Пераразмяркоўвай і кіруй

У эканоміках, заснаваных на перапрацоўцы сыравіны, дэмакратыя не працуе, таму што дзяржава залежыць не ад падаткаў, а ад пошлін. І які ж вынік?

kalgas_1a__1__logo.gif


У сувязі з прафесійным святам работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці «самая салідная газета краіны» апублікавала віншаванне адзінага палітыка (АП). Прывяду апошні абзац: «Дзякуй вам за самаадданае служэнне сваёй справе. Жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці духу, увасаблення ў жыццё намечаных планаў на карысць роднай Беларусі».

Якое галоўнае адрозненне амерыканскага фермера ад беларускага селяніна? Першы працуе. Другі служыць. Звернемся да заснавальніка эканамічнай навукі Адама Сміта: «Не ад спрыяльнага стаўлення мясніка, півавара або булачніка чакаем мы атрымаць свой абед, а ад дбання імі пра ўласныя інтарэсы».

Пад займеннікам «мы» ў дадзеным выпадку варта разумець жыхароў краін з рынкавай эканомікай. Няшчасныя яны людзі. Іншая справа — «Мы» з вялікай літары, чые індывідуальныя абеды, а заадно і харчовую бяспеку краіны, забяспечваюць не своекарыслівыя прыватнікі, а работнікі, якія ўвасабляюць у жыццё планы «на карысць роднай Беларусі».


Redistributio — пераразмеркаванне

Веданне азбукавых паліталагічных ісцін дазваляе мне вылучыць дзве эканамічныя мадэлі. Першая — гэта рынак і рынкавая эканоміка, базавыя элементы якой: прыватная ўласнасць, купля-продаж, прыбытак і прыватная праца на ўласніка. Другая сістэма — гэта раздатачная эканоміка. У ёй базавыя адносіны — гэта здача-раздача, уласнасць прадстаўлена як грамадска-службовая, скаргі з’яўляюцца сігналамі зваротнай сувязі, а прыватнай працы супрацьпастаўленая службовая праца, гэта значыць праца на дзяржаву ці на грамадства.

Гэта ідэальныя мадэлі. Але нават у Амерыцы, цытадэлі сучаснай рынкавай эканомікі, сёння існуе каласальны аб’ём нярынкавых адносін у выглядзе датацый, трансфертаў, субсідый, субвенцый ды іншага.

Сацыёлаг Вольга Бяссонава называе такі тып адносін «раздатачным», а класік антрапалогіі Карл Паланьі — рэдыстрыбутыўнымі (рэдыстрыбуцыя — ад лацінскага «redistributio» — пераразмеркаванне). Вікіпедыя падказвае, што пад рэдыстрыбуцыяй варта разумець неэквівалентны, вертыкальны абмен у выглядзе валявой канфіскацыі цэнтральнай уладай прыбавачнага прадукту з мэтай яго наступнага натуральнага пераразмеркавання.

За прыкладам далёка хадзіць не трэба. 17 красавіка, падчас прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ, адзіны палітык патлумачыў нізкую канкурэнтаздольнасць беларускіх грузавікоў тым, што КамАЗ спажывае газ па $ 65, а МАЗ — па $ 278.

Амаль чатырохкратная розніца! Але, прабачце, а па якой цане Расія пастаўляе газ у Беларусь? Адказ на гэтае пытанне лёгка адшукаць у інтэрнэце — па $ 137. Хто ж яе з падвойным наварам пастаўляе флагману беларускага аўтамабілебудавання? Мяркую, што акрамя роднай дзяржавы іншага кандыдата на падваенне цаны мы не знойдзем.

Схільнасць дзяржаў пераразмяркоўваць лёгка вызначыць па долі бюджэту ў ВУП. У «азіяцкіх тыграў», чые эканомікі растуць тэмпамі вышэй за сусветныя, яна ніжэй за 25%. У Беларусі ў 2000 годзе гэты паказчык склаў 34,8%, а ў 2014 годзе — 28,1%. Аднак жадаючым папляскаць у ладкі я б рэкамендаваў стрымаць эмоцыі. У апошні год другога тысячагоддзя кансалідаваны бюджэт уключаў унёскі на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. З 2010 года яны перайменаваны ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і не ўключаюцца ў бюджэт. А гэта сёння каля 12 дадатковых працэнтаў ВУП.


Калькулятар і статыстыка

Мабыць, не абыходзіцца ні аднаго выступу АП на эканамічную тэму, у якім бы ён ні закрануў «няроўныя ўмовы». Гэта яны прымушаюць беларусаў «уціскаць па ўсіх напрамках, у тым ліку і па заработнай плаце». Цікава, а па якой цане атрымліваюць газ аўтамабілебудаўнікі Германіі? Нешта я ад спадарыні Ангелы Меркель падобных скаргаў ніколі не чуў. Чаму б айчыннаму вытворцу ні рвануць на нямецкі рынак і ні прымусіць тамтэйшых бюргераў сціснуцца «па ўсіх напрамках»?

Яшчэ адна тэма, да якой увесь час звяртаецца АП, — гэта магчымасць самім здабываць расійскую нафту. Пад права на здабычу падводзіцца гістарычны падмурак: «Я нагадваю расійскім кіраўнікам — у свой час на радовішчах, дзе працавалі беларусы, украінцы, рускія, мы не дзялілі нічога. <...> Я часта кажу: мы ж разам стваралі гэта, і беларуская вытворчая школа была вельмі магутнай».

У СССР разам стваралі не толькі «гэта», але і ўсе беларускія прамысловыя флагманы. Пасля Беларусь засталася з неканкурэнтнымі флагманамі, а Расія — з сыравінай, цэны на якую ўпэўнена раслі ў «нулявыя» гады.

У Расіі толькі 1% насельніцтва заняты ў паліўна-энергетычным комплексе (здабыча і транспарціроўка). І гэты 1% забяспечвае 2/3 даходнай часткі бюджэту. Такая структура занятасці спараджае залежнасць дзяржавы ад прыродных рэсурсаў, а не ад падаткаплацельшчыкаў (насельніцтва). У выніку мадэль класічнай палітычнай эканомікі з яе працоўнай тэорыяй цаны «адмаўляецца» працаваць.

Дзяржава, што здабывае асноўныя даходы з гандлю рэсурсамі, не зацікаўлена ў незалежным судзе і ў развіцці ўнутранай канкурэнцыі. Для росту эканомікі яна не мае патрэбы і ў кваліфікаваных спецыялістах. Замест іх фармуецца бюракратычная сістэма, што пераразмяркоўвае матэрыяльныя даброты.

Але паколькі любы ўнікальны рэсурс спараджае жаданне яго набыць, дзяржава, якая гандлюе прыроднымі рэсурсамі, пастаянна асцерагаецца ворагаў. Без сур’ёзных выдаткаў, звязаных з абаронай транспартных шляхоў і фінансавых патокаў, ёй не абысціся.

Але мы ж — былы зборачны цэх СССР, а не яго прыродная камора. Якое дачыненне ўсё сказанае вышэй мае да Беларусі? Адказ на гэта пытанне можна знайсці з дапамогай калькулятара і афіцыйнай статыстыкі.

У 2015 годзе беларускі экспарт склаў $ 32,9 мільярда, амаль траціна з якіх (31,3%) прыпадала на нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. І гэта ва ўмовах амаль двухразовага падзення сусветных цэнаў на сыравінныя тавары! «Падводная лодка ў стэпах Украіны» — быў такі анекдот у мае школьныя гады. Яе сучасны аналаг: «Беларусь — Petro State». А чаму б і не? Здабыўшы ў мінулым годзе 1,6 мільёна тон нафты, рэспубліка-партызанка вырабіла 22 мільёны тон нафтапрадуктаў.


Да Эміратаў як да Сонца

Такая фантастычная эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі ажыццяўляецца з мінімальным удзелам насельніцтва. Сацыяльным наступствам гэтага з’яўляецца фарміраванне двух класаў, або саслоўяў, — бюракратыі, якая здабывае, абараняе і гандлюе каштоўным рэсурсам, і ўсіх іншых, чыё існаванне залежыць ад пераразмеркавання рэнты з гэтага гандлю.

Палітычнае наступства гэтага — адмова ад прадстаўнічай дэмакратыі. Апошняя фармуецца толькі ў краінах, у якіх цана ствараецца працай. Як тут ні прыгадаць лозунг амерыканскай рэвалюцыі: «Няма падаткаў без прадстаўніцтва» (No taxation without representation). Але ў сыравінных (паразітычных) эканоміках галоўны прынцып дэмакратыі не працуе, таму што дзяржава залежыць не ад падаткаў, а ад пошлін.

АП неаднаразова заяўляў пра магчымасць пракарміць на тэрыторыі Беларусі 30 мільёнаў чалавек. Такі аптымізм не варта ўспрымаць сур’ёзна. І цяперашнія 9,5 мільёна для айчыннага Petro State з’яўляюцца залішнімі.

У 2013 годзе падчас чарговых зносін з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных СМІ АП паскардзіўся на неабходнасць пералічваць у бюджэт Расіі мытныя пошліны за нафтапрадукты, што пастаўляюцца на Захад: «4 мільярды долараў — у бюджэт! А калі б яны засталіся ў краіне — я б пабудаваў тут ужо Эміраты!»

Зноў узброімся статыстыкай і калькулятарам. Паводле дадзеных ААН, у 2013 годзе з $43 тыс. на душу насельніцтва Эміраты знаходзіліся на 22-м месцы ў сусветным рэйтынгу. Беларусь з $ 7,8 тыс. — на 81-м. Падзяліўшы $ 4 мільярды на 9,5 мільёна чалавек, мы атрымаем прыбаўку ў $ 421 на сярэднестатыстычную беларускую душу, што дазволіла б замацавацца на 77 месцы — паміж Румыніяй і Туркменістанам. Але да Эміратаў, як і раней, будзе як да Сонца.

Паводле яшчэ адной азбукавай паліталагічнай ісціны, эліты падзяляюцца на канструктыўныя і дэструктыўныя. Першыя кіруюць пры дапамозе правілаў, другія — загадаў. Калі зайсці на сайт АП і прагледзець прэс-рэлізы, прысвечаныя пытанням унутранай палітыкі, дык у большасці з іх мы выявім словазлучэнне «прэзідэнт запатрабаваў».

Дарэчы, АП неаднаразова патрабаваў «аптымізаваць дзяржапарат у самыя кароткія тэрміны». Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з Паслання–2013: «Мною 12 красавіка быў падпісаны ўказ, які прадугледжвае скарачэнне колькасці дзяржслужачых на 25%, ці 13 тысяч 617 адзінак».

І які ж вынік? Аналіз афіцыйнай статыстыкі, праведзены журналістамі «Нашай Нівы», выявіў, што за два гады (па стане на 2015/06/01 г.) армія чыноўнікаў скарацілася на 863 чалавека.

Чакаць іншага было звышнаіўна. Пакуль прырода беларускай дзяржавы застаецца рэдыстрыбутыўнай, спецыялісты ў галіне пераразмеркавання матэрыяльных выгод будуць размнажацца пачкаваннем, нягледзячы на «жорсткія» патрабаванні АП.