«СБ» рыхтуе глебу для вызвалення Гайдукова?

У «СБ» за подпісам Ігара Доліна з'явілася яшчэ адна порцыя выкрывальных матэрыялаў па справе Андрэя Гайдукова. Але аўтар артыкула фактычна звярнуўся да Вярхоўнага Суда з просьбай вызваліць хлопца. 



haidukou.jpg

Калі параўноўваць з іншымі публікацыямі на тэму «пятай калоны», а таксама з першай часткай артыкула, гэты працяг можна назваць узважаным. Што міжволі выклікае большы давер да публікацыі.

Адказваючы праваабаронцам Воўчаку, Танкачовай і Гулаку,  аўтар амаль устрымаўся ад звычайных хамскіх эпітэтаў, а сярод каментароў у інтэрэнце знайшоў нават «цалкам слушныя пытанні». Напрыклад, якім чынам трапіў гэты ліст у рукі КДБ? Долін тлумачыць, што яно было канфіскавана пры мытным даглядзе ў сябра Гайдукова, які ляцеў у Германію. Першапачатковая версія гучала іначай — Аляксандр Сідаровіч, першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці, сцвярджаў, што сябра ведаў пра змест канверта і не адправіў ліст (аднёс яго ў КДБ?).

У артыкуле цытуецца частка ліста Гайдукова «у ЦРУ», дзе ён просіць грошай на нейкую імітацыю палітычнай дзейнасці (прынамсі, пра сутнасць гэтай дзейнасці нічога не зразумець), але Ігар Долін сам падкрэслівае, што тут «крымінальшчыны» няма. І дадае — просьбай даць грошай Гайдукоў не абмежаваўся, а ў выглядзе аплаты за будучы ганарар прадставіў ЦРУ звесткі пра кампутарнаю базу «Нафтана» і спосабы несанкцыянавага доступу да яе. 

Тут відавочная нестыкоўка. Калі Гайдукоў сапраўды прадастаўляў падобныя звесткі, у гэтым сапраўды ёсць прыкметы шпіянажу (ці замаху на шпіянаж). Аднак аўтар не цытуе ніводнага слоўца з гэтай часткі ліста. Хаця што яму перашкаджала прывесці хаця б нейкі доказ, што ад просьбы даць грошы хлопец раптам перайшоў да сліву пэўнай інфармацыі?

Заканчваецца ж артыкул зусім нечакана. Аўтар шкадуе хлопца і выказвае спадзеў, што «Вярхоўны Суд улічыць прыведзеныя ў маім артыкуле довады». Унікальная сітуацыя. Падобных прыкладаў я прыгадаць не магу. Падобна, нехта зверху палічыў памылкай справу Гайдукова і вырашыў яе выправіць. Для чаго і рыхтуе глебу артыкул Ігара Доліна.

Калі сапраўды так, можна толькі вітаць гэтае рашэнне. Лепей позна і хоць неяк, чым ніяк і ніколі.