Беларускі парадокс: сіла дзяржавы — прычына яе слабасці

Ужо 23 гады мы жывём ва ўмовах пераходнага перыяду. Незразумела толькі, адкуль і куды пераходзім. Ніводзін даклад адзінага палітыка (АП) на Усебеларускіх народных сходах не абышоўся без разваг пра моцную ўладу і моцную дзяржаву.

sharik_1d.gif

Згодна з папулярным у часы маёй маладосці анекдотам, сіла савецкіх сталявараў — у плаўках. А ў чым сіла беларускай улады і дзяржавы?

Сваю версію ўладальнік дыплома гісторыка і пентачэмпіён прэзідэнцкіх выбарчых кампаній выклаў яшчэ 23 лістапада 1996 года ў інтэрв’ю нямецкай газеце «Handelsblatt». Прывяду яе скарочаны варыянт: «Гісторыя Германіі — гэта злепак у нейкай ступені гісторыі Беларусі на пэўных этапах. <...> Гітлер сфармаваў магутную Германію дзякуючы моцнай прэзідэнцкай уладзе. <...> Германія ўзнялася дзякуючы моцнай уладзе, дзякуючы таму, што ўся нацыя здолела кансалідавацца і аб’яднацца вакол моцнага лідара. <...> Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, яго аўтарытэт, яго вядучая роля выходзяць на гэтым этапе на першае месца. <...> Гэтаму вучыць нас нямецкая гісторыя».

Безумоўна, у якасці прыкладу можна было абраць не такую адыёзную фігуру, якой для беларусаў з’яўляецца нямецкі фюрэр. Напрыклад, першага прэм’ер-міністра Сінгапура Лі Куан Ю. Але так ужо атрымалася, а з песні слоў не выкінеш, хоць пэўныя спробы ў гэтым кірунку рабіліся.

Між тым складана не пага­дзіцца, што ва ўмовах сістэмных крызісаў роля асобы ў гісторыі павышаецца. Дастаткова прыгадаць Уінстана Чэрчыля і Дэн Сяапіна. Без першага немагчыма сабе ўявіць Вялікабрытанію ў гады Другой сусветнай вайны, без другога — старт кітайскіх рэформаў.

Масавая кансалідацыя і аб’яднанне вакол моцнага лідара на мове паліталогіі азначае пераход грамадства з рэжыму штодзённасці (палітычнай апатыі) у рэжым мабілізацыі. У якасці пачатковай умовы мабілізацыі выступае занепакоенасць людзей наконт уласнага становішча і сітуацыі ў грамадстве. Адначасова адбываецца максімальнае спрашчэнне «структуры сацыяльнай прасторы» па схеме «свае — ворагі», якое «аказваецца асобасна пазначаным» (Юрый Лявада). Апошняе якраз і азначае патрэбу ў моцным лідары.

Пераход насельніцтва Вялікабрытаніі, нягледзячы на яго дэмакратычны бэкграўнд, у мабілізацыйны стан ва ўмовах масіраваных авіяналётаў люфтвафэ быў непазбежным. Пры гэтым у масавай свядомасці не ўзнікла сумненняў, каго лічыць сваім, а каго ворагам. Нацыя згуртавалася і прад’явіла попыт на моцную ўладу на чале з аўтарытэтным лідарам. І такі лідар знайшоўся.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя бомбы на галовы беларусаў не падалі. Але гарбачоўская Перабудова абудзіла, а наступны за ёй сістэмны крызіс з яго поўным наборам складнікаў (эканамічным, палітычным і сацыяльным) канчаткова перавёў грамадства са звыклага стану апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэння. Большасць успрыняла тое, што адбываецца, як распад звыклай карціны свету, што было раўназначна страце ідэнтычнасці.

Замест кансалідацыі — раскол

Базавай ідэнтычнасцю большасці беларусаў у год «найвялікшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя» была ідэнтычнасць чалавека савецкага. Сярод яе галоўных характарыстык Юрый Лявада вылучаў прымусовую самаізаляцыю, дзяржаўны патэрналізм, эгалітарысцкую (ад французскага «égalité» — «роў­насць») іерархію і імперскі сіндром.

Аднак на момант здабыцця дзяржаўнай незалежнасці ідэнтычнасць савецкага чалавека не была ў Беларусі адзінай. Ёй супрацьстаяла ідэнтычнасць мадэрнізаванай часткі беларускага грамадства, аснову якой складалі маладыя і адукаваныя жыхары буйных гарадоў. Апытанні НІСЭПД дазваляюць ацаніць суадносіны носьбітаў двух тыпаў ідэнтычнасці прыкладна як 7 да 3.

Апынуўшыся ў несавецкіх умовах, чалавек савецкі паспрабаваў вярнуцца ў звыклае яму мінулае, а яго апаненты пачалі прарывацца ў светлую капіталістычную будучыню — дакладней, у сваё міфалагізіраванае ўяўленне пра яе. У выніку замест кансалідацыі грамадства адбыўся яго раскол. Такім чынам, свае і чужыя аказаліся «ў адным флаконе».

На першых і апошніх дэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, натуральна, перамог кандыдат большасці, кандыдат носьбітаў савецкай ідэнтычнасці. Прывяду афіцыйную інфармацыю, запазычаную на сайце Цэнтрвыбаркаму (rec.gov.by). Яна з часоў да Ярмошынай — таму цалкам можна давяраць. У першым туры пры яўцы 79,1% за будучага АП прагаласавалі 44,82%, у другім туры адпаведныя паказчыкі склалі 70,6% і 80,34%.

З дапамогай калькулятара лёгка падлічыць, што трыумфатару тытул «усенароднаабраны» забяспечыла падтрымка 56,7% ад спісачнай колькасці выбаршчыкаў, г.зн. крыху больш за палову.

АП сваіх выбаршчыкаў не падвёў. Закасаўшы рукавы, ён пачаў шырокімі мазкамі аднаўляць звыклую для большасці карціну свету, галоўным элементам якой стала ўладная «вертыкаль». Працэс заняў два гады. Яе афіцыйны прыём у эксплуатацыю быў аформлены на другім канстытуцыйным рэферэндуме ў лістападзе 1996 года.

Мабілізацыя на барацьбу з ворагам звонку кансалідуе і аб’ядноўвае грамадства вакол моцнага лідара. Аднак дамагчыся такога эфекту пры адсутнасці знешняга ворага — задача прынцыпова іншага парадку. Як правіла, назіраецца адваротная карціна: перамога на выбарах моцнага лідара расколвае грамадства, і мяжа паміж сваімі і чужымі фарміруецца ўнутры краіны.

Аналагі пленума ЦК

«У нас вельмі моцная прэзідэнцкая ўлада, сапраўды, з элементамі аўтарытарызму, у гэтым я заўсёды сумленна прызнаваўся. Такая ў нас Канстытуцыя і законы ў гэты пераходны перыяд», — заявіў АП 23 верасня 2004 года. Аднак няма нічога больш пастаяннага, чым часовае, як сцвярджае прыказка.

У 1945 годзе Японія ляжала ў руінах пасля паразы ў вайне, а праз 19 гадоў у краіне прайшлі летнія Алімпійскія гульні. Але пераходнаму перыяду ў Беларусі не відаць канца. Адна з прычын, чаму пераход зацягнуўся, — няздольнасць моцнай дзяржавы вызначыць кірунак руху. Рэкамендую чытачам НЧ задаць бліжэйшым знаёмым адпаведнае пытанне. Не ўпэўнены, што хаця б 1 з 5 зможа адказаць што-небудзь зразумелае.

14 сакавіка АП заявіў аб падрыхтоўцы пашыранага мерапрыемства па абмеркаванні сітуацыі ў эканоміцы пасля атрымання дадзеных за I квартал. 21 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем, ён удакладніў: справаздача ўрада адбудзецца бліжэйшым часам «з удзелам нашых дэпутатаў і сенатараў, Нацыянальнага банка, усёй вертыкалі ўлады і кіраўнікоў найважнейшых арганізацый».

Белстат сваю працу выконвае спраўна. Рэальныя даходы беларусаў у I квартале працягнулі зніжэнне. Трэці год запар, між іншым. Не хаваю, мне б вельмі хацелася паглядзець у вочы носьбіту моцнай прэзідэнцкай улады і нагадаць яму, што ў Пасланні–2017 ён абяцаў узмацніць ціск на выканаўчую «вертыкаль».

Здавалася б, праводзіць нарады — гэта не дабівацца выканання прынятых рашэнняў. Аднак сёння можна смела канстатаваць фармаванне своеасаблівай традыцыі, пачатак якой быў пакладзены ў 2013 годзе. Нагадаю чытачам, што ў той год 10 снежня адбылася рэспубліканская нарада па пытаннях будаўнічай галіны. АП назваў яе знакавай падзеяй і прызнаўся, што мерапрыемства бачыцца аналагам пленума ЦК у савецкія часы.

Далей цытата: «...неабходна часцей, як мінімум раз на паўгода, збірацца ў такім складзе, каб на сістэмнай аснове даваць сігналы ўсяму грамадству пра праблемы, якія ўзнікаюць, і пра шляхі іх вырашэння». Адначасова АП заявіў, што такія нарады стануць нормай і будуць праводзіцца раз на паўгода. Былі анансаваныя і тэмы бліжэйшых пленумаў: праблемы ЖКГ і развіццё аграпрамысловага комплексу.

Як і абяцаў АП, сігналы аб праблемах беларусы сталі атрымліваць на рэгулярнай аснове, прычым не зверху, а знізу (ад жыцця). Вось толькі з інфармацыяй аб шляхах іх вырашэння перыядычна ўзнікаюць затрымкі, і гэта мякка сказана.

Тое, што іншы назіральнік можа прыняць за фармальна-бюракратычнае мерапрыемства, на справе з’яўляецца вяршыняй айсберга кіраўніцкай дзейнасці. Дзяржава не ў стане падтрымліваць стабільнасць без узгаднення інтарэсаў груповак унутры кіруючага класа і асноўных сацыяльных груп. Але адна справа — узгадняць інтарэсы ва ўмовах эканамічнага росту, і зусім іншае — ва ўмовах крызісу, што зацягнуўся.

На працягу 23 гадоў пад сілай дзяржавы АП разумеў яе здольнасць не дапускаць узнікнення самастойных цэнтраў прыняцця рашэнняў не толькі ў палітыцы, але і ў эканоміцы. Трэба аддаць яму належнае: сваёй мэты ён дасягнуў. Вынік — прыпыненне развіцця. Таму сёння нават на ўзроўні абмеркавання незразумела, як можна дамагчыся нават лакальных паляпшэнняў унутры беларускай мадэлі.