Палітолаг: Лукашэнка і далей можа займаць гэтую пасаду, калі яму не перашкодзіць беларускі народ

Ці «абнуліцца» тэрмін прэзідэнцтва з прыняццем новай Канстытуцыі? Палітолаг Андрэй Елісееў не верыць у тое, што Лукашэнка гатовы да сур'ёзных перамен.

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў


— Усе гэтыя расповеды пра тое, што нейкія другасныя функцыі прэзідэнт перадасць ураду ці парламенту, пра нейкія мізэрныя фармальныя дэмакратычныя абнаўленні — гэта проста смог, туман, якім яны хочуць засціць вочы, правёўшы сапраўды важныя пераўтварэнні, — адзначыў палітолаг у эфіры «Свабода Premium».
Ён пералічыў асноўныя пераломныя моманты, аб якіх мы можам даведацца крыху пазней.
— Першае — гэта наданне УНС канстытуцыйнага статусу. Такім чынам Лукашэнка атрымае дадатковую пасаду якога-небудзь Старшыні Прэзідыума, Савета УНС — як бы гэта ні называлася, увогуле, статус такога «бацькі нацыі» ў Цэнтральна-Азіяцкім палітычным вымярэнні.


Па-другое, мяркую, што могуць змяніць узроставы цэнз для кандыдатаў у прэзідэнты. Таксама можа быць павялічаны тэрмін прэзідэнцтва з перспектывай дынастычнай спадчыны для малодшага сына.
І трэцяя небяспечная змена, якая можа адбыцца, — гэта наогул адмова ад прамых прэзідэнцкіх выбараў і абранне прэзідэнта або праз ВНС, або праз парламент, — кажа Андрэй Елісееў.
Пры гэтым палітолаг папярэджвае, што змяненне Канстытуцыі зусім не гарантуе сыход Лукашэнкі з пасады прэзідэнта.
— Калі яму не перашкодзіць беларускі народ, ён можа і далей займаць гэтую пасаду. Я не бачу прамой сувязі паміж рэформай Канстытуцыі і тым, што Лукашэнка абяцаў у наступным годзе сысці з пасады прэзідэнта. Абсалютна не. Ён проста створыць сабе дадатковы канстытуцыйны статус, зробіць некаторыя ключавыя перамены, напрыклад, у рамках таго ж ўзроставага цэнзу і застанецца на пасадзе прэзідэнта.
Пакінуць ён яе можа толькі ў выпадку, калі адбудзецца сапраўды небяспечны для яго сцэнар. Але і тады ён можа пакінуць умоўна, пакінуўшы сабе іншыя значныя пасады.
Наогул не выключаю, што з прыняццем новай Канстытуцыі прэзідэнцкі тэрмін можа «абнуліцца», як гэта было ў Расіі. Тады фактычна з наступнага года пачнецца адлік новага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі, які, да таго ж, яшчэ можа быць павялічаны да гадоў 6-7. І пасля гэтага перыяду ён сапраўды можа саступіць месца камусьці, застаўшыся ўзначальваць Прэзідыум УНС, Савет бяспекі ці нешта іншае, — выказаў меркаванне палітолаг.
Паводле gazetaby.media