Ці ўплывае дыктатура на ўраджай?

Безумоўна, ці не самай абмяркоўваемай тэмай мінулага тыдня стала заява палітэмігранта Зянона Пазняка пра тое, што Захаду трэба адмовіцца ад санкцый наўзамен на перамовы з Лукашэнкам. Зянона Станіслававіча можна зразумець — ён уразіўся словамі нашага амбасадара ў Расіі Уладзіміра Сямашкі пра тое, што «інтэграцыйныя карты» амаль гатовыя.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

На думку Пазняка, менавіта санкцыі штурхаюць Лукашэнку ў абдымкі Расіі. І, каб не згубіць незалежнасць, сімвалам здабычы якой і ёсць той самы Зянон Станіслававіч, трэба адмаўляцца ад санкцый і перамаўляцца з рэжымам.
Зразумела, у інтэрнэце ўзнік хайп. Шчырыя прыхільнікі Пазняка кажуць, што ён заўсёды меў рацыю, а таму мае рацыю і цяпер. Іншыя расцэньваюць такую прапанову, як здачу ўсіх пазіцый, якія былі заваяваныя цягам пратэстаў: маўляў, «за што змагаліся?». Але дыскусія гэтая, хоць і вельмі інтэнсіўная, але, насамрэч, даволі абстрактная. І ўсё, што паказвае артыкул правадыра КХП-БНФ, дык гэта тое, як доўгія гады па-за Радзімай адбіваюцца на светапоглядзе і ўспрыманні навінаў з гэтай Радзімы.
Для перамоў з Лукашэнкам, пра якія кажа Пазняк, павінны быць два бакі. Найперш, бок Лукашэнкі. Беларускі ж рэжым усе прапановы аб перамовах адпрэчвае. Аж да таго, што ініцыятарам перамоў аб выхадзе з палітычнага крызісу на гэтым тыдні далі па 10 і 11 гадоў зняволення. Так, Максім Знак і Маша Калеснікава, хто забыўся, стваралі Каардынацыйную Раду менавіта для перамоў з уладамі. Але следства палічыла патрабаванне перамоў «заклікамі да захопу» той самай улады.
Пакуль улада не бачыць неабходнасці ў перамовах, ніякіх перамоў не будзе. І менавіта з гэтай прычыны прапанова Зянона Пазняка цяпер з’яўляецца абстракцыяй.
Да перамоў беларускую ўладу можна толькі змусіць. І санкцыі — гэта якраз хоць і не вельмі моцны, але інструмент для падобнага змушэння. Гэта хаця б дэманстрацыя таго, што можа быць адмененае ў выпадку, калі ўлады пойдуць на перамовы.
Але пакуль што мы бачым хіба толькі эскалацыю канфлікту Сінявокай з Захадам. Напрыклад, той жа «мігранцкі крызіс», які правакуецца беларускімі ўладамі, — гэта ёсць такі сродак «падвышэння ставак». І гэта таксама прадмет гандлю. Маўляў, мы спынім плыні мігрантаў праз нашу тэрыторыю, а вы здымайце санкцыі. Мажліва, у іншы перыяд часу гэта спрацавала б. Але сёння — наўрад ці.
Захаду, падаецца, надакучыла гандлявацца з Лукашэнкам. На тыдні ЕС заявіла дэмарш нашаму МЗС у сувязі з мігрантамі. Сярод заклікаў спыніць заганную практыку перакідвання праз Беларусь нелегалаў там адзначаецца, што «нерэгулярная міграцыя не можа быць прадметам гандлю. ЕС заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, забяспечыць інклюзіўны палітычны працэс і свабодныя выбары. Менавіта гэтыя дзеянні стануць падставай для зняцця санкцый і нармалізацыі стасункаў».
То-бок, Мінску празрыста намякнулі афарызмам Пуціна: «Мухі — асобна, катлеты — асобна». Мігранты — гэта адно, дэмакратыя — іншае, і міграцыйны крызіс не ўдасца выкарыстаць у мэтах паслаблення санкцый.
Ці зразумеў гэтую пазіцыю афіцыйны Мінск? У адказе на гэты дэмарш МЗС ішла гаворка выключна пра «недатычнасць» Сінявокай да сітуацыі з мігрантамі. Пра ўнутраную сітуацыю не было сказана ані слова, што можна расцаніць і як тое, што ўсе ўсё зразумелі, і як тое, што да чыноўнікаў Сінявокай «не дайшло». Будзем спадзявацца, што ў МЗС усё ж працуюць разумныя людзі, і больш чым празрыстыя намёкі разумеюць.
А тым часам знаходзіць пацвярджэнне і іншы тэзіс: да кожнага станка сілавіка не прыставіш. Пакуль прыярытэт аддадзены ім, краіна пакрысе развальваецца. Кампанія Cummins, якая з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком рухавікоў, адмовілася ад пастаўкі сваіх прадуктаў не толькі на БЕЛАЗ, але і на МТЗ. З-за гэтага работнікаў БЕЛАЗа вымушаюць разбіраць вялікія 450-тонныя самазвалы, у якіх два рухавіка, і ставіць «двіжкі» на машыны паменш. На Гродна Азот паламалася труба ў адной з печаў. Але абсталяванне працягнулі эксплуатаваць. Бачна, чакаюць, калі адарвецца зусім.
«Тэрмінова патрабуюцца настаўнікі ў ДУА “Сярэдняя школа № 35”», — такая аб’ява з’явілася 5 верасня ў інстаграме «Праца ў Бабруйску». Гэта тая самая школа, на адкрыцці якой 1 верасня прысутнічаў Лукашэнка. Згодна з аб’явай, ва ўстанове адукацыі чакаюць настаўнікаў пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры, французскай, англійскай і нямецкай моў, выкладчыкаў фізікі і біялогіі, настаўнікаў музыкі і выяўленчага мастацтва. То-бок, школу пабудавалі, адкрылі і… Там няма каму працаваць.
РУП «Белпошта» па радыё запрашае на сталую працу пры поўнай занятасці паштальёнаў і сартавальнікаў. Прычым, адзінай матывацыяй агучана «своечасовая аплата працы». Своечасова абяцаюць выплачваць (заўважце, на поўны працоўны дзень!) ад 333 да 500 рублёў у месяц.
Сельская гаспадарка Беларусі: на 24 жніўня было прыбрана 96,6% плошчы пад зерневыя культуры. Намалочана зерня 6,243 млн т (7,524 млн т у 2020-м). Сярэдняя ўраджайнасць — 30,5 ц/га (37,3 ц/га ў 2020-м). Афіцыйныя прычыны недабору зерня паводле Мінсельгасхарча: зацяглая халодная вясна, рэкордныя высокія тэмпературы летам і адсутнасць ападкаў.
Сельская гаспадарка Літвы: у 2021 годзе больш за ўсё пасеяна пшаніцы, ураджайнасць якой павінна скласці 56 ц/га. У мінулым годзе ўраджайнасць была 54 ц/га. «У сілу спрыяльных умоў надвор’я зноў чакаецца рэкордна высокі ўраджай збожжавых і рапсу».
Сельская гаспадарка Украіны: з агульнай плошчы 10,2 млн га сабраны рэкордны за ўсю гісторыю краіны ўраджай — 44,8 млн тон. «Безумоўна, вялікае значэнне для дасягнення такіх вынікаў мелі… спрыяльныя ў гэтым годзе глебава-кліматычныя ўмовы» — пракаментаваў міністр аграпалітыкі Украіны Раман Лешчанка.
Дык можа, справа не ў надвор’і? Можа быць, у тым, што ўкраінскіх і літоўскіх хлебаробаў на «ябацькаўскія» мітынгі не возяць?