Грамада і «Справядлівы свет» адмовіліся ад удзелу ва Усебеларускім сходзе

Прэзідыум БСДП (Грамада) лічыць VI Усебеларускі народны сход «кансультацыйным мерапрыемствам прыхільнікаў дзеючай улады», якое «не будзе спрыяць адзінству і кансалідацыі беларускага народа, а толькі ўзмоцніць супрацьстаянне ўлады з народам».

0c7c42ff36769f6b0fce088a07be69e5.jpg


Нагадаем, кіраўнікі шэрагу зарэгістраваных палітычных партый за тыдзень да Усебеларускага народнага сходу атрымалі тэлефонныя запрашэнні з апарату Савету міністраў стаць гасцямі «форуму». Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў зазначыў, што рашэнне пра ўдзел ці няўдзел будзе прымаць прэзідыуму ЦК партыі 7 лютага. З такой жа нагоды на тое ж 7 лютага быў запланаваны збор актыву Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Прэзідыум БСДП падкрэслівае, што гатовы абмяркоўваць шляхі па выхаду з палітычнага крызісу і стабілізацыі сітуацыі ў краіне. З улікам непрызнання міжнароднай супольнасцю парламента і Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта прапануе пачаць перамовы па выхадзе з палітычнага крызісу з лідарамі грамадскай думкі пры пасярэдніцтве АБСЕ. Да пачатку правядзення перамоваў прапануецца у аднабаковым парадку распачаць амністыю грамадзянак і грамадзян, якія асуджаныя па палітычных матывах і прызнаныя праваабарончымі арганізацыямі палітвязнямі, паведамляе Беларускі партызан.

У сувязі з вышэйпаказаным Прэзідыум БСДП пастанавіў устрымацца ад удзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе старшыні партыі.

Пленум Цэнтральнага камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» 7 лютага таксама прагаласаваў супраць удзелу партыі ва Усебеларускім народным сходзе. «Прынята рашэнне лічыць немэтазгодным ўдзельнічаць старшыні партыі ва Усебеларускім народным сходзе», — паведаміў старшыня «Справядлівага свету» Сяргей Калякін.

Калякін прывёў некалькі падстаў для адмовы ад удзелу партыі ў сходзе. «Па-першае, пры фарміраванні дэлегатаў былі ўшчэмленыя інтарэсы палітычных партый, уключаючы “Справядлівы свет”. Павінна была быць выдзелена квота, дзе яны б выбралі паўнапраўных дэлегатаў, якія маглі вырашаць пытанні нароўні з іншымі», — растлумачыў палітык.

Запрашэнне — гэта не ўдзел у якасці дэлегатаў, дадаў ён, «гэта для мэблі і інтэр’еру, каб асвятліць, як там праходзіць».

«Мы таксама накіроўвалі ў УНС прапановы па палітычнаму і сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны, але не пачулі ніякага адказу: гэта прынята, не прынята. Нас нікуды не запрасілі пагаварыць, што можна ўзяць ці чаму нельга ўзяць прапановы», — дадаў Калякін.

Лідар партыі акрамя таго адзначыў, што запрашэнне, якое яны атрымалі, не прадугледжвае магчымасць выступлення на сходзе.

Раней ад удзелу ў УНС адмовіўся Сяргей Чэрачэнь. Многія лідары апазіцыйных партый запрашэння нават не атрымлівалі. А тым, хто атрымаў, прапанавалі на сходзе пасядзець у якасці госця без права выступу.