«Сімфонія» і нацыянальнае адзінства

Сіла, вера і закон — тры фактары, з дапамогай якіх дзяржава можа кансалідаваць грамадства. Пры руху па шкале гісторыі сіла і вера губляюць сваю вядучую ролю, а закон паступова ператвараецца ў інструмент абароны правоў і свабодаў грамадзян.

stalichny_1_logo.gif

Паводле рэцэпту Шарля Перо

Сучасныя беларусы жывуць адначасова ў двух сусветах. Першы ў паліталогіі прынята называць «блізкім колам». У кожнага з нас яно сваё і складаецца з асабіста знаёмых нам людзей. Адносіны ў блізкім коле мы выбудоўваем, грунтуючыся пераважна на нефармальных правілах.

У адрозненне ад блізкага кола, у далёкім коле няма месца для нефармальных (асабістых) адносін. Пстрыкаючы выключальнікам, мы ўступаем у дагаворныя адносіны з мільёнамі людзей. Зразумела, не наўпрост, а праз ланцужок пасярэднікаў. І першым у гэтым ланцужку стаіць «Энергазбыт».

Нават калі ў далёкім коле мы з кімсьці кантактуем асабіста, напрыклад, з касірам у краме, нашы адносіны гранічна фармалізаваныя. Мы выкладваем тавар. Касір з дапамогай касавага апарата счытвае штрых-коды, вызначае кошт пакупак. Мы расплачваемся. Нічога асабістага.

Біёлагі адносяць прадстаўнікоў Homo sapiens да сацыяльных жывёл. Але ў нашай прыроднай сацыяльнасці кароткі радыус даверу. Мы здольныя самастойна наладжваць супрацоўніцтва ў малых групах з людзьмі, з якімі асабіста знаёмыя. Аднак, як толькі мы спрабуем выйсці за ўмоўную ваколіцу, арганізацыя сумесных дзеянняў ператвараецца ў праблему.

Як прымусіць незнаёмых людзей супрацоўнічаць, г.зн. працаваць сумесна над выкананнем задач, маштаб якіх ператварае кожнага асобнага выканаўцу ў спецыялізаваны вінцік?

Самы просты адказ на гэта фундаментальнае пытанне можна знайсці ў Шарля Перо ў казцы «Кот у ботах». Думаю, што ўвесь сюжэт пераказваць не варта, таму пачну з моманту, калі кароль запрасіў сына млынара сесці ў карэту і прыняць удзел у прагулцы. Далей прамая цытата:

«Кот быў у захапленні ад таго, што ўсё ідзе згодна з яго задумай, і весела пабег перад карэтай.

Па дарозе ён убачыў сялян, што касілі на лузе сена.

— Гэй, людзі добрыя, — крыкнуў ён, — калі вы не скажаце каралю, што гэты луг належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх пасякуць на дробныя кавалкі (выдзелена. — С.Н.), нібы начынне для пірага! Так і ведайце!»

Такім чынам, галоўнымі сродкам, які прымусіў сялян каардынаваць свае намаганні на карысць невядомага маркіза дэ Карабаса, выступіла пагроза прымянення сілы.


Пара сышла ў свісток

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што сіла ў якасці сродку каардынацыі сумесных дзеянняў, актыўна выкарыстоўвалася і да фармавання далёкага кола. У прыватнасці, з яе дапамогай галава патрыярхальнай сям’і актыўна падтрымліваў сваё манапольнае права распараджацца сямейнікамі.

Але ўжо ў першых усходнеславянскіх дзяржавах, у адрозненне ад сям’і, само права на выкарыстанне сілы запатрабавала санкцыянавання з боку ідэалогіі. Зразумела, што на мяжы першага і другога тысячагоддзяў ідэалогія магла прыйсці толькі ў вопратцы сусветных рэлігій.

Рурыкавічы спынілі свой выбар на хрысціянстве ў яго візантыйскай інтэрпрэтацыі. Мяркую, што не апошнюю ролю пры гэтым адыграла ідэя чароўнага паходжання дзяржаўнай улады. Але, ажыццяўляючы свой цывілізацыйны выбар, запазычваючы інстытут царквы, князі не перанеслі на родную глебу інстытут самастойнай судовай улады з прафесійнымі суддзямі (у Кіеўскай Русі судовыя функцыі ажыццяўляліся самімі князямі).

Такая выбіральнасць пры запазычанні чужых дасягненняў паступова стала нормай, якую эліты пранеслі праз стагоддзі. Адкрыем даклад адзінага палітыка (АП) на пятым Усебеларускім народным сходзе: «У супрацоўніцтве з Захадам нас цікавяць перш за ўсё інвестыцыі, трансфер тэхналогій, стварэнне перадавых сумесных вытворчасцяў, удзел беларускіх кампаній у міжнародных вытворчых ланцужках і, вядома, пастаўкі нашай прадукцыі».

Што тычыцца заходніх інстытутаў і заходніх каштоўнасцяў, дзякуючы якім ствараюцца перадавыя тэхналогіі, дык іх прышчэпліванне да беларускай мадэлі калі і адбываецца, дык выключна ў імітацыйным рэжыме. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець на беларускі парламент, які гэтак жа, як і яго расійскі адпаведнік, не з’яўляецца месцам для дыскусій.

Бальшавікі ўспрымалі царкву ў якасці канкурэнтаў, але, натуральна, кансалідаваць грамадства, абапіраючыся выключна на сілу, яны не маглі. Таму на змену рэлігійнай веры прыйшла інтэрпрэтацыя марксізму-ленінізму як «адзінага правільнага і ўсёперамагальнага вучэння». Дзеля гэтага спатрэбілася ператварыць веды, надзеленыя статусам навуковай ісціны, у свецкую рэлігію.

Чым скончыўся бальшавіцкі эксперымент — добра вядома. Новая гістарычная супольнасць — «савецкі народ» — распалася ў ходзе «найвялікшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя». Кіраўнікам постсавецкіх рэспублік давялося тэрмінова шукаць напаўняльнік для ліквідацыі вакууму веры.

АП сутыкнуўся са стандартнай праблемай. Але ўсе яго спробы сфармаваць новую веру апынуліся беспаспяховымі. «Дзяржаўную ідэалогію, якая б лягла на душу», вынайсці так і не атрымалася. Пара сацыяльных інавацый сышла ў свісток, у будаўніцтва чарговай бюракратычнай структуры ў выглядзе ідэалагічнай вертыкалі.

Новае, як вядома, — гэта добра забытае старое. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што галоўны архітэктар беларускай мадэлі звярнуўся да праверанага стагоддзямі досведу і стаў выбудоўваць адносіны паміж дзяржавай і царквой «па прынцыпе сімфоніі, — гэта значыць, гарманічнага саюза і сумеснай працы на карысць Айчыны».

У адной з «азбук паліталогіі» ў 2013 годзе мне ўжо даводзілася адзначаць, што ў ідэі падобнай сімфоніі (ад грэчаскага «συμφωνία» — «сугучча», «згода») ёсць аўтар — імператар Візантыі Юстыніян I. Зноў дам яму слова: «Калі святарства будзе ва ўсім добраўпарадкавана і даспадобы Богу, а дзяржаўная ўлада будзе згодна з праўдай кіраваць даручанай ёй дзяржавай, дык будзе поўная сімфонія паміж імі ва ўсім, што ідзе на карысць і дабро чалавечаму роду».

Цытаты з «інфармацыйнай памыйніцы»

Але што, акрамя сілы і веры, здольнае з’яднаць атамізаваных грамадзян у нацыю? Адказ на гэта пытанне быў знойдзены ў Новы час. Гэта закон.

Мне запярэчаць, што закон (збор абавязковых нормаў і правілаў) для рэгулявання грамадскіх адносін выкарыстоўваўся яшчэ ў старажытнай Месапатаміі. Дастаткова прыгадаць законы цара Хамурапі, створаныя каля 1800 г. да нашай эры.

Але д’ябал, як вядома, любіць хавацца ў дэталях, у тым ліку і д’ябал, які спецыялізуецца на заканатворчасці. Вікіпедыя падказвае, што законы цара Хамурапі абаранялі ў першую чаргу інтарэсы самога Хамурапі, яго боскае паходжанне, манапольнае права распараджацца зямлёй і храмамі.

Законы Новага часу «з інструмента абароны дзяржавы і прывілеяў элітных груп ператварыліся ў інструмент абароны натуральных, г. зн. дадзеных ад прыроды, правоў і свабод грамадзян — роўных для ўсіх і ў гэтым сэнсе ўніверсальных». Цытату я запазычыў у палітолага Ігара Клямкіна.

А цяпер паспрабуем вызначыць гістарычны час, у які жыве сучасная Беларусь. Пры жаданні ў інтэрнэце можна адшукаць выказванні АП пра роўнасць усіх беларусаў перад законам. Але «інфармацыйная памыйніца» багатая і іншымі прыкладамі. Абмяжуюся дзвюма цытатамі. Першую я запазычыў з дакладу АП на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе: «Я нікому не дазволю, каб хоць валасінка ўпала з галавы ваеннага чалавека, міліцыянта, чэкіста або супрацоўніка спецслужбы».

Для разумення другой цытаты нам спатрэбіцца вярнуцца ў сакавік 2006 года ў Палац культуры чыгуначнікаў, дзе пры спробе прайсці рэгістрацыю на трэцяе «ўсенароднае веча» былі збітыя кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін і сябры яго каманды. А цяпер другая цытата: «Как дали — так летели шмотки по заугольям, еле успели сбежать оттуда».

Адрозненні паміж цывілізацыямі не ў апошнюю чаргу вызначаюцца спосабамі кансалідацыі грамадства, якія прадстаўляюць розныя камбінацыі сілы, веры і закона. Пры руху па шкале гісторыі сіла і вера губляюць сваю вядучую ролю, а закон паступова ператвараецца ў інструмент абароны правоў і свабодаў грамадзян.

Параўноўваць Беларусь са старажытнай Месапатаміяй асабіста я б не наважыўся, але з эпохай позняга Сярэднявечча паралелі праглядаюцца досыць выразныя.