«ЗША будуць з беларусамі». Святлана Ціханоўская сустрэлася з Джо Байдэнам

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правёў сустрэчу з былой кандыдаткай у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай. Пра гэта сама Ціханоўская распавяла «Настоящему времени» пасля сустрэчы.


Пра сустрэчу Ціханоўскай і Байдэна паведаміў карэспандэнт «Голаса Амерыкі» ў Белым Доме, піша «Радыё Свабода».

Выйшаўшы з Белага Дома, Ціханоўская сказала карэспандэнту «Голаса Амерыкі»:

«Так, я сустрэлася з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі. Вы ведаеце, наколькі шчыльны расклад у прэзідэнта Байдэна. Часу мы правялі няшмат — каля 15 хвілін, але гэта была вельмі цёплая сустрэча. Я ўбачыла чалавека, якому неабыякава, што адбываецца ў Беларусі.

Я данесла да спадара прэзідэнта нашы мэседжы пра тое, што ў Беларусі барацьба не геапалітычная. Гэта наша барацьба супраць гвалту, супраць беззаконня. Пра тое, што ў нас адны каштоўнасці і што я ад’язджаю з Белага Дома ўпэўненая ў тым, што ў ЗША будуць з беларусамі і цяпер, і пазней, пасля новых выбараў. Упэўненая, што ўсё тое, што мы прагаворвалі з дарадцамі спадара Байдэна, з яго прадстаўнікамі, будзе выканана».

Ціханоўская наведвае ЗША па афіцыйным запрашэнні Дзярждэпартамента. Лідарка беларускай апазіцыі ўжо правяла перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсменамі і сенатарамі. 19 ліпеня яна сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, яго намесніцай Вікторыяй Нуланд і дарадцам Дзярждэпартамента ЗША Дэрэкам Шоле.

Удзельнікі сустрэчы ў Дзярждэпартаменце абмеркавалі захоп самалёта «Ryanair», напад на грамадзянскую супольнасць і медыя, а таксама арганізаваную рэжымам нелегальную міграцыю ў Літву, гаворыцца ў паведамленні. На сустрэчы Ціханоўская заклікала ЗША прыняць пакет экстранай дапамогі для беларускіх незалежных СМІ і журналісцкіх расследаванняў, а таксама ўзмацніць разам з партнёрамі палітычны і эканамічны ціск на рэжым, у тым ліку спыніць кантракты з рэжымам і ўвесці санкцыі, а таксама сінхранізаваць дзеянні з ЕС, Вялікабрытаніяй і Канадай.

Святлана Ціханоўская выступае за тое, каб ЗША адыгралі ролю пасярэдніка ў магчымых перамовах паміж уладамі ў Мінску і апазіцыяй. Таксама яна заклікае Вашынгтон падтрымаць грамадзянскую супольнасць у Беларусі, якая падвяргаецца рэпрэсіям з боку рэжыму Лукашэнкі. У інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» Ціханоўская, у прыватнасці, адзначыла: «Я хачу, каб усе краіны свету звярнулі ўвагу на Беларусь, хоць я разумею, што ў свеце шмат розных праблем. Але мы змагаемся за каштоўнасці, якія з'яўляюцца агульнымі для ўсяго свету. І я хачу, каб ЗША былі лідарамі ў гэтай барацьбе». Яна заклікала Захад узмацніць ціск на афіцыйны Мінск, каб дамагчыся ад яго вызвалення палітвязняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: