«Любімую аддаюць?»: «Інтэграцыйныя праграмы» як неадназначны піяр-ход

«Я гляджу, вы дзёрзкія. Нічога не баіцеся», — казаў герой адной кампутарнай гульні, звяртаючыся да каманды па барацьбе з уварваннем іншапланетных прышэльцаў. Тое ж самае, бадай, можна сказаць цяпер пра кіраўнікоў Расіі і Беларусі. Узгадніць «інтэграцыйныя праграмы» ў сучасных варунках — да гэтага трэба было даўмецца.

Што тычыцца саміх праграм — пакуль не варта рабіць трагедыі і крычаць, што «здалі Беларусь». Па-першае, зусім незразумелы іх змест — насуперак абяцанням высокіх беларускіх чыноўнікаў, мы іх нават і не ўбачылі. Калі гэтыя дакументы адкрыюць, тады можна будзе нешта канкрэтнае пра іх сказаць. Пры гэтым варта адзначыць, што Пуцін заявіў аб узгадненні «ўсіх 28» «інтэграцыйных карт», хаця раней гаворка ішла мінімум пра 31. Куды падзеліся яшчэ тры — незразумела.

Па-другое, «інтэграцыйныя праграмы» мала ўзгадніць. Іх трэба яшчэ ўхваліць (зроблена будзе гэта на сённяшнім пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы), потым зацвердзіць на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы (пройдзе ў пачатку снежня), а потым… Што потым, пакуль незразумела.

Па-трэцяе, як сказаў Пуцін, «рэалізацыя саюзных праграм будзе сур’ёзным крокам на шляху стварэння Адзінай эканамічнай прасторы паміж дзвюма нашымі краінамі — як гэта і было прадугледжана Саюзнай дамовай 1999 года». Вось з гэтым — з рэалізацыяй, — у нас заўсёды ўзнікаюць самыя вялікія праблемы. Хто-небудзь памятае пра такога звера, як «Мытны саюз»? У свой час таксама шмат казалі, што МС — адмова ад часткі суверэнітэту Беларусі. Аднак рэалізацыя аказалася на такім узроўні, што пра яго ўсе забыліся.

І што больш за ўсё бянтэжыць — гэта тое, што «інтэграцыйныя карты» цяпер ухваляюцца і зацвярджаюцца органамі так званай «Саюзнай дзяржавы»: па факце, амаль нежывога ўтварэння, рашэнні якога нікога ні да чаго не абавязваюць. Пакуль ніхто не казаў, што ўзгодненыя Пуціным і Лукашэнкам дакументы будуць вынесеныя на ратыфікацыю нацыянальных органаў улады ці дзвюх краін. А менавіта рашэнні, прынятыя нацыянальнымі органамі маюць сілу закона і абавязковыя да выканання.

Так што, цалкам магчыма, што ўзгадненне «інтэграцыйных карт» — усяго толькі піяр-ход Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна напярэдадні важных для яго выбараў у Дзярждуму. А вось рэалізацыя гэтых дамоўленасцяў можа сутыкнуцца з вялікімі праблемамі. Таму што ў нашых краінах традыцыйна «строгасць закону кампенсуецца неабавязковасцю яго выканання».

Што тычыцца Пуціна, то гэты піяр-ход, можа быць, выйгрышны ў кароткатэрміновай перспектыве (ужо згаданыя выбары ў Дзярждуму), але ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай стварае праблемы не толькі яму, але і Расіі агулам. Усе мы выдатна памятаем, як у выніку падтрымкі Лукашэнкі ў жніўні-2020 сімпатыі беларусаў да Пуціна ў прыватнасці і Расіі ў цэлым абваліліся на 11% за тры месяцы. Цяпер варта чакаць новага абвалу, паколькі незалежнасць усё ж для беларусаў з’яўляецца каштоўнасцю.

Што тычыцца Лукашэнкі, я наогул не разумею, пра што ён думаў. Зыходзячы з рацыянальных матываў, узгадненне «інтэграцыйных праграм» яму варта было зацягваць як мага даўжэй. Паступіўшы так, як ён паступіў, ён пазбавіўся аднаго з казыроў у гандлі з Расіяй. Па сутнасці, для Пуціна ён цяпер стаў бескарысны. Усё, што можна было зрабіць з Лукашэнкам, ужо зроблена: «інтэграцыйныя карты» ўзгодненыя, вучэбна-баявая база ВПС Расіі ў Беларусі з’явілася, дамовы на падаўжэнне функцыянавання расійскіх вайсковых аб’ектаў у Сінявокай падпісаныя... Цяпер Пуцін, пры жаданні, са спакойным сумленнем можа «даціснуць» партнёра ў пытанні канстытуцыйнай рэформы і яго сыходу з пасады кіраўніка Беларусі.

І, верагодна, менавіта ў гэтым ключы будзе праводзіцца палітыка Крамля. Напярэдадні сустрэчы расійскія СМІ агучвалі, што ва ўрадзе Беларусі разлічвалі пад «інтэграцыйныя карты» ўзяць у Расіі крэдыт у памеры да трох мільярдаў долараў. Але пасля ўзгаднення важных для Пуціна дакументаў, па словах кіраўніка Расіі, «агульны аб'ём крэдытаў з верасня бягучага года да канца 2022 складзе каля 630 мільёнаў долараў».

Гэта нават не крэдыт. Гэта нейкі здзек з партнёра.

Да таго ж, пад гэтымі дакументамі ляжыць вялікая бомба, якая заключаецца ў адсутнасці поўнай легітымнасці ў аднаго з «высокіх дамоўных бакоў». Памятаеце анекдот пасля выбараў мінулага года: «Беларусь увайшла ў пералік краін, якія не вызналі Лукашэнку прэзідэнтам»? У кожным жарце ёсць доля жарту. Любыя падпісаныя Лукашэнкам дамовы могуць быць перагледжаныя і аспрэчаныя хаця б праз тое, што яго інаўгурацыя была праведзеная з парушэннямі, а значыць, не мае моцы, і, адпаведна, ён не мае правоў на падпісанне «лёсавызначальных» дакументаў. І гэта толькі адзін, нават не самы важны аргумент.

Штаб Святланы Ціханоўскай ужо заявіў, што ўсе падобныя дамовы будуць перагледжаныя, — менавіта з прычыны нелегітымнасці Лукашэнкі.

Ну і, вядома, да Лукашэнкі паўстане шмат пытанняў, у тым ліку і з боку яго прыхільнікаў. Напрыклад, такое: «А як жа “Любімую не аддаюць?”»

Таму пакуль няма падстаў казаць аб тым, што «ўсё прапала». Усё толькі пачынаецца, і стартавыя пазіцыі ў гэтым пачатку як у Лукашэнкі, так і ў Пуціна — не самыя добрыя.

Дарэчы, тая самая «дзёрзкая» каманда па барацьбе з іншапланетным уварваннем у фінальнай місіі гіне  поўным складам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: