Офіс ААН у Жэневе адказаў на абвінавачанні з Мінска ў фінансаванні пратэстаў

Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адказаў Свабодзе на запыт адносна абвінавачанняў афіцыйным Мінскам прадстаўніцтва ААН у Беларусі ў нямэтавым выкарыстанні сродкаў і фінансаванні пратэставай дзейнасці.

Штаб-кватэра ААН у Жэневе

Штаб-кватэра ААН у Жэневе


«Мы не прымаем характарыстыку дадзенай сітуацыі, асабліва версію падзей, якую адлюстроўваюць СМІ, падкантрольныя дзяржаве», — напісаў прэсавы прадстаўнік Офіса Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў Жэневе Руперт Колвіл.
На гэтым тыдні тэлеканал АНТ у сюжэце журналіста Ігара Тура заявіў, што нямэтавае выкарыстанне фінансаў, выдзеленых ААН на падтрымку людзей з інваліднасцю і ахвяр хатняга гвалту, дапусціў былы старшы дарадца па правах чалавека прадстаўніцтва ААН у Беларусі Омэр Фішэр.
Паводле версіі АНТ, Фішэр выдаткаваў праз бюджэт Офіса па правах людзей з інваліднасцю каля 5 тысяч долараў ААНаўскіх грошай на аплату адвакатаў 23-м удзельнікам пратэстаў. Фішэра нельга было затрымаць, дадаў тэлеканал, бо ў яго быў дыпламатычны імунітэт.
Раней паведамлялася, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей падчас сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам паскардзіўся на тое, «як некаторыя прадстаўнікі каманды ААН у Беларусі скарысталі фінансавыя сродкі ААН, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэставых акцый і да таго падобнае».
«З частковай інфармацыі, прадстаўленай ААН да гэтага часу, вынікае, што абвінавачанні датычаць выканання службовых функцый службовымі асобамі ААН дзеля рэалізацыі праграмы ААН, — напісаў у адказе на запыт Свабоды Руперт Колвіл. — Наконт гэтага паміж урадам і арганізацыяй па-ранейшаму існуе розніца ў поглядах».
«Мы працягваем верыць, што гэтае пытанне можна вырашыць непасрэдна паміж бакамі ў поўнай адпаведнасці з дзейнай міжнароднай прававой базай, — гаворыцца ў адказе офіса ААН у Жэневе. — Таму мы глыбока шкадуем аб тым, якім чынам на дзяржаўным тэлеканале былі высунутыя сур’ёзныя абвінавачанні на адрас супрацоўнікаў ААН, у тым ліку выкарыстанне запісаў размоваў з дзяржаўнымі асобамі ў афіцыйных памяшканнях, што відавочна парушае права на прыватнае жыццё і належную працэдуру».