Камітэт Сената ЗША прыняў рэзалюцыю з заклікам нарошчваць ціск на Мінск

Далей дакумент разгледзіць верхняя палата Кангрэса поўнага складу.

palata_predstavitelei.jpg


Камітэт па замежных справах Сената Кангрэса ЗША ў аўторак прыняў рэзалюцыю з заклікам да ўраду краіны ва ўзаемадзеянні з саюзнікамі нарошчваць ціск на ўлады Беларусі. Пра гэта паведаміў у Twitter старшыня гэтага камітэта Роберт Менендэс (дэмакрат ад штата Нью-Джэрсі).

Ён адзначыў, што ў дакуменце «выказваецца меркаванне Сената адносна палітычнай сітуацыі ў Беларусі». Па словах Менендэса, далей разгледзіць рэзалюцыю верхняя палата Кангрэса ЗША поўнага складу, піша «Беларускі партызан» са спасылкай на ТАСС.

У дакуменце падкрэсліваецца, што сенатары «заклікаюць да правядзення новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны быць свабоднымі і справядлівымі, прайсці ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ, пры ўдзеле назіральнікаў АБСЕ і незалежных мясцовых назіральнікаў». У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што сенатары маюць намер «адмаўляцца прызнаваць Лукашэнку законна абраным лідарам Беларусі».

Заканадаўцы «вітаюць цесную каардынацыю ўрада ЗША з ЕС, Вялікабрытаніяй, Канадай і іншымі краінамі з ліку саюзнікаў і партнёраў, міжнароднымі арганізацыямі з тым, каб прасоўваць дэмакратычныя прынцыпы, вяршэнства закона, правы чалавека ў Беларусі, і заклікаюць працягнуць узаемадзеянне для аказання максімальнага ціску на рэжым Лукашэнкі». Як вынікае з рэзалюцыі, сенатары «вітаюць санкцыі ЕС, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, і заклікаюць ЗША каардынаваць з ЕС прыняцце дадатковых захадаў».

Кіраўніцтва шэрагу еўрапейскіх краін і ЗША не прызнае вынікі леташніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і лічыць празмерна жорсткімі дзеянні беларускіх праваахоўных органаў у адносінах да пратэстоўцаў. На гэтым фоне Захад уводзіць санкцыі і іншыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі. Да цяперашняга моманту Еўрасаюз увёў чатыры пакеты індывідуальных санкцый, пад дзеянне якіх падпалі 166 фізічных і 15 юрыдычных асоб, уключаючы такія заводы, як МАЗ і БелАЗ. Рыхтуецца пяты пакет санкцый.