганарыўся.

Балючая праблема любога сістэмнага пераходу — гэта праблема «лішніх». Прыгадаем словы Астапа Бэндэра з «Дванаццаці крэслаў»: «Кіса, мы чужыя на гэтым свяце жыцця!»

Цытату з несмяротнага рамана растлумачу цытатай, запазычанай у расійскага блогера Анатоля Несміяна: «Справа ў тым, што ўзнікае не проста новы ўклад, а наогул новае асяроддзе. Упаў метэарыт — змяніўся клімат — дамінуючыя віды выміраюць проста таму, што яны адаптаваныя і паспяховыя толькі ў тым клімаце, які быў да падзення метэарыта…

У сацыяльных катастроф — тыя ж заканамернасці. Пасля пераходу — што «уверх» (у выпадку поспеху), што «ўніз» (у выпадку няўдачы) вялікая частка цяперашняга соцыуму вырачаная на паразу. Не толькі ў фізічным сэнсе, але і ў ментальным. Усе тыя нормы, якія дзейнічалі ў ім, у новай рэальнасці акажуцца непатрэбнымі. А магчыма, нават шкоднымі. Таму яны застануцца ў выглядзе паданняў, легенд, міфаў, але іх не возьмуць з сабой у новую нармальнасць».

Меркаванне віцэ-прэм’ера

Супярэчнасць дзвюх сістэм пасля развалу СССР засталіся ў мінулым. На змену прыйшла супярэчнасць паміж культурамі, якія генеруюць інавацыі, і культурамі, асуджанымі на запазычанне чужых дасягненняў. Дый з запазычаннем узнікаюць праблемы. Адна справа — пазычаць тэхналогіі, а зусім іншае — гатовыя вырабы.

Перачытайце цытату аўтара 270 навуковых прац. Пра якія ўласныя цэнтры развіцця і сілы ўсходнеславянскіх народаў ён вядзе гаворку? Пяты тэхналагічны ўклад — гэта перш за ўсё мікраэлектроніка. Але «сёння неразумна казаць, што ў Расіі існуе серыйная мікраэлектронная вытворчасць, мы нават адсутнічаем у сусветнай статыстыцы».

Гэта меркаванне Юрыя Барысава, віцэ-прэм’ера Расіі, адказнага за ВПК, якое ён выказаў у снежні 2019 года на канферэнцыі «Электроніка ў Расіі: будучыня галіны».

Трэба прызнаць, што наверсе праблема аматарамі традыцыйных каштоўнасцяў усведамляецца. Я пачаў «Азбуку паліталогіі» са згадкі пра міжнародны форум. Канкрэтызую: меўся на ўвазе VIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Цытую адзінага палітыка (АП): «Мы, на жаль, пасля распаду СССР трошкі мелі на ўвазе нашы прадпрыемствы, якія займаліся інтэгральнымі схемамі. Але мы дамовіліся, што ў нас нядрэнны зачын, і мы рэанімуем гэтыя прадпрыемствы. Яны будуць працаваць у бліжэйшыя гады на самым высокім узроўні. Як сказаў прэзідэнт (Пуцін. — С. Н.), немагчымыя без гэтых прадпрыемстваў ніякія высокатэхналагічныя прадукты: ні ў космасе, ні ў абароне, ні ў іншых галінах».

Яшчэ гадоў 5–10 утрымацца

Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла. Хто сёння памятае пра намер вырабляць беларускія мабільныя тэлефоны? А як наконт вытворчасці верталётаў? Дзе працякае тая Лета, у якую ўсё гэта адышло?

Не памятаю, у якім з даўніх гадоў у Міністэрстве гандлю СССР паўстала ідэя арганізаваць вытворчасць кухоннай мэблі. Па ўзоры далёка ехаць не давялося. У ГДР масавы выраб такой мэблі быў наладжаны. «Ідэя не проста ўзнікла, — піша эканаміст Алег Грыгор’еў у кнізе «Эпоха росту», — але і знайшліся энтузіясты, якія здолелі ўгаварыць начальства, і праекту быў дадзены ход. Дык вось, першы савецкі кухонны гарнітур з’явіўся... праз 10 гадоў».

Затрымка адбылася не з-за бюракратаў. «Давялося стварыць дзве новыя падгаліны, — г.зн. вылучыць інвестыцыі, пабудаваць заводы, вырабіць, закупіць і наладзіць абсталяванне...» І яшчэ шмат чаго давялося рабіць упершыню…

Ёсць такое паняцце — прадметна-тэхналагічнае мноства (ПТМ). Не палохайцеся, а ўявіце, што групу распрацоўшчыкаў айфонаў з дапамогай машыны часу перанеслі ў Афіны часоў Пярыкла (495–429 г.да н. э.). І што нашы разумнікі здолелі б там стварыць?

У кожнай эпохі — сваё ПТМ, і тое, без чаго немагчыма было пабудаваць Акропаль, бескарысна для вытворчасці электронных вытворчасцяў.

Колькі ні мадэрнізуй такарныя станкі, вывезеныя з Германіі ў 1945 годзе, у вытворчасці інтэгральных схем карысці ад іх няшмат. Але абсталяванне для электроннай прамысловасці ўсходнеславянскія народы не вырабляюць, а «поўныя мярзотнікі» на Захадзе самі яго не прададуць і іншым не дазволяць.

Што застаецца рабіць тым, хто аказаўся чужым на свяце пятага тэхналагічнага ўкладу? Апеляваць да традыцыйных каштоўнасцяў — і адначасова спрабаваць выдаць свае правалы за поспехі. Глядзіш, яшчэ гадоў 5–10 гэта дазволіць ім утрымацца ля бюджэтнай кармушкі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: