Што сучасным эканомікам добра, для беларускай мадэлі — смерць

Парламент, выбары, праваахоўныя органы — усе гэтыя абавязковыя інстытуты сучаснай дзяржаўнасці ў нас быццам бы існуюць, вось толькі скарыстацца іх паслугамі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй чамусьці не атрымліваецца.

padkazka_11_logo.gif


Тыя, каму належыць ахоўваць парадак, бяруць прыклад са злачынцаў і хаваюць свае твары пад маскамі. Чальцы камісіі па падліку галасоў не вывешваюць выніковых пратаколаў і таемна пакідаюць участкі для галасавання праз запасны выхад. Сам быў сведкам падобнага. Дэпутаты, якія засядаюць у Палаце прадстаўнікоў, ні маіх інтарэсаў, ні інтарэсаў маіх шматлікіх знаёмых не прадстаўляюць. Але ўсе пры справе — адпаведна, і пры зарплаце.

Беларуская мадэль ва ўмовах палітычнай канкурэнцыі не ўзнаўляецца. На 70 тысяч чальцоў участковых выбарчых камісій туды ўвайшлі 6 чалавек ад апазіцыйных палітычных партый — і не праз нейкую памылку, недагляд або загадзя спланаваную правакацыю. Не, усё значна прасцей. Як і кожная сацыяльная структура, якая аднойчы сфарміравалася, беларуская мадэль банальна імкнецца выжыць. Яна грае як умее. Патрабаваць ад яе штосьці іншае — бессэнсоўна.

Яе (мадэлі) апошняе захапленне, якое яна для сябе прыдумала на бліжэйшыя 2–3 месяцы, — Усебеларускі народны сход. Ужо шосты па ліку. Тут ёсць дзе разгарнуцца. Магчымасці для фарміравання інфармацыйных нагодаў у ініцыятара яго правядзення практычна неабмежаваныя. Захоча параіцца «з людзьмі пры прыняцці лёсавызначальных для краіны рашэнняў» — няма праблем, толькі паспявай раіцца. А можна разгарнуцца на 180° і зрабіць так, «як вырашыць толькі беларускі народ». Гэта значыць, можна быць вядучым, а можна і кіраваным.

А якія перспектывы адкрываюцца пры абранні дэлегатаў на форум, адна з задач якога палягае ў вызначэнні шляху развіцця дзяржавы ў будучыні! «Гэта — агульнанацыянальны дыялог. Таму прымаць удзел у форуме павінны прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, усіх сацыяльных і прафесійных груп, патрыятычных аб’яднанняў і партый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Дэлегаты павінны быць ад кожнага буйнога прамысловага прадпрыемства. Не толькі кіраўнікі, але і рабочыя ад станка, якія прадстаўляюць працоўныя калектывы», — падкрэсліў адзіны палітык (АП) 16 верасня на сустрэчы з палітычным актывам краіны.

Дыялог, дыялога, дыялогу... для яго паспяховага правядзення па ўсёй краіне ствараюцца дыялогавыя пляцоўкі на базе канструктыўных арганізацый. Пальцаў адной рукі не хопіць, каб іх пералічыць, але калі дадаць мезенец з другой — праблем з пералікам не ўзнікне. Гэта ўсё нашы старыя знаёмыя: Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, грамадскія ветэранскія, жаночыя і моладзевыя арганізацыі ды «Белая Русь», якія да іх далучыліся. А больш ніхто і не патрэбны для правядзення паспяховага міжсабойчыку! Не прадстаўнікоў жа “майданутых” і “пратэстуноў” запрашаць на гэтае свята народаўладдзя!


Адступаць няма куды, а наступаць ёсць куды

Ад палітыкі час перайсці да эканомікі, і пачну я з наступнага жыццесцвярджальнага акорду: «Ад сістэмнага руху наперад мы не адступім. Не за гарамі новая пяцігодка, якая мусіць стаць для Беларусі прарыўной. У бліжэйшыя гады краіна павінна ўвайсці ў шосты тэхналагічны ўклад, што азначае далейшае эканамічнае развіццё дзяржавы: уласная энергетыка, экалагічная і канкурэнтаздольная вытворчасць, высокая, на ўзроўні сусветных стандартаў, якасць беларускай прадукцыі».

Пра тое, каб «дагнаць і перагнаць» развітыя краіны, марыў яшчэ правадыр сусветнага пралетарыяту, чые помнікі ўпрыгожваюць галоўныя плошчы беларускіх гарадоў. Сваёй марай ён падзяліўся ў артыкуле з сімвалічнай назвай «Катастрофа, якая пагражае, і як з ёй змагацца».

Прызнаюся, я не знайшоў часу, каб асвяжыць у памяці ленінскія прапановы па барацьбе з катастрофай, якая пагражала. Час — гэта грошы. Навошта яго марнаваць на мінулае, калі сучаснасць такая багатая на арыгінальныя ідэі.

Ядро шостага тэхналагічнага ўкладу, калі хто забыўся, складаюць разнастайныя «нана»: нанаэлектроніка, нанахімія, нанафатоніка, нанаматэрыялы, нанабіятэхналогіі і г.д. Наш шлях у свет «нана» залежыць, перш за ўсё, «ад эфектыўнасці працы кіраўніцтва сілавых структур», на якія ўскладзена задача па «забеспячэнні стабільнасці і дабрабыту нашых людзей».

Дабрабыт — шматзначны тэрмін, асноўным значэннем якога з’яўляецца росквіт, забяспечанасць, спакойнае і жыццё ў дастатку. Для таго, каб усё пералічанае самым бліжэйшым часам увасобілася ў жыццё, кіраўнікі сілавых структур абавязаныя няўхільна выконваць наступнае патрабаванне АП: «З сённяшняга дня, асабліва ў кватэрах грамадзян, куды яны (“майданутыя” і “пратэстуны”. — С. Н.) хаваюцца, мы ў палон нікога не бярэм. Калі хтосьці дакранецца да вайскоўца, ён павінен сысці адтуль як мінімум без рук. Я кажу гэта публічна, каб усе разумелі нашу далейшую рашучасць. Далей усё. Нам адступаць няма куды, і мы адступаць не збіраемся. Хто гатовы — будзем дзейнічаць».

Адступаць няма куды, а наступаць ёсць куды. Трымці, шосты тэхналагічны ўклад! Ты асуджаны! Ад сістэмнага руху наперад мы не адступім! Нездарма ж кажуць, што ў нанатэхналогіях мае поспех той, хто ўмее працаваць галавой. Што тычыцца рук, то яны ў гэтай справе — не памочнікі.


Тройчы мае рацыю прэм’ер-міністр

Сваё ўменне працаваць галавой днямі прадэманстраваў прэм’ер-міністр Беларусі, які адгукнуўся на адкрыты ліст беларускіх і расійскіх эканамістаў з прапановамі па рэфармаванні беларускай мадэлі.

«Мы чуем вельмі шмат парадаў ад эканамістаў, незалежных эканамістаў, як будаваць эканоміку Беларусі. Мы радыя ўсім парадам, толькі галоўнае, каб яны былі канкрэтныя і прыземленыя, а агульныя рэцэпты з падручнікаў для першага-другога курсу эканамічных ВНУ, прабачце, не трэба», — пракаментаваў кіраўнік урада.

Сярод аўтараў ліста — навуковец з сусветным імем, экс-галоўны эканаміст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (2015–2019), а ў цяперашні час прафесар у Парыжскім універсітэце сацыяльных навук Science Po Сяргей Гурыеў. Што ж ён і яго калегі параілі беларускаму ўраду?

Спіс з адзінаццаці прапаноў не з’яўляецца таямніцай. Для разумення большасці з іх не патрэбныя ведаў, якія выходзяць за межы «падручнікаў для першага-другога курсу эканамічных ВНУ». Што новага і арыгінальнага, напрыклад, утрымліваюць пункты 2 («незалежнасць судовай сістэмы ад іншых галін улады») і 4 («стварэнне роўных і спрыяльных умоў гаспадарання для ўсіх прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці, памеру або галіны»).

А якая практычная карысць беларускай мадэлі можа быць ад пункта 5 («павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржпрадпрыемствамі»), які змяшчае рэкамендацыю падзяліць функцыі дзяржавы як уласніка і рэгулятара? Хіба хто-небудзь з чальцоў урада пярэчыць супраць такога падзелу? Падніміце архівы. Ужо гадоў 10–15 ніхто не пярэчыць.

Тройчы мае рацыю прэм’ер-міністр: ні адну з парадаў немагчыма аднесці да канкрэтных і прыземленых. Праблема, аднак, не ў нізкай кампетэнтнасці дарадцаў, не ў іх адарванасці ад жыцця, а ў своеасаблівасці беларускай мадэлі. У сваім развіцці за чвэрць стагоддзя яна так і не здолела адпавядаць патрабаванням, апісаным у падручніках для першага-другога курсу эканамічных ВНУ. І прычыну гэтага не варта шукаць у недастатковым узроўні адукацыі яе аўтараў.

Адважуся сцвярджаць, што эфектыўнасці беларускай мадэлі так званыя «развітыя краіны» павінны зайздросціць, бо эфектыўнасць ёсць паказчык здольнасці дасягаць акрэсленых мэтаў. Галоўнай жа мэтай аўтараў беларускай мадэлі з’яўляецца... утрыманне ўлады. Будзе ўлада — будзе і дабрабыт. Зразумела, не для ўсіх, але чые гэта праблемы?

Што да разумнікаў, дык не забароніш жа ім рыхтаваць прапановы па рэфармаванні беларускай мадэлі! Неабходна толькі памятаць: тое, што сучасным эканомікам добра, для беларускай мадэлі — смерць.