«Расейскія войскі – не таксі, якое Лукашэнка можа выклікаць па сваёй волі»

Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст на Радыё Свабода пераклаў на звычайную мову дыялог Лукашэнкі і Пяскова.

2fcd479e_61a9_420d_a953_6459c00d021f_w1023_r1_s.webp

Учорашні завочны дыялог паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэсавым сакратаром Уладзімера Пуціна Дзмітрыям Пясковым – узор перакручанай постсавецкай палітычнай мовы, калі ўсе маюць на ўвазе ня тое, што гавораць, і пры гэтым адзін аднаго выдатна разумеюць
Што дакладна сказаў Лукашэнка?
Калі трэба будзе для бяспекі Саюзнай дзяржавы размясціць тут усе ўзброеныя сілы з усімі відамі ўзбраенняў – яны будуць тут размешчаныя неадкладна.
Зараз у гэтым няма ніякай неабходнасці, бо Беларусь мае досыць моцныя, згуртаваныя, кампактныя Ўзброеныя Сілы.
Калі будзе мала, сюды будуць уведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі. Такога ніколі ня будзе. Але калі трэба, мы разважаць ня будзем.
Тое, што расейскія войскі ў выпадку нападу на Беларусь могуць прыйсці ёй на дапамогу – гэта вынікае проста з таго, што Беларусь і Расея – вайсковыя саюзнікі, чальцы АДКБ, такая магчымасць наўпрост запісаная ў артыкуле 4 дамовы.
Калі Лукашэнка проста канстатаваў гэты факт, дадаўшы да таго ж, што зараз патрэбы ў расейскіх войсках у Беларусі няма, то чаму ж прэсавы сакратар Пуціна адрэагаваў на гэтыя заявы Лукашэнкі імгненна, нават не дачакаўшыся заканчэнне нарады саюзніка са сваёй «вертыкаллю»?
А таму што ў перакладзе на звычайную мову гэтыя супярэчлівыя заявы Лукашэнкі гучалі насамрэч даволі ясна.
Гэта пасланне Захаду – калі вы будзеце на мяне ціснуць (і размова ня толькі пра прамы вайсковы напад), то я магу падняць стаўкі і ўцягнуць у канфлікт нават расейскую вайсковую сілу. Я на гэта здольны, расейцы будуць вымушаныя пайсці мне насустрач і вы ня вытрымаеце гульню па такіх стаўках – ня вытрымаеце нават такую пагрозу, ня тое што яе рэалізацыю.
І вось на гэта Пяскоў і рэагаваў, сказаўшы: «Беларусь не звярталася да Расейскай Федэрацыі з нагоды магчымасці размяшчэння расейскіх узброеных сілаў».
Ізноў жа – на першы погляд, прычым тут гэта і які гэта адказ на словы, сказаныя Лукашэнкам? Дык і Лукашэнка ж сказаў тое самае: «зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці», «такога ніколі ня будзе».
Але калі ў сваю чаргу перакласьці на звычайную мову адказ Пяскова на сапраўднае пасланьне Лукашэнкі, то ён гучыць так: «Расейскія войскі – не таксі, якое Лукашэнка можа выклікаць па сваёй волі. І разважаць наконт выкарыстаньня нашых узброеных сілаў за межамі краіны будзем мы, Расея, і рашаць будзем мы, Крэмль, а не Лукашэнка. Не хвалюйцеся, мы яго кантралюем».
Але сказана, зразумела, было іншае. Аднак усе адзін аднаго зразумелі. І на Захадзе таксама зразумелі.
gazetaby.media