Сацыёлаг: Улада адчувае, што мірныя пратэсты наносяць ёй маральную шкоду

Мірныя пратэсты дэманструюць маральную перавагу над гвалтам і для нас, і для ўлады, і для сусветнай супольнасці.

be55ccf6ef5a9aaa045ea0a17c7b23fe.jpg

Сёння і ў сеціве, і на кухнях шмат разваг наконт таго, што пратэсты «выдыхаюцца», што трэба нешта мяняць і «не разбягацца», што мірны супраціў нелегітымнай уладзе не мае шанцаў, піша на сайце «Наше мнение» сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Ну вось, напрыклад, досыць тыповае разважанне расійскага доктара палітычных навук В. Пастухова, надрукаванае ў «Новай газеце».
«Беларуская рэвалюцыя паказала, што ў неататалітарных грамадствах, якія ўзніклі на прасторах савецкай імперыі, «гандызм» не пройдзе.
Калі рэжым гатовы адстрэльвацца, парадыгма мірнага пратэсту не працуе. Ні мільён, ні нават сто тысяч ніколі не выйдуць на вуліцу, калі армія і паліцыя гатовыя страляць у натоўп. А на меншых лічбах «аксамітныя рэвалюцыі» не здараюцца.
Стратэгія мірнага пратэсту была сур'ёзна дыскрэдытаваная ў Менску, і гэта, мабыць, галоўны на сёння вынік падзей, сведкамі якіх стаў свет. У еўрапейскую гісторыю вяртаецца жудаснае і кашмарнае XIX стагоддзе з яго культам рэвалюцыйнага гвалту.»
Увогуле, я лічу, што звонку марна аналізаваць тыя працэсы, што ідуць у нашай краіне. Тым больш, расійскім экспертам. Таму што абсалютная большасць з іх рэальна не разумеюць, што беларусы – не рускія (я маю дастатковы вопыт абмеркаванняў з імі розных пытанняў). Не, яны ведаюць, што пасля скону Саюза і ў нас, і ў іх былі «крышачку» розныя сістэмы: і палітычныя, і эканамічныя, і ідэалагічныя, і шмат іншых. Але яны ўсё роўна не ўсведамляюць розніцы. Ну, на самай справе, як і немалая частка нашых палітычных дзеячаў не даюць сабе працы падумаць або аб змене пакаленняў беларусаў, або аб розніцы эканамічных укладаў і звязаных з гэтым сацыяльна-культурных трансфармацый, або аб палітычнай ці хоць заўгодна нейкай суб'ектнасці беларускага народа.
Таму і імкнуцца з усіх бакоў накласці на нас хоць якія цэтлікі, што дапамаглі б справіцца з разуменнем сутнасці Актуальнай беларускай дынамікі. Тут табе і «каляровыя рэвалюцыі», і «майдан», і той жа «гандызм».
Такіх спробаў шмат, але я б прыпыніўся менавіта на «гандызме». Ці, хутчэй, на негвалтоўным характары беларускіх працэсаў.
На мой погляд, менавіта негвалтоўнасць з'яўляецца сутнасцю рэвалюцыі і павінна ёй заставацца.
Таму што на індывідуальным узроўні гвалт дапушчальны толькі для невялікай колькасці людзей. Ён за межамі нашай каштоўнаснай іерархіі. Выкарыстанне гвалту, стаўка на яго — гэта такі своеасаблівы выхад са статусу «чалавека», накладанне на самога сябе «знака звера». Можа яно каму і падыходзіць псіхалагічна, але большасці — не. Бо беларус павінен называцца «чалавекам». Гэта падмурак і агульнай хрысціянскай культуры (хоць я далёка не ўпэўнены, што беларуская культура хрысціянская ў сваёй аснове), і глыбінная Мара беларускага культурнага кода, якая сёлета так значна выбухнула ў тым ліку як кантрапункт на амаральную і зневажальную рыторыку ўлады.
Падкрэслю — беларусы вераць, што маюць права на мірныя меры пратэсту. І яны іх рэальна робяць мірна. Бо — маюць права.
На самой справе гэтае «прававое» пытанне прынцыповае. Яно мае вагу і на штодзённым узроўні, і на ўзроўні масавай свядомасці, і ў плане сацыялагічных або сацыяльна-філасофскіх разваг.
Справа ў тым, што сёння ўсе бачаць і ўсведамляюць факт прававога дэфолту краіны. Няма краіны – дзяржавы. Гэта важна. Літаральна кожны чалавек на прыкладзе свайго бліжэйшага атачэння бачыў, што ўлада не змагла выконваць свае абавязкі падчас каронакрызіса, не змагла справіцца з праблемамі з вадой, не выконвала сваіх жа законаў у ходзе электаральнай кампаніі і пасля яе.
Калі ў народзе гучыць слова «бязмежжа», то гэта фіксуе адсутнасць агульных нормаў быцця; правілаў, па якім можна жыць; лімітаў, якія нельга пераступаць. У такіх абставінах жыць нельга. Але мы жыць павінны. І што рабіць, калі ўлада не спраўляецца? Усё проста — мы можам і павінны самі ўсталяваць гэтыя рамкі, нормы, правілы, ліміты.
Гэта велізарная моц, якую мы ўсе ўсведамляем. Больш за тое, гэта бачыць і іншы бок — ён адчувае, што мірныя пратэсты наносяць ім маральную паразу. Мірныя пратэсты дэманструюць маральную перавагу над гвалтам і для нас, і для іх, і для сусветнай супольнасці.
На рахунак сусветнай супольнасці я кажу не проста так. Гэта таксама значны фактар. Не першасны, але важны. Мы не проста ярка дэманструем сваю моц, шчырасць і годнасць, мы натуральным чынам — як роўныя з роўнымі — уключаемся ў канструяванне свету заходняй цывілізацыі. Бо пасля падзей 2020 года ўжо не трэба нікому даказваць, што Беларусь — гэта дзесьці паміж Польшчай і Расейскай Федэрацыяй. Бо пасля падзей 2020 года «беларускі кейс» будзе ўваходзіць у падручнікі па гісторыі і паліталогіі, сацыялогіі і эстэтыцы, этыцы і камунікатывістыцы. Бо тое, што адбываецца ў нас амаль аўтаматычна экстрапалюецца і тэрытарыяльна, і тэмпаральна.
Між тым, нават увага планетарнага свету не з'яўляецца першасным. Галоўнае, што адбываецца ў гэтым годзе, гэта не рэвалюцыя, як кажуць ўлада і замежныя эксперты. Галоўнае, што мы самі робім свой беларускі сусвет, сувымерны і негвалтоўны.
Так, гэта зусім не хуткі працэс, які патрабуе часам звышнатуральных намаганняў — і фізічных, і эмацыйных, і матэрыяльных, і ўсіх іншых. Гэта выпрабаванні, якія ніхто, акрамя нас саміх не зможа не ўсвядоміць, не прайсці.
Гэта ўсё мы павінны зрабіць самі. Крок за крокам. Каб самі змаглі ацаніць і ўшанаваць гэты шлях і сябе на гэтым шляху.
Паводле belaruspartisan.by