Лукашэнка і Бердымухамедаў дасябраваліся да суда

Канфлікт учыніўся праз грошы — у прыватнасці, праз Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат, які беларускі бок будаваў у туркменскай пустэльні.

18efe3a5_9312_457f_ba00_3cd5d83355ad_w1023_r1_s.jpg


Урачыста адкрывалі яго ў 2017 годзе аўтарытарныя кіраўнікі дзвюх краінаў Аляксандр Лукашэнка ды Гурбангулы Бердымухамедаў. Але як належыць канкурэнт нашага «Беларуськалія» так і не запрацаваў. У выніку Ашгабат звярнуўся са сваімі прэтэнзіямі ў міжнародны суд.

Радовішча калійных соляў было разведанае каля туркменскага мястэчка Гарлык ля афганскай мяжы яшчэ за савецкім часам у 1960-я. Але тады не было тэхналогіяў для ажыццяўлення праекта па іх здабычы. Зважаючы на рост коштаў на калійныя ўгнаенні, туркменскія ўлады пастанавілі ўвайсці на гэты рынак. З прапановай пабудаваць горна-абагачальны камбінат Туркменістан звярнуўся да нашай краіны, якая ёсць адным з сусветных лідараў у гэтай галіне. Па сутнасці, да канкурэнта ў вытворчасці і экспарце калію.

Дабрацца да гэтых карысных выкапняў тут няпроста праз мясцовыя геалагічныя і прыродныя ўмовы. Туркмены было паспрабавалі бурыць свідравіны самі, але ў выніку звярнуліся да беларусаў. Дзяржаўны канцэрн «Туркменхімія» і «Белгархімпрам» падпісалі ў 2010 годзе дамову на будаўніцтва камбінату «пад ключ». Кошт кантракту склаў 1 мільярд долараў, а запланаваная магутнасць — 1,4 мільёна тонаў калійнай прадукцыі на год.

Здача камбіната з больш як сотняй аб'ектаў — ад уласна шахтаў болей як 300 метраў глыбінёй і перапрацоўчай фабрыкі да адміністрацыйных будынкаў — была запланавана на 2015 год.

Але справа замарудзілася, Ашгабат і Мінск абвінавацілі адзін аднаго ў невыкананні дамоўных абавязальніцтваў. У выніку запуск Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната перасунулі на 2017 год. Калі ён настаў, выявілася, што па-ранейшаму пачаць працаваць на добры лад камбінат не можа. Але бакі вырашылі зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні, і адкрылі яго пры ўдзеле кіраўнікоў дзвюх краінаў. А праблемы з недаробкамі дамовіліся вырашаць пазней.

Час цягнуўся. Беларусь адмовілася будаваць Туркменістану (хаця гэта меркавалася), другі падобны камбінат. Бакі абменьваліся прэтэнзіямі наконт узвядзення Гарлыкскага, якія ў выніку пачалі агучваць ужо асабіста Лукашэнка і Бердымухамедаў.

У лістападзе 2018 года Аляксандра Лукашэнка заявіў: «Да гэтага часу не атрыманыя грошы за будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Я чакаю рашэння гэтага пытання». І дадаў, што, калі гаворка вядзецца пра валютную выручку, то «працаваць сабе ў страты, гадамі чакаючы разлікаў, недапушчальна».У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў у тым самым месяцы заявіў, што камбінат у Гарлыку так і не выведзены на праектную магутнасць і загадаў рыхтаваць прэтэнзійныя дакументы ў міжнародны арбітраж.

Што і было зроблена днямі. Як паведамляе туркменскае інтэрнэт-выданне «Гундагар», калі правалілі нават падоўжаны (аж на 2 гады і 2 месяцы) тэрмін здачы камбіната, «урад Рэспублікі Беларусь пісьмова звярнуўся ў Туркменістан з просьбай прыняць завод 31 сакавіка 2017 года, а ўсё недабудаванае і недапастаўленае яны нібыта ажыццявяць цягам бягучага года ў рамках дадатковага пагаднення, дзе беларускім бокам будуць ажыццёўленыя і скончаныя так званыя «рэшткавыя абавязацельствы». Гаворка вялася пра 3-4 месяцы паводле адмысловага графіку.

Але пасля падпісання акту прыёмкі ўводзінаў Гарлыкскага комплексу ў эксплуатацыю беларусы, маўляў, практычна нічога не зрабілі для сканчэння патрэбных працаў — пачынаючы ад вентыляцыі, а таксама не паставілі абсталяванне, якога не ставала.

Вынік: «Комплекс да гэтага часу не адпавядае ўмовам кантракту, заяўленая падрадчыкам магутнасць вытворчасці прадукцыі ў першы год 350 тысяч тон не дасягнутая нават на 5%, і туркменскі бок нясе значныя страты».

Таму канцэрн «Туркменхімія» выйшаў з адпаведным пазовам у Арбітражны інстытут пры Гандлёвай палаце Стакгольму і запатрабаваў кампенсацыі шкоды. Што праўда, лічбы не называюцца.

Каментароў з беларускага боку пакуль няма, але раней Мінск наракаў на нявыплату заробкаў беларускім рабочым, якія ўзводзілі Гарлыкскі камбінат, і наогул на затрымку фінансавання праекта. Таксама выказваліся прэтэнзіі, што Туркменістан абмежаваў колькасць беларусаў, занятых на будаўніцтве камбінату, у выніку нашым адмыслоўцам даводзілася выпраўляць шмат памылак туркменскіх калегаў.

З аднаго боку, «Белгархімпрам» працаваў сабе ў страты, а з другога, «Беларуськалій» мае пакуль што выйгрышны ў часе і адпаведна экспартных даходах бонус ад нявыхаду туркменскага канкурэнта на рынак калійных угнаенняў.