«Гэта была ініцыятыва прэзідэнта Байдэна. Мы прыехалі не па фатаздымкі». Ціханоўская пра сустрэчу з прэзідэнтам ЗША

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская расказала Свабодзе Premium пра падрабязнасці сустрэчы ў Белым доме з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэнам, пра яе фармат, а таксама якім чынам яна была арганізаваная.

a0778be6_ce28_471d_98ca_74e392be1595_cx17_cy4_cw53_w1597_n_r1_st.jpg


— Святлана, што было самым галоўным на сустрэчы?
— Самае галоўнае, што я адчула на гэтай сустрэчы: што Злучаныя Штаты Амерыкі і асабіста прэзідэнт Байдэн будуць з беларусамі — і цяпер, калі ў нас адбываецца рэвалюцыя, паўстанне супраць гвалту і беззаконня, і потым пасля новых выбараў таксама будуць стаяць плячо ў плячо з беларусамі.
— Што Байдэн сказаў вам, беларусам, што паабяцаў?
— У нас было дастаткова шмат сустрэчаў на мінулым тыдні ў Вашынгтоне з дарадцамі спадара Байдэна, дэталі нашай супрацы абмяркоўваюцца там. Сустрэча з Байдэнам — гэты было найперш знаёмства з чалавекам, які выступае за дэмакратычныя змены ва ўсім свеце. Я пачула абяцанне, што ЗША будуць працягваць ціснуць на рэжым і падтрымліваць беларусаў як толькі можна.
— Гэтая сустрэча не была анансаваная, але чакалася, што яна можа адбыцца. Як удалося яе арганізаваць? Натуральна, гэта вялікая праца вашай каманды...
— Насамрэч так. Гэтая сустрэча была вельмі важная, але яна не была самамэтай. Мы прыехалі ў ЗША не па фатаграфіі, а па вынік. Нашы просьбы абмяркоўваліся на папярэдніх сустрэчах, але гэта была ініцыятыва прэзідэнта Байдэна запрасіць мяне ў Белы дом.
— Дзе ў Белым доме адбывалася сустрэча? Які быў фармат? Хто яшчэ прысутнічаў?
— Прысутнічаў Джэк Саліван і іншыя прадстаўнікі Белага дому. Сустрэча адбывалася ў пакоі Рузвельта.
— Джо Байдэн на працягу доўгай палітычнай кар’еры выказваўся пра сітуацыю ў Беларусі. Як вам падалося, наколькі ён добра абазнаны ў сітуацыі ў Беларусі?
Джо Байдэн — гэта прэзідэнт, якому неабыякавы лёс Беларусі і беларусаў. Я перакананая, ён ведае сітуацыю, ведае пра гвалт, пра тысячы зняволеных, а таксама ён ведае пра барацьбу беларусаў, якая не спыняецца. Ведае што ніхто не здаецца, што ўсе абʼяднаныя як ніколі раней, што дэмакратычныя сілы дзейнічаюць у адным кірунку, каб дамагчыся адной мэты. Няма ніякага спаборніцтва паміж дэмакратычнымі лідарамі і партыямі, бо нас абʼядноўвае адно — імкненне да новых выбараў.
— Што вы адчувалі як беларуска, як палітык, як жонка палітвязня, як абраная дэмакратычная лідарка?
— Гэта гістарычная сустрэча. Выходзячы з Белага дому, я спрабавала прааналізаваць, што я адчуваю ў гэты момант. Розныя пачуцці. Гэта і гонар, што мы, беларусы, настолькі ўразілі свет сваёй барацьбой, перакананасцю ў тым, што мы ўсё роўна пераможам, усё роўна гэтаму рэжыму прыйдзе канец. Я адчувала радасць ад таго, што я сустракаюся з вялікім прэзідэнтам, для якога асноўнай каштоўнасцю з'яўляюцца правы чалавека і вяршэнства права. Мне было вельмі шкада, што не ўсе беларусы маглі са мной раздзяліць гэты момант. Я кажу пра тых, хто за кратамі, над кім цяпер праходзяць так званыя суды. І я расказала, што я адчуваю як маці, што я каля двух тыдняў без сваіх дзетак і вельмі сумую, але яны мне даруюць. Змяшаныя пачуцці, які паміж сабой пераплятаюцца.
— Вы абое былі ў масках, хаця і прэзідэнт Байдэн, і вы зрабілі прышчэпку ад каронавіруса. Гэта была дэманстрацыя, прыклад правілаў бяспекі?
— У ЗША да ўчорашняга дня не было абавязковым нашэнне масак, але ўчора вырашылі зрабіць правілы больш жорсткімі з прычыны новага штаму каронавіруса.
— Натуральна, у вас няма часу зазірнуць у сацсеткі. Людзі масава перапошчваюць вашы фатаздымкі з Байдэнам, каментуюць візіт. Што б вы сказалі тым, хто ў Беларусі, хто вымушаны быў выехаць з краіны?
— Я хачу сказаць, што дэмакратычны свет з намі, але асноўная задача ляжыць на беларусах. Я ўдзячная кожнаму. Разумею, як цяжка, як страшна змагацца ў Беларусі. Дзякуй за тое, што знаходзіце спосабы і магчымасці паказваць, што вы ёсць, што вы не спыняецеся.
Бо пакуль у турме Саша Івулін, уся спартовая супольнаьць будзе працягваць барацьбу. Пакуль за кратамі Каця Андрэева, усе журналісты Беларусі будуць працягваць барацьбу. Пакуль Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч у турме, усе актывісты працягнуць гэты шлях. Пакуль Віктар Бабарыка, Маша Калеснікава ў турме, усе бізнесы і ІТ-кампаніі будуць стаяць плячо ў плячо і працягваць змагацца. Пакуль Максім Знак за кратамі, усе юрыдычныя службы адкрыта ці таемна ўсё роўна будуць на нашым баку.
Гэтая барацьба не спыніцца, пакуль мы не прыйдзем да новых, сумленных выбараў.