Крэмль: палітычная інтэграцыя тэарэтычна магчымая, але цяпер ніхто яе не рыхтуе

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што палітычная інтэграцыя тэарэтычна магчымая, калі гэта будзе адпавядаць інтарэсам Беларусі і Расеі, але цяпер працу над ёй ніхто не вядзе.

spasskaya_bashnya_moskovskogo_kremlya.jpg


Як паведамляе REFORM.by, такую заяву прадстаўнік Крамля зрабіў у эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ вечарам 12 верасня.

«Ну, глядзіце, цяпер "пад сукном" нічога няма. І два прэзідэнта – і Пуцін, і Лукашэнка — яны досыць падрабязна распавялі, якраз пра гэты міф наступнай палітычнай інтэграцыі. Тут сітуацыя... Я паспрабую коратка перафразаваць у гэтай частцы вынікі прэс-канферэнцыі. Першае, у сапраўдны момант аб палітычнай інтэграцыі гаворкі не ідзе. Другое, тэарэтычна яна магчымая. Яна магчымая, калі гэта будзе адпавядаць інтарэсам дзвюх краін. Цяпер яе ніхто не рыхтуе, таму што гэта зусім іншы ўзровень інтэграцыі, да якога мы цяпер не гатовыя. І таму нічога “пад сукном” няма», — запэўніў ён.

Паводле яго слоў, на дадзены момант бакі зацікаўлены ў рэалізацыі 28 саюзных праграм. Ён лічыць, што абедзве краіны атрымаюць ад гэтага выгаду. Пры гэтым прэс-сакратар адзначыў, што прыняцце праграм не азначае іх імгненную рэалізацыю.

«Для таго, каб іх рэалізаваць, трэба будзе яшчэ тытанічная праца. Нам трэба будзе неяк прыводзіць у адпаведнасць з праграмамі заканадаўства. Кожная краіна павінна будзе працаваць са сваім парламентам. Трэба будзе прымаць законы, падзаконныя акты і гэтак далей, і таму падобнае. Гэта значыць нас яшчэ чакае вельмі доўгі шлях. Таму зноў жа, гэтыя вось чаканні таго, што хтосьці дастане нейкага труса з капелюша — яны абсалютна беспадстаўныя. І прэзідэнты вельмі і вельмі даходліва гэта патлумачылі падчас прэс-канферэнцыі», — падкрэсліў ён.

Пяскоў запэўніў, што ў канчатковым выніку карысць ад узгаднення атрымаюць абедзве краіны.

«Гэта не тое, што адна краіна апынецца ў плюсе, іншая ў мінусе. Гэта, як кажуць, win-win situation. Гэта значыць, тут выйграюць абедзве краіны. Таму тыя скептыкі, якія кажуць пра тое, што хтосьці кагосьці спрабуе паглынуць, ці што хтосьці аказваецца ў выніку прыняцця гэтых саюзных праграм у становішчы, скажам так, падапечнага, яны абсалютна ў сутнасці сваёй не правы. І ўся гэтая крытыка — гэта не што іншае, як менавіта праява гэтай нядобразычлівасці, з якой мы з вамі вельмі часта сутыкаемся», — лічыць ён.

«Ва ўмовах бязлітаснай сусветнай кан'юнктуры толькі інтэгруючыся эканамічна мы можам выстаяць і дазволіць сабе паступальнае і пастаяннае развіццё», — мяркуе прадстаўнік Крамля.

Нагадаем, Пуцін і Лукашэнка ўжо ўзгаднілі 28 саюзных праграм, якія вызначаюць напрамкі інтэграцыі. Гэта адбылося 9 верасня ў Маскве. Пасля гэтага, 10 верасня, праграмы былі ўхваленыя прэм’ерамі РБ і РФ на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.

Змест праграм невядомы, апублікаваны толькі іх пералік і кароткае апісанне.

Раней прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведамляў, што пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, на якім Пуцін і Лукашэнка падпішуць праграмы інтэграцыі, адбудзецца 4 лістапада. Сёння стала вядома, што Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца 15 кастрычніка ў Мінску.