Шульгана аштрафавалі на 5,4 мільёна

Суддзя Тацяна Матыль пакарала Юрыя Шульгана штрафам у 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў за нецэнзурную лаянку. Па другім артыкуле — «знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы» рашэнне будзе выносіць начальнік Маскоўскага РУУС. Юры Шульган сказаў, што будзе абскарджваць прысуд.



3f375fa6_42d4_4d8f_bdc4_5c220713d1ed_w640_r1_s.jpg

У Маскоўскім судзе Мінску 20 ліпеня судзяць патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Юрыя Шульгана ды кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Паўла Канавальчыка. Справу разглядае суддзя Тацяна Матыль.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», абвінавачваюць іх па адміністрацыйных артыкулах 17.1 «Дробнае хуліганства» і 17.3 «Распіцце алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення» КаАП.

Юры Шульган разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлам Канавальчыкам прынеслі 17 ліпеня ў Цэнтравыбаркам спіс ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю. Але іх не прапусцілі на тэрыторыю Дома ўраду — супрацоўнік аховы заявіў, што яны знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Міліцыянт выклікаў начальніка службы аховы, які пасля перамоваў з Шульганом і Канавальчыкам выклікаў нарад міліцыі з пастарунку.

Міліцыянты сказалі, што адвядуць прэтэндэнта ў прэзідэнты ў пастарунак для тэсту на алкаголь. Але потым Шульгана і Канавальчыка з дапамогай трох АМАПаўцаў пасадзілі ў міліцэйскую машыну і завезлі ў Маскоўскі РУУС.

Перад пачаткам суду журналістам дазволілі пагутарыць з Шульганом. Ён сказаў, што яго выбарчая кампанія на гэтым не заканчваецца. Ён шкадуе, што яго гвалтам знялі з выбараў. Але як незалежны прэтэндэнт ён будзе выступаць супраць указу пра «дармаедаў». Шульган разлічваў, што гэтая тэма будзе ў цэнтры ягонай выбарчай кампаніі. У ягонай ініцыятыўнай групе было 127 чалавек, яны збіраліся на ахвяраванні ездзіць па рэгіёнах, сустракацца з людзьмі і ўздымаць праблему беспрацоўных і «дармаедаў».

Шульган таксама распавёў, што напярэдадні падачы дакументаў у ЦВК яны збіраліся са штабам і выпівалі. Але ў гэты дзень ён быў цвярозы. На падыходзе да ЦВК да яго падышоў чалавек у цывільным і адвёў на вуліцу Берсана, дзе яго ўжо чакала міліцыя. Шульган лічыць, што гэта была наўмысная акцыя, каб яго ізаляваць і зняць з выбарчай кампаніі. Ён вельмі шкадуе, што гэта адбылося, але мае намер працягваць сваё змаганне.

У турме на Акрэсціна Шульган быў прыкладна год таму, і ўмовы там палепшыліся. Супрацоўнікі міліцыі і тыя, хто з ім быў у камеры, да яго ставіліся паважліва. Некаторыя ведалі, што ёсць такі Шульган, які збіраецца стаць канкурэнтам Лукашэнкі.

Шульган кажа, што ўлады спужаліся, што ён можа стаць рэальным канкурэнтам Лукашэнкі.

Паводле вынікаў экспертызы, у Канавальчыка было 1,8 праміле алкаголю ў крыві, а ў Шульгана — 0,8 праміле.

Працэс над Шульганом

 

Суд над Юрыем Шульганом разглядаў абвінавачванне ў хуліганстве — нібыта нецэнзурнай лаянцы.

Цікава, што сведка, міліцыянт Юры Стукалаў, сам не чуў лаянкі ад Шульгана, а спасылаўся на іншага міліцыянта — Казюку, а той у судзе не выступіў. Сведка распавядаў пра падзеі, якія Шульган не пацвердзіў.

Суд дапытаў сведку Паўла Канавальчыка. Той казаў, што яны былі ўвесь час разам, і Шульган быў цвярозы.

Сведка падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Казюка сказаў, што Юры Шульган нібыта нецэнзурна лаяўся ў фае ЦВК. Шульган папрасіў суд, каб было прагледжанае відэа з гэтага фае, бо ён адмаўляе, што лаяўся. Аляксандр Казюка на гэта патлумачыў суду, што нібыта камеры, якія ўсталяваныя ў фае, не ахопліваюць той участак, дзе знаходзіўся Юры Шульган у момант правапарушэння.

У выніку суддзя пакарала Юрыя Шульгана штрафам у 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў за нецэнзурную лаянку.

Па другім артыкуле — «знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы» рашэнне будзе выносіць начальнік Маскоўскага РУУС.

Пасля разгляду справы Шульгана пачаўся працэс над Паўлам Канавальчыкам, якога таксама аштрафавалі на 30 базавых велічыняў.

www.svaboda.org