Дзень Канстытуцыі: у тэставым рэжыме

Несанкцыянаваныя акцыі супраць «дармаедскага дэкрэту» выклікалі ўзмацненне рэпрэсій і вяртанне ўладаў да старой практыкі арыштаў апазіцыянераў. У гэтых варунках арганізатары акцыі 15 сакавіка ў Мінску вырашылі даслаць уладам «апошняе кітайскае папярэджанне».

homel_marsh163.jpg

Як вядома, Мінгарвыканкам дазволіў «Марш недармаедаў» на Дзень Канстытуцыі — 15 сакавіка, ў сталіцы, звыкла адправіўшы заяўнікаў у лесапаркавую зону на плошчы Бангалор. З гэтай нагоды аргкамітэт доўга вырашаў, што рабіць. Зважаючы на тое, што амаль усе лідары правацэнтрысцкай кааліцыі, якая арганізоўвае ў Мінску «Марш недармаедаў» 15 сакавіка, апынуліся за кратамі, а ўлада пашырыла рэпрэсіі ў дачыненні да незадаволеных грамадзян, было вырашана правесці акцыю па дазволеным маршруце. Пра гэта заяўнікі і арганізатары мерапрыемства паведамілі на прэс-канферэнцыі 13 сакавіка.

Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі адзначыў, што «з улікам неабгрунтаваных рэпрэсій і правакацый улады, якія адбываюцца па ўсёй краіне», вырашана «не даваць мажлівасці і далей гэтыя правакацыі чыніць». Таму прынятае рашэнне правесці акцыю у фармаце атрыманага дазволу: 15 сакавіка ў 17.30 збор удзельнікаў «Маршу недармаедаў» на пляцоўцы ля кінатэатра «Кастрычнік», і ў 18 гадзін — шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава. Гэты шлях вядзе на Бангалор, але ні пра самую лесапаласу, ні пра тое, што будзе адбывацца там, арганізатары не згадвалі.

«Гэтае рашэнне дазволіць прыняць удзел у акцыі максімальнай колькасці людзей, — падкрэслю, акцыя дазволеная, і, такім чынам, мы спадзяемся, што ў гэтым разе мы здолеем пазбегнуць усялякіх рэпрэсій і правакацый як у дачыненні да арганізатараў, так і да шараговых грамадзян, якія, я ўпэўнены, прыйдуць 15 сакавіка, каб выказаць свой пратэст», — сказаў Садоўскі.

«Але гэта не апошняя акцыя», — зазначыў ён. Па яго словах, мерапрыемствы працягнуцца ў рэгіёнах, і ў далейшым будуць прыкладацца намаганні, каб «максімальна шырока» адзначыць Дзень Волі — 25 сакавіка, «з акцэнтам на сацыяльныя праблемы».

То бок, «Марш недармаедаў» 15 сакавіка будзе «тэставай» акцыяй перад святкаваннем Дня Волі. Гэтага яе арганізатары і не хавалі. Усе ўжо пабачылі, як улады пачалі рэагаваць на несанкцыянаваныя акцыі, і зараз хочуць паглядзець, як тыя ж улады адрэагуюць на акцыю цалкам законную і санкцыянаваную.

Той жа Садоўскі адзначыў, што «пазбегнуць правакацый у Мінску 15 сакавіка» трэба перш за ўсё дзеля таго, «каб гэта не паўплывала адмоўна на акцыю 25 сакавіка». «Таму намі было прынятае рашэнне, што ў цэнтр Мінска мы пойдзем 25 сакавіка, а 15-га мы пройдземся па Сурганава. Гэта таксама наш горад, таксама цэнтральная вуліца», — адзначыў адказны сакратар БХД.

Яшчэ адной мэтай «тэставай» акцыі ёсць прыцягненне да пратэстаў новых колаў людзей. Пра гэта казалі намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

Пры гэтым удзельнікі прэс-канферэнцыі паведамілі, што знаходзяцца ў кантакце з арганізатарамі Дня Волі. І разлічваюць, што, калі мерапрыемства 15 сакавіка пройдзе без эксцэсаў, то гэта пашырыць кола ўдзельнікаў акцыі 25 сакавіка.

Пры гэтым, канешне ж, арганізатары «Маршу недармаедаў» заклікалі ўлады неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія выходзілі на несанкцыянаваныя пратэсты, вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных за іх. Бо, па-першае, такім чынам улада ізноў «самаізалюецца», а адміністратыўныя арышты лідараў апазіцыі непазбежна выклічуць рэакцыю з боку Захаду, паляпшэння адносінаў з якім афіцыйны Мінск дамагаецца з такімі цяжкасцямі.

А па-другое ўдзельнікі прэс-канферэнцыі выказаліся ў стылі «ўсіх не перасаджаеш». Так, лідары арганізацый, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю, атрымалі адміністрацыйныя арышты. Але гэта ніякім чынам не перашкаджае надалей працаваць ні самім арганізацыям, ні правацэнтрысцкай кааліцыі, ні аргкамітэту па падрыхтоўцы «Маршу недармаедаў». «Кадравы рэзерв у нас невычарпальны», — заявіў намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч.