Калякін супраць усіх

Ініцыятыўная група Сяргея Калякіна не назбірала патрэбныя 100 тысячаў подпісаў для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты. Але з гэтай нагоды палітык не сумуе і нават знаходзіць падставы для аптымізму.



kaliak_1_21082015_logo.jpg

На прэс-канферэнцыі з нагоды апошняга дня збору подпісаў і здачы падпісных лістоў у тэрытарыяльныя камісіі лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін прызнаў, што ягоная група не назбірала патрэбных сто тысяч подпісаў за рэгістрацыю яго кандыдатам у прэзідэнты. Аднак вынікі кампаніі, на ягоную думку, нельга назваць поўным правалам. Частка мэтаў, якую ставілі перад сабою левыя, ідучы на выбары, усё ж дасягнутая.

Крыху статыстыкі. Ініцыятыўная група Калякіна складала 1.514 чалавек. Але ў зборы полдпісаў за вылучэнне Калякіна кандыдатам у прэзідэнты прымала ўдзел 1.244 чалавекі. Гэта добры вынік, падкрэсліў Сяргей Іванавіч. Бо, па-першае, гэта значыць, што актыў партыі не «мёртвы». А, па-другое, зыходзячы з досведу мінулых кампаніяў, «адвальваецца» ад працы каля 30% тых, хто запісаліся ў групу падтрымкі. То бок, «адвалілася» значна менш. Людзі сапраўды працавалі — не маючы за гэта ніякіх матэрыяльных выгодаў.

Важны і паказчык дабрачынных унёскаў у кампанію Калякіна. На ягоны перадвыбарчы рахунак за гэты час 107 грамадзянаў пералічылі 15 млн. рублёў. Гэта значыць, што людзі гатовыя ахвяраваць грошы на палітычную дзейнасць.

За 29 дзён збору подпісаў сябры ініцыятыўнай групы Калякіна абыйшлі каля 140 тысячаў кватэраў і правялі больш чым дзьве з паловай тысячы пікетаў. Гэта ўвогуле, па меркаванні лідэра «Справядлівага света», файны вынік, бо ў «агульным парадку» за апошнія гады ўлады не дазвалялі левым правесці ніводнага масавага мерапрыемства.

Па словах Калякіна, больш за 30 чалавек за агітацыйны час запісаліся ў партыйны актыў. «А колькасць нашых прыхільнікаў і сімпатызантаў узрасла ў 10 — 20 разоў больш за гэтую лічбу», — падлічыў Калякін. Да пачатку выбарчай кампаніі, паводле сацыёлагаў, вядомасць партыі складала 22%. За адзін месяц «справядлівасветаўцы» паразмаўлялі больш чым з палутарамільёнам выбаршчыкаў. Гэта значыць, што вядомасць партыі павінна ўзрасці як мінімум удвая.

uhnaliov_yanenko_logo.jpg

Дзмітрыю Яненку і Валеру Ухналёву выпаў сумны лёс абвясціць народу пра нязбор ста тысячаў подпісаў

А зараз аб сумным. Па стане на раніцу 21 жніўня за Калякіна было сабрана 64.247 подпісаў. «Гэтага недастаткова для вылучэння Калякіна кандыдатам у прэзідэнты краіны. У сувязі з гэтым, а таксама ў мэтах абароны грамадзянаў, якія паставілі свой подпіс у падтрымку Калякіна, мы прынялі рашэнне не здаваць сабраныя подпісы на праверку ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі», — зазначыў кіраўнік штаба Калякіна Валер Ухналёў

Сам Калякін назваў умовы вядзення гэтай кампаніі надзвычай складанымі. Не з-за пераследу ўладаў, а з-за створанай у грамадстве атмасферы. «З аднаго боку, мае стасункі з тысячамі выбаршчыкаў паказваюць што людзі незадаволеныя ўладай, незадаволеныя сённяшнім станам спраў і жадаюць, каб перамены ў грамадстве ўсё ж адбыліся. Абсалютная большасць нашых грамадзянаў упэўненая не толькі ў тым, што ўлада не здолее вырашыць іх праблемы, яны кажуць, што сама ўлада стала крыніцай гэтых праблем», — разважае Калякін.

З іншага боку, сказаў ён, людзі «не бачаць сэнсу ў выбарах, яны не вераць у магчымасць праз асабісты ўдзел у выбарах паўпрываць на сітуацыю, і лічаць, што нічога змяніць нельга». І ў будучыні гэта небяспечна для самой улады. Менавіта яна зняверыла народу выбарах. «Выбары — адзіны мірны шлях вырашэння праблемаў. Калі няма веры ў выбары, ва ўмовах пагаршэння сітуацыі народу застаецца толькі адзін шлях — бунт, рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Называйце гэта, як хочаце», — заявіў Калякін.

kaliak_2_21082015_logo.jpg

Калякін папярэджвае ўлады пра магчымыя наступствы адсутнасці выбараў

Зыходзячы з уласнага досведу лідэр «Справядлівага свету» лічыць, што ніхто, апроч Аляксандра Лукашэнкі, не сабраў неабходныя для рэгістрацыі сто тысячаў подпісаў. «Ды й сам Лукашэнка сабраў значна менш, чым той мільён, пра які нам кажуць. У лепшым выпадку — дзьвесце тысячаў, і тое дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу. Шмат на якіх прадпрыемствах — а я асабіста быў на прахадных недзе каля 20 з іх, — нам казалі людзі, што «іх ужо падпісалі». Не кажучы ўжо пра ўрачоў і настаўнікаў, якіх нават адклікалі з адпачынкаў, каб яны працавалі за Лукашэнку», — сказаў Калякін.

«Калі на прахадных МТЗ і МАЗа, пасля працоўнай змены, міма пікетаў проста валіць натоўп з пяці тысячаў працоўных, і толькі адзінкі спыняюцца паглядзець, што гэта за пікеты, за каго збіраюць подпісы, — гэта кажа пра магчымасць сабраць сто тысячаў подпісаў», — адзначыў Калякін. І, паколькі пікеты стаялі там у радочак, усе бачылі, колькі людзей падыходзілі да стэндаў іншых кандыдатаў — не больш, чым да «калякінцаў». Таму Калякін і лічыць, што ніхто з кандыдатаў і не сабраў неабходных ста тысячаў — нават Таццяна Караткевіч.

«Яе група вельмі падобная на нашую, мы працавалі ў адных умовах, частка нашых партыйцаў працавала на яе. І таму мы ведаем, як адбываўся збор подпісаў, мы часцяком стаялі ў адных і тых жа пікетах. Мы ўяўляем тую колькасць подпісаў, якую яны ў прынцыпе маглі сабраць. Зараз яе ўдзел у выбарах, яе рэгістрацыя ў якасці кандыдата ў прэзідэнты для мяне будзе азначаць, што яна і яе каманда пайшлі на здзелку з уладаю. Сам факт, што цябе рэгіструюць насуперак закону, пра нешта сведчыць. У такім выпадку, калі каманда Караткевіч пойдзе на здзелку з сумленнем і з уладаю, мы не будзем больш разглядаць «Гавары праўду» як дэмакратычную арганізацыю і спынім з ёю ўсялякія палітычныя кантакты. Мы будзем разглядаць іх у адным шэрагу з праўладнымі арганізацыямі, такімі як БРСМ і «Белая Русь», — катэгарычна заявіў Калякін.

kaliak_4_kak_21082015_logo.jpg

"Як можна ў сённяшніх умовах назбіраць сто тысячаў подпісаў?"

Але што ж рабіць самому Калякіну і ягонай партыі, якія зляцелі з выбарчай гонкі?

«Справядлівы свет» з гэтай нагоды не збіраецца складаць рукі. «Мы шмат што зрабілі. Паўтары мільёны грамадзянаў пабачылі, што ёсць альтэрнатыва. Мы ім далі магчымасць рэалізавацца праз гэта. Тое, што яны пакуль да гэтага не гатовыя, не кажа пра тое, што трэба скласці рукі і тым самым спрацаваць на ўладу. Трэба працягваць працу», — зазначыў Калякін.

Сама партыя яшчэ не выпрацавала афіцыйнай пазіцыі адносна прэзідэнцкай кампаніі без яе ўдзелу. Аднак персанальна Калякін выступае за тое, каб партыя заклікала сваіх прыхільнікаў галасаваць супраць усіх, хто будзе знаходзіцца ў выбарчым бюлетэні. І яшчэ — Калякін вяртаецца ў каардынатары кампаніі назірання «За справядлівыя выбары», бо ён прыпыніў удзел у гэтай структуры, калі з’езд «Справядлівага свету» вылучыў яго прэтэндэнтам у прэзідэнты.

«Сёння я вяртаюся да гэтай дзейнасці. Зменшага для мяне будзе вельмі цікава, як улада будзе рабіць вельмі вялікую яўку на выбары ў такой сітуацыі. І калі яна зноўку заявіць 80% падтрымкі Аляксандру Лукашэнку, гэта будзе вельмі цікава і смешна, і мы будзем імкнуцца адсачыць гэтыя моманты і працэдуры», — сказаў Калякін.

kaliak_3_21082015_logo.jpg

Сяргей Калякін вяртаецца да назірання за выбарамі

«Тым больш, што сёння ўлады сказалі, што зробяць адкрытым падлік галасоў. Нашыя назіральнікі сканцэнтруюцца на апошнім дні, і будуць назіраць не за буфетамі і музыкай, а за падлікам галасоў. Дадуць лі ім магчымасць нешта бачыць, што дадуць бачыць, як фармуюцца вынікі. Яны зразумелыя ўвогуле хаця б сябрам камісіі, альбо гэта таямніца за сям’ю замкамі. У адпаведнасці з гэтым мы будзем даваць рэкамендацыі і заключэнні, як мы ставімся да гэтых выбараў», — дадаў палітык.

kaliak_5_21082015_logo.jpg

Карацей, бой прайграны, але змаганне працягваецца. І сапраўды, ва ўмовах сённяшняй апатыі насельніцтва цікава, як будзе праходзіць галасаванне. Асабліва ў «датэрміновы» перыяд.