Бел-чырвона-белая Ратуша. Апошні акорд? (фота)

Партыя БНФ ад пачатку падтрымлівала Таццяну Караткевіч у яе імкненні пайсці ў прэзідэнты. Не забываючы пры гэтым і пра магчымасці, якія дае выбарчая кампанія. Месяц яны вольна і легальна насілі па вуліцах нацыянальныя сцягі.



У апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты і падачы іх у тэрытарыяльныя камісіі сябры БНФ скарысталі момант, кабпаставіць прыгожую кропку ў гэтым этапе палітычнай кампаніі. На вечар 21 жніўня яны запланавалі мегапікет пад назвай «Праспект нацыянальнага сцягу».

Планавалася, што сябры партыі ў межах збору подпісаў за Караткевіч выйдуць на былы праспект Машэрава, зараз Пераможцаў, у Мінску. І з нацыянальнымі сцягамі расцягнуцца ад пачатку праспекта — гарадской Ратушы, — аж да палацу Спорта.

Усё было б нічога, але маршрут пралягаў праз мост над вуліцай Багдановіча. І вось тут улады ўжо спрацавалі — ён быў закрыты на рамонт. Таму зрабіць «праспект сцягоў» не атрымалася. Але і без гэтага пляцоўка ля Ратушы, прылеглая да праезнай часткі, расквецілася нацыянальнымі колерамі.

img_8220_logo.jpg

img_8222_logo.jpg

Сцягі а таксама (каб міліцыя не турбавалася) інфармацыйныя стэнды Таццяны Караткевіч прывезла пікетоўшчыкам сама прэтэндэнтка ў прэзідэнты. Але протым з’ехала. Што зразумела — ў яе сёння хапае справаў і з падачай падпісных лістоў у тэрытарыяльныя камісіі. «На гаспадарцы» застаўся лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч з паплечнікамі і сябрамі ініцыятыўнай групы Караткевіч.

Мэту пікета Янукевіч патлумачыў проста: «Сёння апошні дзень збору подпісаў. Цэлы месяц мы стаялі пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў Мінску, іншых гарадах краіны. Невядома, ці будзе нехта з дэмакратычных кандыдатаў зарэгістраваны па выніках гэтага этапу выбарчай кампаніі. Магчыма, гэта апошні дзень, калі мы легальна ў цэнтры Мінска можам стаяць з нацыянальнымі сімваламі. І мы лічым вельмі важным нагадваць беларускаму грамадству, якія ў нас сапраўдныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Што ж тычыцца далейшага ўдзелу Партыі БНФ у кампаніі Караткевіч і далейшай магчымасці стаяць на вуліцах гарадоў легальна і са сцягамі, то гэта — яшчэ не факт. Нават калі Караткевіч зарэгіструюць у якасці кандыдаткі на прэзідэнта, то… Як паведаміў Янукевіч Партыя БНФ падсумуе вынікі свайго ўдзелу ў яе кампаніі на Сойме, які пройдзе 29 жніўня. І толькі на ім вырашыць, ці працаваць з Караткевіч далей.

«У нас прайшоў першы этап, мы павінны ацаніць вынікі, ці мы сапраўды атрымалі тое, на што разлічвалі пад час гэтай кампаніі, і наколькі нашым інтарэсам і інтарэсам Беларусі адпавядае наш далейшы ўдзел у кампаніі ў форме падтрымкі Таццяны Караткевіч», — патлумачыў лідэр Партыі БНФ.

Ну, а калі Караткевіч раптам не зарэгіструюць кандыдаткай, то «наш удзел у гэтай выбарчай кампаніі адназначна будзе скончаны, і мы будзем працягваць нашую працу ў грамадстве ў тых формах, у якіх гэта магчыма па-за фарматам перадвыбарчай кампаніі», сказаў Янукевіч.

Нечакана было пабачыць на гэтым пікеце намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. Бо сам Рух ужо даўно дыстанцыяваўся ад прэзідэнцкай кампаніі, заявіўшы, што не будзе падтрымліваць аніводнага кандыдата ў прэзідэнты. Але Губарэвіч патлумачыў сваё з'яўленне ля Ратушы проста: «У нас тут сваё мерапрыемства!».

«Мы праводзім тут збор подпісаў за ініцыятыву «Народны рэферэндум». Як мы мы і заяўлялі, у час выбарчай кампаніі мы працягваем займацца грамадскай часткай кампаніі «Народны рэферэндум», збіраем подпісы, праводзім грамадскія слуханні, пашыраем гэтую ідэю», — патлумачыў Губарэвіч.

img_8258_logo.jpg

Юрась Губарэвіч назбіраў колькі подпісаў за "НР"

«Гэта наша асобная акцыя, якая не тычыцца пікета Караткевіч», — дадаў ён.

Праўда, адрозніць «пікет Губарэвіча» ад пікету Караткевіч было цяжка, бо ўсё было аднолькавае: і бел-чырвона-белыя сцягі, і амаль аднолькавыя стэнды… Адзінае, што іх адрознівала — гэта раздача інфармацыйных матэрыялаў пра «Народны рэферэндум» ад Руху «За Свабоду».

Міліцыянты таксама не разабраліся, што гэта — дзьве розныя акцыі, таму пільна назіралі за ўсімі ўдзельнікамі «свята дэмакратыі», але нікога не затрымлівалі.

img_8242_logo.jpg

Міліцыянты гэтым разам праходзілі міма

Пікет Караткевіч прастаяў гадзіну, у самы «час пік» — з 17 да 18-ці. У 19 гадзін тэрытарыяльныя камісіі спынялі прыём подпісаў ад прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Праверка подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў павінны адбыцца да 10-га верасня. Так што толькі ў гэтую дату мы даведаемся, ці працягнецца гэтае «свята дэмакратыі» надалей.