Лябедзька: Усё толькі пачынаецца

Аб’яднаная грамадзянская партыя, падаецца, не толькі не збянтэжаная, але нават і радая, што яе лідэра Анатоля Лябедзьку не ўдалося вылучыць кандыдатам у прэзідэнты. Маўляў, мы збіраліся скарыстаць гэтую кампанію, — і скарысталі.



lieb_agp_com_logo.jpg

Сёння было агучана, колькі подпісаў сабрана ў падтрымку вылучэння лідэра АГП Анатоля Лябедзькі кандыдатам на прэзідэнта. Лічба апынулася сціплай — 52.158 подпісаў. Гэта падлічаныя на 24 жніўня, прычым, дадзеныя яшчэ паступаюць. Кіраўнік выбарчага штабу Лябедзькі Віктар Карняенка адзначыў, што за гэтыя подпісы нікому грошы не плаціліся, яны сабраныя выключна на валанцёрскім падмурку, а таму ні ў каго не было стымулу, каб нешта «дамаляваць» ці прыпісаць. Усе подпісы знаходзяцца ў офісе АГП, і цікаўныя маглі з іх памацаць і пабачыць.

Карняенка таксама распавёў і пра хібы гэтай прэзідэнцкай кампаніі, якія не дазволілі сабраць сто тысячаў за Лябедзьку. Найперш, адзначыў ён, у адрозенне ад усіх мінулых кампаній вельмі дрэнна спрацаваў звыклы абыход кватэраў «ад дзвярэй да дзвярэй». «Людзі фактычна адсутнічаюць у сваіх кватэрах, бо адпачынкі і гэтак далей. Зборшчыкі подпісаў, якія на папярэдніх кампаніях такім чынам збіралі 30-50 аўтографаў за вечар, зараз абмяжоўваліся лічбай ў 10-12», — адзначыў Карняенка.

lieb_com_zadavol_logo.jpg

Анатоль Лябедзька і ягоная каманда зусім не выглядаюць расчараванымі па выніках збору подпісаў

Другі момант, які не спрацаваў — гэта збор подпісаў на прахадных прадпрыемстваў, на які вельмі спадзявалася група Лябедзькі. «Мы думалі, што народ, якому пагражае беспрацоўе, будзе больш актыўны. Але людзі, патупіўшы вочы, праходзілі міма», — зазначыў ён.

Добры вынік дала праца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Гэта зразумела, бо яны — мэтавая група Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Яшчэ адна памылка, — АГП не вельмі актыўна збірала подпісы ў малых гарадах. А там, па словах Карняенкі, найбольшая колькасць незадаволеных дзеючай уладай. «Я асабіста быў у Стоўбцах, Дзяржынску, Бярэзіне… Нянавісці ў людзей да існуючай улады там больш, чым у буйных гарадах ці сталіцы. Людзі там пакінутыя сам-насам, радыя заробку ў два мільёны, і казкі пра пяцьсот ці тысячу долараў заробку іх вельмі раздражняюць», — кажа ён.

karn_obiasn_logo.jpg

Віктар Карняенка тлумачыць, чаму каманда Лябедзькі не сабрала сто тысячаў подпісаў

Карацей, партыя ўжо прааналізавала хібы ў гэтай кампаніі. Таму Анатолю Лябедзьку давялося асабліва шчыра дзякаваць тым, хто прайшоў з ім гэты этап збору подпісаў. «Людзі, якія гэта рабілі, паказалі проста цуд, — зазначыў Лябедзька. — Шчыра скажу, калі ў нас у партыі была дыскусія, ці плаціць за подпісы грошы, я быў прыхільнікам фінансавага падыходу. Зараз я прызнаю сваю памылку. Я не чакаў, каб людзі пасля працы беглі ў пікеты, бралі адпачынкі, каб збіраць подпісы, не атрымліваючы за гэта нічога, апроч «пікетнага загару»… Нават калі стала зразумела, што ў нас дынаміка не тая — гэта не спыніла людзей. Я думаю, зараз ніводная структура не валодае такой сеткай валанцёраў, якія гатовыя за ідэю, па іх перакананнях, нешта рабіць».

Што тычыцца нязбору неабходных ста тысячаў, то Лябедзька нагадаў тры асноўныя задачы, якія вызначыла перад сабой АГП у гэтай кампаніі і якія зафіксаваныя ў дакументах партыі. «Першая: сабраць доказы, што ў Беларусі няма свабодных і сумленных выбараў, і такім чынам не дапусціць легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі. Другая: як мага больш шырока прарэкламаваць нашую пазітыўную альтэрнатыву, праграму «Мільён новых працоўных месцаў». Трэцяе: павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу», — агучыў ён. Нагадаў палітык і пра красавіцкае рашэнне Палітрады АГП, якая зацвярджала ўдзел у выбарах прэтэндэнта ад АГП з актыўным байкотам выбараў на апошнім этапе перадвыбарчай кампаніі.

Так што Лябедзька перад галасаваннем усё роўна мусіў зняцца. І адзінае, што партыя страціла з-за несабраных подпісаў — гэта эфірны час для кандыдата ў прэзідэнты на радыё і тэлебачанні, і публікацыю праграмы ў дзяржаўных газетах. Але што да стасункаў з выбаршчыкамі — гэта ўсё адбылося.

lieb_chyt_logo.jpg

Анатоль Лябедзька нагадвае пра мэты і задачы партыі на прэзідэнцкую кампанію

«Таму мы абвяргаем такія фармулёўкі як «сышлі з дыстанцыі», «скончылі ўдзел у выбарах». Пра якую дыстанцыю, пра якія выбары можа ісці размова ў Беларусі? Для нас гэта ад самага пачатку была палітычная кампанія, і ні я, ні мая каманда, не сыходзім з гэтай палітычнай кампаніі», — заявіў Лябедзька. І адразу ж агучыў планы на будучыню.

«Як толькі скончыцца «час цішыні», мы пойдзем да людзей, мы выйдзем з пікетамі і будзем збіраць подпісы ў падтрымку праграмы «Мільён новых працоўных месцаў». І мы будзем збіраць подпісы за адстаўку ўрада і спадарыні Ярмошынай як сімвала ўсяго гэтага глупства, «лахатрона», які ёсць сёння ў Беларусі. Мы нікуды не сыходзім, мы застаемся з нашым выбаршчыкам, і будзем актыўна працаваць на гэтай заключнай фазе кампаніі. І канешне ж, калі мы кажам пра крызіс гэтай мадэлі ўлады, трэба, каб людзі гэта пацвердзілі. Самы лепшы вынік — гэта пустыя выбарчыя ўчасткі. Толькі гэта можа прымусіць уладу памяняць правілы гульні перад парламенцкай кампаніяй. І мы на гэта нацэльваемся і на гэта будзем працаваць», — заявіў Лябедзька.

Але што значыць збор подпісаў пад праграмай «Мільён новых працоўных месцаў»? Куды яны потым пойдуць, як будуць скарыстаныя? І ці не паўтораць гэтыя подпісы лёс подпісаў пад «Народным рэферэндумам», калі сабраныя ў падтрымку гэтай ініцыятывы аўтографы грамадзянаў бясследна згінулі недзе ў мурах будынку парламента?

Не згінуць, кажа Лябедзька, таму што ніхто ў «чорную дзірку» парламента гэтыя подпісы не панясе. Яны будуць скарыстаныя прыкладна так, як зараз подпісы за «НР» скарыстала Таццяна Караткевіч. Менавіта «рэферэндумныя» подпісы склалі аснову яе ста тысячаў у прэзідэнцкай кампаніі, чаго яе каманда і не хавала.

«Фінінсава-эканамічныя праблемы будуць толькі нарастаць, і на праграму «Мільён новых працоўных месцаў» попыт будзе толькі ўзрастаць. Тыя МАЗаўцы, ці людзі з трактарнага заводу, якія праходзілі міма нашых пікетаў і не ставілі подпісы, будуць шукаць нас: «Дзе тыя людзі з іхняй праграмай «Мільён новых працоўных месцаў»? Сябры партыі ўжо пачалі апрацоўку сабраных намі зараз подпісаў у прывязцы да выбарчых акругаў на парламенцкую кампанію наступнага года», — сказаў Лябедзька.

То бок, шляхам подпісаў пад «пазітыўнай альтэрнатывай» АГП хоча і стварыць базу дэмакратычна настроеных грамадзянаў па парламенцкіх акругах, вызначыць сваіх сімпатызантаў, прыцягнуць іх да грамадскай дзейнасці і (чым чорт не жартуе) нават ўзмацніць свае шэрагі. Прынамсі, па словах Лябедзькі, збор подпісаў у гэтую прэзідэнцкую кампанію быў настолькі ўдалы, што ў некаторых рэгіёнах АГП нават можа ўзнавіць працу сваіх суполак, — адпаведныя актыўныя людзі знайшліся.

lieb_parl_24082015_logo.jpg

АГП ужо зараз пачынае рыхтавацца да парламенцкіх выбараў

Карацей, ад гэтага часу АГП займаецца не толькі прапановай «актыўнага байкоту» прэзідэнцкіх выбараў, але, можна сказаць, што і пачынае парламенцкую кампанію. І, можа быць, яна пачнецца нават раней, чым скончыцца «час цішыні», — то бок час, адведзены на праверку подпісаў і рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты. Па словах Лябедзькі, ён працягне вандраваць па рэгіёнах сінявокай, бо ёсць рэгіёны, да якіх ён у час збору подпісаў з-за недахопу часу не даехаў, але вельмі хацеў бы туды патрапіць.