Паротнікаў: Усё гэта — падрыхтоўка да нейкай важнай кампаніі, якая павінна стартаваць у бліжэйшыя тыдні

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў тлумачыць, чаму, на яго думку, Расія зацікаўленая ў сыходзе Лукашэнкі і чаму адбываецца «зачыстка» СМІ і НДА.


«Салідарнасць» пагутарыла з экспертам наконт сітуацыі ў краіне.

— Для чаго, на вашу думку, спатрэбіліся зачысткі СМІ?

— Гэта паўтарэнне леташніх падзей перад прэзідэнцкімі выбарамі. З той толькі розніцай, што тады пад ударам аказаліся ютуб-блогеры, якія вялі палітычныя каналы. Цяпер непажаданых рэжыму блогераў у краіне практычна не засталося — адпаведна, прыйшлі за медыя.

Усё гэта — падрыхтоўка да нейкай важнай палітычнай кампаніі, якая павінна стартаваць у бліжэйшыя тыдні, нават не месяцы.

— Гэта значыць, вы звязваеце гэта з кампаніяй па канстытуцыйных зменах?

— Як мінімум. Але я думаю, што справа можа не абмежавацца толькі новай Канстытуцыяй, а прывесці да старту новай электаральнай кампаніі.

Наколькі мы можам меркаваць, у верасні 2020-га расійская падтрымка (палітычная і фінансавая) была абумоўленая правядзеннем канстытуцыйнага рэферэндуму, у выніку якога ўлада павінна была перайсці да парламенцка-прэзідэнцкай або прэзідэнцка-парламенцкай сістэмы.

У той сітуацыі ў Лукашэнкі не было іншага выбару, акрамя як пагадзіцца. Цяпер сітуацыя памянялася, і ён хацеў бы такіх канстытуцыйных змен, якія прынцыпова нічога б не мянялі.

І тут паўстае пытанне: які праект Канстытуцыі будзе? Ці будуць там улічаныя расійскія пажаданні альбо не?

Я б не выключаў, што гэта сапраўды будзе Канстытуцыя з вельмі рэзкім узмацненнем ролі парламента і ўрада, але прадстаўленая такім чынам, каб справакаваць галасаванне супраць яе. Для таго, каб потым сказаць Крамлю: вы ж бачыце, мы зрабілі, што абяцалі, народ выступіў супраць, а мы не можам ісці супраць волі народа.

У любым выпадку, мы на парозе вельмі сур’ёзнай палітычнай кампаніі, падрыхтоўчым этапам да якой з’яўляецца гэтая зачыстка. Гэта вельмі выразны знак усім людзям і структурам, якія ў стане выступіць у якасці верагоднага цэнтра збору незадаволеных, каб яны сядзелі і не высоўваліся.

— А ці могуць сёння на сітуацыю ўнутры Беларусі ўплываць знешнія гульцы? Пакуль складваецца ўражанне, што ніякія меры і пагрозы тут не дзейнічаюць і Лукашэнка метадычна робіць тое, што лічыць патрэбным.

— Расія чакае выканання тых абавязанняў, якія Лукашэнка прыняў на сябе і за якія яму выплачана 1,5 млрд. долараў. Захад жа дзейнічае рэактыўна: ніякай стратэгіі ў іх у дачыненні да Беларусі няма.

Больш за тое, я лічу, што, з іх пункту гледжання, Лукашэнка, у прынцыпе, адпавядае інтарэсам Захаду. Іншая справа, што яго паводзіны ў апошнія месяцы выйшлі за тыя межы, калі яны маглі проста заплюшчваць вочы.

Калі раней Лукашэнка быў толькі непрыемнасцю, потым стаў раздражняльнікам, то цяпер ён — пагроза. А па меры разрастання памежнага крызісу, звязанага з нелегаламі і цыгарэтнай кантрабандай, на фоне якой гучаць пагрозы пра наркотыкі, ён для Захаду можа трансфармавацца ўжо ў ворага.

Але пакуль Захад не мае ніякага плану ў дачыненні да Беларусі, не збіраецца яго распрацоўваць і з вялікім шкадаваннем уводзіць тыя санкцыі, якія ўводзіць.

Так, Лукашэнка цалкам адпавядаў іх інтарэсам, але, на жаль, сітуацыя зайшла настолькі далёка, што яны проста не могуць далей толькі «выказваць заклапочанасць».

— Паводле вашай логікі атрымліваецца, што менавіта Расія будзе праціскаць сыход Лукашэнкі…

— Беларусь негалосна пакінутая ў сферы ўплыву Расіі. Ніхто за Беларусь змагацца, акрамя беларусаў, не будзе. Проста Захад вызначыў для Расіі чырвоныя лініі: фармальна ў Беларусі павінны захоўвацца прыкметы суверэнітэту: незалежная краіна, свая ўлада, свае сімвалы, а па вялікім рахунку, расійцы могуць тут рабіць усё.

Захад хоча ў выніку атрымаць сітуацыю ў Беларусі, на якую б яму не даводзілася рэагаваць. Калі рускія забяспечаць такі парадак, які не адцягваў бы Захад ад больш важных спраў, то чаму б не?

Але так не будзе бясконца. Той факт, што зноў актуалізавалася тэма візіту Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон — гэта якраз знак Крамлю: хлопцы, мы далі вам паляну, вось вы яе і абганяйце, а не тое мы паспрабуем гэта рабіць сваімі рукамі — так, як зможам.

— А Расія неяк зацікаўленая наводзіць тут парадак?

— Ну а чаму не? На сёння Лукашэнка — гэта адна з пагроз інтарэсам Расіі ў Беларусі.

Давайце паглядзім, напрыклад, на расійскія вайсковыя аб’екты ў Беларусі. 7 чэрвеня скончыўся тэрмін дзеяння пагаднення аб іх арэндзе. Калі б пагадненне было працягнутае, пра гэта б паведамілі. Але абодва бакі маўчаць. Гэта азначае, што дамова не працягнутая і аб’екты функцыянуюць на птушыных правах.

Лукашэнка затрымлівае пранікненне расійскага бізнесу ў Беларусь, у тым ліку і для ўдзелу ў прыватызацыйных здзелках. Зноў жа, гэта пытанні рознага роду ценявых фінансавых інтарэсаў.

Гэта значыць, на сёння гэты чалавек — праблема для ўсіх. І для Захаду, і для Усходу. Проста праблема рознай ўласцівасці. Калі для Захаду гэта палітычны раздражняльнік, то для Крамля — і палітычны, і эканамічны, і вайсковы раздражняльнік, чалавек, які стрымлівае тут усталяванне поўнага расійскага дамінавання. А стрымлівае таму, што вельмі выразна разумее: яно будзе азначаць для яго канец адразу.

— Як бы там ні было, пакуль дзеянні Крамля мала гавораць пра жаданне прыбраць Луккашэнку.

— Калі вы звярнулі ўвагу на сустрэчу Сяргея Лаўрова і Уладзіміра Макея, то расійскі міністр замежных спраў сказаў свайму беларускаму калегу тры рэчы: пераадоленне палітычнага крызісу магчымае праз прыняцце новай Канстытуцыі, тэрміны правядзення рэформы вызначаныя, апазіцыя ўдзельнічае ў выпрацоўцы новай Канстытуцыі. І ў канцы чэрвеня прэм’ер Галоўчанка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, сказаў такую фразу: «Краіна знаходзіцца напярэдадні канстытуцыйнага рэферэндуму».

З рускімі узгоднены канкрэтны палітычны каляндар мерапрыемстваў, і яны цяпер хочуць, каб гэты каляндар выконваўся.

Яны не робяць гучных заяў, не ўводзяць ніякіх санкцый, але па выніках першага паўгоддзя аб’ём паставак нафты ў Беларусь у параўнанні нават з мінулым, не самым лепшым годам, зменшыўся ў паўтара раза. А пачынаючы з чацвёртага квартала, на 80% падае загрузка транзітных газаправодаў — пры тым, што кожны квартал Беларусь атрымлівала ад іх больш за 70 млн. долараў — не такія маленькія грошы. Плюс непастаўка, прынамсі, трубаправодным транспартам, нафты ў Наваполацк.

Таксама ўсё гаворыць пра тое, што экспарт нафтапрадуктаў за гэты год абваліцца мінімум удвая ў параўнанні з мінулым (а гэта 20-25% беларускага экспарту).

Так, расіяне не робяць гучных заяў, не ўводзяць санкцыі. Яны проста падцягваюць пятлю: моўчкі, спакойна, вельмі ашчадна.

— А як жа пасыл, што больш прарасійскага прэзідэнта ім не знайсці? І ў цэлым выглядае сумнеўным, што Крэмль захоча выконваць пажаданні еўрапейскіх палітыкаў, нават калі ў нейкіх пытаннях Лукашэнка не заўсёды адпавядае іх уяўленням аб прыўкрасным...

— Я не згодны з нагоды «самага прарасійскага прэзідэнта». Лукашэнка не пайшоў насустрач Маскве ні па адным прынцыповым пытанні.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: