ЕС дапускае ўвядзенне санкцый супраць датычных да арганізацыі нелегальнай міграцыі з Беларусі

Выкарыстанне мігрантаў і ўцекачоў у палітычных мэтах цалкам недапушчальна, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС у знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

952a647c_3c33_4c1f_aa60_3e95a17de0ab_w1597_n_r1_st.jpg


«Выкарыстанне людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, для дасягнення палітычных мэтаў парушае фундаментальныя еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы, — падкрэсліў Барэль. — ЕС і яго дзяржавы-чальцы асуджаюць выкарыстанне мігрантаў і ўцекачоў беларускім рэжымам».
Па словах Барэля, ЕС працягне змагацца з усплёскам нелегальнай міграцыі з боку Беларусі, каб захаваць цэласнасць сваёй знешняй мяжы. Ён паведаміў, што Саюз «разгледзіць магчымасць прыняцця абмежавальных мераў у дачыненні да асобаў, якія займаюцца незаконным увозам мігрантаў, ці тых, хто іншым чынам уцягнуты ў гандаль людзьмі».
«Людзі, якія не маюць права знаходзіцца ў ЕС, павінны быць вернутыя» — заявіў кіраўнік дыпламатычнага ведамства Еўрасаюза.
Жазеп Барэль нагадаў, што Еўрасаюз і яго ўдзельнікі ўжо ўзмацнілі ахову межаў на беларускім напрамку і гатовыя ўзмацніць яе яшчэ больш. «Дзяржавы-чальцы аператыўна акажуць падтрымку, неабходную для забеспячэння неадкладнага разгортвання адпаведных групаў і сродкаў, — заявіў ён. — Мы працягнем рэалізацыю сваёй знешняй міграцыйнай палітыкі. Мы будзем працаваць над далейшым умацаваннем патэнцыялу ЕС па вяртанні мігрантаў у рамках комплекснага падыходу, у тым ліку шляхам дыялогу і партнёрства з краінамі паходжання і транзіту».