Дыктатура ў галовах. Чаго не хапае беларусам

На мінулым тыдні ў нашых суседзяў адбылося некалькі значных падзей, якія чарговы раз падштурхнулі задумацца над тым, чаму ў іх незалежнасць — рэальная, а ў нас — намінальная.

 Фота www.newsbel.by

 Фота www.newsbel.by

У Літве, Латвіі і Эстоніі 23 жніўня адзначылі 30-годдзе Балтыйскага шляху. У гэты дзень у 1989 годзе каля двух мільёнаў жыхароў гэтых краін сталі ў жывы ланцуг з нагоды 50-годдзя падпісання Пакта Молатава–Рыбентропа, які падзяліў сферы ўплыву ў Еўропе паміж Германіяй і СССР. Гэтая акцыя прадэманстравала жаданне і салідарнасць народаў краін Балтыі атрымаць незалежнасць ад Савецкага Саюза: людзі запатрабавалі прызнаць існаванне сакрэтнага пратаколу Пакта і аднавіць суверэнітэт іх краін. Неўзабаве Літва, Латвія і Эстонія выйшлі са складу СССР.

Што адметна, праз 30 гадоў, у жніўні 2019-га, памяць пра тыя падзеі жыве. У 30-ю гадавіну Балтыйскага шляху ў Рызе прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям 1989 года. Іх наведвалі і непасрэдныя ўдзельнікі Балтыйскага шляху, якія ўзгадвалі, што тады ў людзей быў вялікі ўздым, і яны ўжо нічога не баяліся.

Адметна, і што «ветэраны» беларускага Адраджэння любяць узгадваць пра народны ўздым канца 1980-х — пачатка 1990-х. Але куды ён падзеўся — пытанне, адказ на якое лунае недзе на абсягах Сусвету.

Аднак вернемся да Пакта Молатава–Рыбентропа. Да даты яго падпісання прымеркавалі і Еўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму, які быў абвешчаны Еўрапарламентам у 2009 годзе. З гэтай нагоды сёлета 23 жніўня ў Маскве ўскладалі кветкі да мемарыялу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій «Сцяна смутку». Ва Украіне таксама ў гэты дзень ушанавалі памяць бязвінна закатаваных двума бесчалавечнымі рэжымамі.

А што ў Беларусі? Калі раней 23 жніўня беларускія дэмакратычныя сілы ладзілі нацыянальную выправу ў Катынь, месца расстрэлу Саветамі польскіх афіцэраў, сярод якіх былі і беларусы, то сёлета — поўная цішыня, прычым не толькі на дзяржаўным узроўні. Нібыта нас не закранулі зверствы фашысцкай і бальшавіцкай акупацыі. Нібыта не было ў нас мільёнаў дэпартаваных, расстраляных, закатаваных…

Літаральна на наступны дзень, 24 жніўня, Дзень Незалежнасці адзначалі нашы суседзі-ўкраінцы. Разам з афіцыйнымі святкаваннямі і «Шэсцем Годнасці» паралельна праходзіў «Марш абаронцаў Украіны», арганізаваны ветэранамі, валанцёрамі, сем’ямі загінулых і звычайнымі актывістамі, які сабраў каля 50 тысяч чалавек. Можна шмат разважаць пра стан Украіны і яе ўнутраныя праблемы — а іх, сапраўды, нямала, — але адно відавочна: гэты народ не зламіць, і свабоду ў яго проста так не адабраць. З такім пачуццём уласнай годнасці, нацыянальнай самасвядомасцю, здольнасцю да самаарганізацыі — словам, усім тым, чаго так не хапае нам, беларусам.

Увогуле, цягам апошніх пяці гадоў узнікае шмат нагодаў для параўнання лёсаў нашых народаў. Маўляў, і шляхі ў нас падобныя, і вораг адзін і той жа. Але калі нават не закранаць глабальныя пытанні, а засяродзіцца толькі на рыторыцы ўкраінцаў і беларусаў — розніца каласальная.

Два тыдні таму мне давялося пабываць у Чарнігаве на канферэнцыі ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Сярод дэлегатаў былі і беларусы, і ўкраінцы. Калі лейтматывам выступаў апошніх была свабода, імкненне да незалежнасці, змаганне, то беларусы, нібы па завядзёнцы, паўтаралі, што мы 25 гадоў жывем пры дыктатуры. Але ж, здаецца, гэты факт канстатавалі яшчэ тады, чвэрць стагоддзя таму. Атрымліваецца, мы не зрушылі з таго часу з мёртвай кропкі ні на крок?

Часам здаецца, што ўсё ж зрушылі, толькі ў адваротным кірунку. Ніхто не адмаўляе, што ў нашай краіне цяжкае палітычнае становішча. Але вы звярнулі ўвагу, што за апошнія 10 гадоў у нас амаль перасталі ладзіцца палітычныя мерапрыемствы? Калі нават не адыходзіць далёка ад мінулага тыдня — хто, апроч «Маладога фронту» (які зладзіў з гэтай нагоды велапрабег праз увесь горад да Курапатаў) згадаў 25 жніўня — дзень надання статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце?

Разам з тым значна паболела культурных падзей, у тым ліку нацыянальна-патрыятычнага характару. Улады дамагліся таго, што людзям выказваць свае палітычныя погляды стала эканамічна і нават фізічна небяспечна — добра, калі за пікет дадуць штраф ці выставяць рахунак за паслугі міліцыі, а не паб’юць ці не кінуць на «суткі». Таму «выпускаць пару» незадаволеныя дзяржаўнай палітыкай цяпер могуць хіба на канцэртах. Безумоўна, гэта добра, што беларуская нацыянальная культура мае сваё развіццё. Вось толькі ў сучасных варунках нават размаўляць па-беларуску — гэта азначае (як і раней) выказваць сваю палітычную і грамадзянскую пазіцыю. Як бы ні стараліся культурныя менеджары пераканаць усіх, у тым ліку саміх сябе, у адваротным.

І калі чалавек, які арганізаваў бізнес на продажы бел-чырвона-белых сцягоў, падчас зла­джанага ім канцэрту ходзіць і просіць наведвальнікаў гэтыя самыя сцягі схаваць — зна­чыць, дыктатура атачае нас не толькі звонку, яна паспела ўжо запаўзці нават у самыя светлыя галовы.