Нечарговая пятая: сесія мужнасці

Нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання адбылася 24—25 жніўня 1991 года, яна азначала абмеркаванне важнейшых пытанняў. Такіх сесій у Вярхоўнага Савета было шмат, але менавіта нечарговая пятая назаўсёды ўвайшла ў найноўшую гісторыю нашай краіны.

Мітынг на пл. Незалежнасці ў Мінску 25 жніўня 1991 года. Крыніца: vytoki.net.

Мітынг на пл. Незалежнасці ў Мінску 25 жніўня 1991 года. Крыніца: vytoki.net.

Некалькі гадоў таму сённяшні дэкан аднаго з факультэтаў БГУ, а па сумяшчальніцтве — трохі падзабыты лукашэнкаўскі ідэолаг Гігін у адным са сваіх артыкулаў сцвярджаў, што 3 ліпеня — адзіны «правільны» дзень незалежнасці Беларусі, і што яго перанос з 27 ліпеня — быццам бы акт гістарычнай справядлівасці. Гігін сцвярджаў, што наданне Дэкларацыі Вярхоўнага Савета аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі сілы канстытуцыйнага закону ўвогуле не вартае ўвагі і, маўляў, не трэба з гэтай нагоды глытаць архіўны пыл. Не, Вадзім Францавіч, трэба! І мы будзем гэта рабіць, распавядаць чытачам пра тыя славутыя дні жніўня 1991 года.

Павестка дня

Пасля паразы жнівеньска путчу не кожны, напэўна, разумеў, што да скону СССР засталіся лічаныя месяцы, аднак кожны адчуваў, што Савецкі Саюз больш ніколі не будзе такім, як раней. Партыйнай і дзяржаўнай намеклатуры БССР было над чым задумацца: у папярэднія месяцы лета яна імкнулася авалодаць сітуацыяй, зацвердзіць антыдэмакратычныя законы.


Чытайце таксама: «Перад путчам: турбулентнасць па-беларуску»


24 жніўня 1991 года ў Мінску пачала працу нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета. Адным з першых з палымянай прамовай выступіў дэпутат ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў, які павіншаваў жыхароў рэспублікі з правалам камуністычна-фашысцкага путчу.
Словы словамі, але трэба было працаваць. Першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч агучыў павестку дня. Яна складалася з чатырох пунктаў: 1) аб бягучым моманце (аб адказнасці службовых асобаў, арганізацый і дзяржаўных структур за падтрымку ГКЧП; 2) аб артыкуле 72 Канстытуцыі БССР, які прадугледжваў наданне законам БССР першачарговую моц; 3) аб дэпартызацыі і маёмасці КПСС-КПБ; 4) аб перападпарадкаванні МУС і КДБ пад юрысдыкцыю рэспублікі.
Апазіцыя БНФ абрынулася на Шушкевіча з рэзкай крытыкай, бо яе патрабаванні не былі ўключаны ў павестку. Голубеў спытаў, чаму ў павестцы адсутнічаюць пытанні аб забароне кампартыі, аб нацыяналізацыі яе маёмасці, а галоўнае — аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Дэпутат ад апазіцыі БНФ Яўген Новікаў заявіў, што Шушкевіч прадэманставаў вяршыню «политического лицемерия». Новікаў абвінаваціў Шушкевіча ў тым, што той «заложил возможность революционных и кровавых событий». 
Шушкевіч, у сваю чаргу, заявіў Голубеву, што наданне такога статусу Дэкларацыі будзе выглядаць «бязглуздзіцай», бо шэраг палажэнняў Дэкларацыі ўваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй БССР 1978 года. Шушкевіча падтрымаў старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў, які назваў прапанову БНФ аб наданні Дэкларацыі «сырой и невыверенной». Большасць дэпутацкага корпуса паступіла адпаведна. Пытанне аб канстытуцыйным статусе не было ўключана ў павестку дня.
Вядомы дэпутат Віктар Ганчар назваў працу сесіі «обстановкой идиотизма» і прапанаваў выршыць пытанне пра прыняцце Канстытуцыі: скараціць колькасць членаў Канстытуцыйнай камісіі да 10-15 чалавек (камісія налічвала больш за сто членаў), надаць ёй надзвычайныя правы і пачаць, нарэшце, займацца праектам новай Канстытуцыі.

Дапамагла палымяная прамова лідара БНФ Зянона Пазняка, які назваў Расію імперскай краінай, дзе кіруе бандыцкі крымінал. У выніку пытанне аб наданні Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закона было ўключана ў парадак дня.

2_112.jpg

Дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12 га склікання. Побач з Зянонам Пазняком — Яўген Новікаў. Крыніца: vytoki.net.

Адначасова дэпутаты выключылі з павесткі дня пытанне пра Саюзны дагавор. Пасля правала путчу яно губляла ўсялякі сэнс. Хаця, напрыклад, Аляксандр Лукашэнка заклікаў да іншага. Дэпутат лічыў, што Саюзны дагавор — важны: «Суверенитет — это кость, которую нам бросают, в результате мы можем быть отвергнуты Горбачёвым и Россией, окажемся на на задворках формирования новых органов управления Союза».

Чарга Дземянцея

Жнівеньскія падзеі не маглі не закрануць галоўную асобу краіны — старшыню Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. 

Чытайце таксама: «Чёток в мыслях, чёток в действиях…». Памяці Мікалая Дземянцея»


Апазіцыя БНФ і шмат іншых дэпутатаў справядліва вінавацілі Дземянцея ў падтрымцы ГКЧП. Супраць яго выступілі народныя дэпутаты Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Аляксандр Лукашэнка і іншыя. У выніку Дземянцей выказаў жаданне пайсці на пенсію. Яго выправілі ў адстаўку простым электронным галасаваннем.

Правучылі Малафеева

25 жніўня 1991 года на нечарговай пятай сесіі слова ўзяў галоўны партыйны бос Анатоль Малафееў. Аднак здарылася нечаканае. Дэпутаты ад апазіцыі БНФ не далі яму слова і літаральна штурханулі з трыбуны. Супраць Малафеева выступіла дэпутатка ад апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава. Гэтая прыгожая і мужная жанчына заткнула рот кіраўніку камуністычнй партыі.

Грозная камісія

Дэпутаты вырашылі пакараць тых, хто, на іх думку, быў лаяльным да ГКЧП. Парламентарыі стварылі камісію Вярхоўнага Савета па ацэнцы дзеянняў членаў ГКЧП і падтрымаўшых іх грамадска-палітычных аб’яднанняў, органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб і грамадзян. Камісію ўзначаліў дэпутат ад апазіцыі БНФ Ігар Пырх.

27 жніўня 1991 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвердзіў спецыяльную пастанову аб часовай камісіі, якая атрымлівала даволі шырокія паўнамоцтвы: мела права «привлекать» да сваёй працы «народных депутатов всех уровней, специалистов, должностных лиц и граждан» (за час існавання камісіі да яе працы былі дадаткова прыцягнуты 25 чалавек), а таксама «незамедлительного доступа к документам любой важности и секретности всех государственных и общественных органов, организаций и учреждений, расположенных на территории республики». Акрамя таго, службовыя асобы павінны былі ўсяляк дапамагаць камісіі, забяспечваць яе членаў транспартам.

Прыструнілі камуністаў

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет ухваліў пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі Беларусі. Апазіцыя БНФ настойвала на канчатковай забароне дзейнасці камуністаў, але Вярхоўны Савет, які быў сам напалову камуністычным, адмовіўся. У выніку была прынята кампрамісная прапанова Шушкевіча наконт часовай забароны.

Праўда, у самым пачатку лютага 1993 года кансерватыўная большасць парламента дамаглася таго, каб адмяніць гэтую пастанову. У выніку на Беларусь зной прыйшоў прывід камунізму.

Чытайце таксама: «Чырвоныя рэаніматары»

3_89.jpg

Член БНФ Віктар Івашкевіч на мітынгу супраць ГКЧП. Мінск, 25 жніўня 1991 года

Дапамагла Украіна

Галоўнай інтрыгай сесіі мужнасці стала пытанне аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Гэтае пытанне ставілася апазіцыяй БНФ яшчэ на чацвёртай сесіі Вярхоўнага Савета БССР у маі 1991 года. Цікава, што Шушкевіч тады ўстрымаўся, а Лукашэнка прагаласаваў «за». Апошні нават выступіў у парламенцкай «Народнай газеце» з артыкулам «Диктатура: белорусский вариант?», у якім заявіў, што «дальнейшее отрицание нашего суверенитета будет продлением наших мук».

Таму большасць дэпутатаў вагалася: адны былі пад уплывам апазіцыі БНФ, іншыя верылі Булахаву. Аднак у справы ўмяшалася Украіна. 24 жніўня 1991 года яна рашуча абвясціла аб сваёй незалежнасці, што аказала ўплыў на беларускі асцярожны дэпутацкі корпус.

Так, дэпутат Міхаіл Жабрак, які раней даволі скептычна ставіўся да ідэі незалежнасці, заявіў 25 жніўня 1991 года: «Я до вчерашнего дня стоял за обновлённый Союз, но события на Украине заставляют меня сделать заявление: надо принимать этот закон или объявлять себя западным краем в составе Российской Федерации. Другого выхода нет, иначе Беларусь не будет существовать, Белоруссии абсолютно не будет».

Аднак незалежная Беларусь нарадзілася.