Ягор Лебядок: «Новая» ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы — не новая

Новая ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, якую плануецца зацвердзіць на чарговым пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета, была ўхваленая Пуціным і беларускім Саўмінам яшчэ ў 2018 годзе.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__15__logo.jpg

На пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Расіі і Беларусі С. Шайгу пасля пералічэння мерапрыемстваў NATO паблізу межаў Беларусі і Расіі сказаў: «У існуючых умовах вымушаныя прымаць меры ў адказу. Падрыхтавана новая ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, якую плануецца зацвердзіць у найбліжэйшы час на чарговым пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы». Пра гэта піша вайсковы аналітык Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале.

Калі глядзець выступ Шайгу, то гэтая дактрына згадваецца пасля слоў пра неабходнасць мер у адказ — з намёкам, што гэта рэакцыя ў адказ, але ўсё ж у яго выкладзе яна не абавязкова чытаецца як рэакцыя ў адказ, гэта мог быць новы раздзел дакладу. Але расійская прапаганда (ТАСС, РІА, Першы канал і г.д.) пачала падаваць дактрыну як відавочную меру ў адказ, а за ёй пачала капіяваць і беларуская («что миряне, то и обезьяне»). Напрыклад, «з ягоных слоў, адзін з такіх захадаў — новая ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы», «гэта адзін з захадаў у адказ на пагрозу, якая зыходзіць ад Захаду, а таксама на палітычны і эканамічны ціск» і інш.

Гэта расійская прапагандысцкая класіка ў паднясенні агрэсіўнасці Захаду, калі трэба абгрунтаваць свае рухі цела (апускаючы, вядома ж, тое, з якіх падзей і ў якім годзе NATO пачаў інтэнсіфікаваць выдаткі, выведку, аператыўную падрыхтоўку, ствараць змешаныя БТГ з краінамі па-за блокам і г. д.). Праўда, у гэтым выпадку гаворка не аб абгрунтаванні, а проста аб выкарыстанні старой падставы для падмацавання прапагандысцкага парадку дня.

На самай справе, «новая» ваенная дактрына т. зв. Саюзнай дзяржавы — не новая і не звязаная з падзеямі 2020–2021 года. Праект дактрыны быў ухвалены распараджэннем У. Пуціна ад 19 снежня 2018 года №390-рп і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2018 года № 813. Абодва прававых акты ўтрымліваюць пункт аб наступным унясенні праекта дактрыны на зацвярджэнне/разгляд Вышэйшага дзяржаўнага савета або Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Але пасяджэння ВДС з тых часоў не было — натуральна, і ваенная дактрына не прынятая.

Ці падпішуць дактрыну на маючым адбыцца ВДС — пытанне, якое залежыць ад падпісання і інтэграцыйных карт. Але і без гэтага дакумента рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Беларусі і Расіі паспяхова прымяняецца, не абмяжоўваючы сябе такога роду нарматыўнымі прававымі актамі, роўна як і іншае ваеннае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі можа ажыццяўляцца без гэтага дакумента або выкарыстоўваючы дзеючую дактрыну 2001 года.

На калегіі падпісаныя пратаколы аб падаўжэнні тэрмінаў дзеяння пагадненняў аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых аб'ектаў — вузла сістэмы папярэджання пра ракетны напад «Баранавічы» і радыёстанцыі Ваенна-марскога флоту «Вілейка».

У гэтых пратаколаў таксама быў працяглы шлях да падпісання. Урад Расіі яшчэ ў лютым 2021 года падпісаў распараджэнні аб адабрэнні пратаколаў аб падаўжэнні дзеянняў пагадненняў аб парадку ўтрымання вузла Баранавічы і радыёстанцыі Вілейка. У чэрвені 2021 года тэрмін дзеяння асноўных пагадненняў скончыўся. У жніўні 2021 года Лукашэнка падпісаў указ аб адабрэнні пратаколаў аб падаўжэнні пагадненняў. Але толькі сёння пагадненне падпісанае міністрамі абароны.

20 кастрычніка міністры абароны дзвюх краін зацвердзілі план двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва на 2022 год, які ўключае 139 мерапрыемстваў па розных напрамках сумеснай дзейнасці абаронных ведамстваў. Гэта менш, чым было запланавана ў 2021 годзе, — 160 мерапрыемстваў (што і зразумела, у гэтым годзе адбыліся вучэнні Захад-2021), але больш, чым планавалася ў 2020 годзе, — 120 мерапрыемстваў.

Шайгу таксама паведаміў, што «першачарговая ўвага нададзена рэгіянальнай групоўцы войскаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама развіццю аб'яднаных сістэм ваеннага прызначэння».

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб нарошчванні расійскіх ВПС і СПА ў Беларусі пад шыльдай вучэбна-баявых цэнтраў ці іншымі спосабамі, і, магчыма, аб змене парадку функцыянавання адзінай сістэмай СПА Беларусі і Расіі ў мірны і ваенны час.

Паводле Thinktanks.by