Крэмль мае намер выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для стварэння гібрыдных пагроз, — даклад аналітычнага цэнтру

Расія хоча ператварыць Беларусь у «шэрую зону», якая будзе крыніцай пагроз бяспекі і стабільнасці краінам Захаду і Ўкраіне. Гэта можа абярнуцца стратай суверэнітэту і нацыянальнай катастрофай для беларускага народу.

b937fff4_f534_4b4c_9d35_8fad21e935af_w987_r1_s.jpg


Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Цэнтра стратэгічных і палітычных даследаванняў «Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія-НАТО: Пагрозы і выклікі для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. Стратэгічныя высновы і рэкамендацыі». Аўтарамі дакладу з'яўляюцца кіраўнікі арганізацыі Арсень Сівіцкі і Юры Царык, якія лічацца лаяльнымі ўладам аналітыкамі.

Аналітыкі ў сваім дакладзе адзначаюць беспрэцэдэнтны ціск на Беларусь з боку Расіі, што звязана з імкненнем Крамля ўцягнуць Беларусь у супрацьстаянне з краінамі Захаду. Стратэгічнай мэтай дадзенай палітыкі з'яўляецца дэзінтэграцыя і паслабленне ЕЗ і НАТО.

«Дзеянні расійскага боку ў адносінах да Рэспублікі Беларусь будуць мець комплексны характар і ўключаць увесь спектр мер ад прамога ваеннага ўварвання і дыпляматычнага ціску да подкупу службовых асоб і інспіраванне масавых беспарадкаў. Вынікам дадзеных дзеянняў павінна стаць рэзкае змяненне статусу тэрыторыі Беларусі і ператварэнне яе ў ачаг канфліктнасці, крыніцу рызык і пагроз для бліжэйшых дзяржаў. З суверэннай дзяржавы Беларусь павінна ператварыцца ў «шэрую зону» — тэрыторыю, на якую і праз якую Расійская Фэдэрацыя будзе праецыраваць сілу і кіраваць канфліктнай дынамікай у рэгіёне», — сцвярджаюць экспэрты.

У дакладзе адзначаецца, што размяшчэнне расійскіх войскаў на беларускай мяжы ажыццяўляецца такім чынам, каб забяспечыць рашэнне задач Крамля ў Беларусі ў кароткі прамежак часу: «У выпадку недзеяздольнасці Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і ваеннага кіраўніцтва ў цэлым расейскія войскі будуць мець магчымасць імкліва паставіць пад свой кантроль крытычна важныя аб’екты на большай частцы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

«Крэмль мае намер выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для стварэння канвэнцыянальных і гібрыдных пагроз для заходніх краін і Украіны.... Па-за ўсякім сумневам, стварэнне такой «шэрай зоны» на тэрыторыі Беларусі паскорыць разбурэнне існуючай архітэктуры міжнароднай бяспекі, а для народа Беларусі абернецца нацыянальнай катастрофай», — сцьвярджаюць Сівіцкі і Царык.


Паводле svaboda.org