Кіраўніца Еўракамісіі абвінаваціла Беларусь у спробе дэстабілізаваць Еўропу з дапамогай мігрантаў

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен абвінаваціла беларускія ўлады ў гібрыднай атацы з мэтай дэстабілізацыі Еўрасаюза. У якасці сродку выкарыстоўваюцца мігранты. Пра гэта яна заявіла, выступаючы ў Еўрапарламенце з дакладам аб стане ЕС.

fonderlya.jpg


«Паглядзіце, што адбылося ля нашых межаў з Беларуссю. Мінскі рэжым выкарыстаў людзей. Яны саджалі людзей у самалёты і літаральна штурхалі іх да межаў Еўропы», — сказала яна.

Паводле яе слоў, такія паводзіны беларускіх уладаў трываць нельга. Фон дэр Ляен пацвердзіла падтрымку з боку ЕС урадам Літвы, Латвіі і Польшчы, паведамляе REFORM.by.

«Гэтага нельга цярпець. Хуткая еўрапейская рэакцыя паказвае гэта. І будзьце ўпэўненыя, мы працягнем стаяць разам з Літвой, Латвіяй і Польшчай. І назавем гэта так: гэта гібрыдная атака па дэстабілізацыі Еўропы», — дадала яна.

Кіраўніца Еўракамісіі дадала, што ў рамках работы па ўдасканаленні Шэнгенскай прасторы будзе ісці пошук новых спосабаў рэагавання на падобную агрэсію.

«Новы пакт аб міграцыі і прадстаўлення прытулку дае нам усё неабходнае, каб кіраваць рознымі тыпамі сітуацый, з якімі мы сутыкаемся», — сказала яна