«У яго няма выбару». Амерыканскі генерал, які сустракаўся з Лукашэнкам, заклікаў рыхтавацца да яго падзення

Захад павінен падрыхтавацца да калапсу ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ў інтэрв’ю СМІ заявіў генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы, былы камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс.

2e2b2947944383f72534bc31ed82bd28.webp


Бэн Ходжэс наведваў Беларусь і сустракаўся з Лукашэнкам у 2018 годзе. Цяпер ён з’яўляецца адным з ключавых экспертаў у сферы бяспекі ў Вашынгтонскім цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі, адзначае telegraf.by.

«Ці думаем мы пра тое, што будзе ў выніку аншлюсу Беларусі Расіяй? Што будзе, калі рэжым абрынецца ў выпадку здрады і сыходу вызначальных дзяржаўных дзеячаў або перавароту? Ці гатовыя мы да гэтага?

Ці гэта будзе масавае паўстанне грамадзян Беларусі, або размяшчэнне расійскіх войск, або іншае здарэнне — напрыклад, з атамнай электрастанцыяй у Астраўцы? Відавочна, улады Літвы надзвычай занепакоеныя АЭС. Мы маем шмат сцэнарыяў для разгляду, да якіх трэба рыхтавацца», — заявіў амерыканскі генерал.

Паводле яго слоў, «тут справа не ў тым, каб выцягнуць Беларусь на Захад, а справа абароны грамадзян еўрапейскіх краін, бяспекі, здароўя і свабоды людзей».

«Беларусь цалкам у сферы таго, што Расія лічыць уласнай зонай уплыву, — як памежжа. Інтэграцыя беларускай арміі з расійскай — амаль поўная. Супрацьпаветраная абарона Беларусі цалкам інтэграваная са СПА Расіі. Крэмль вельмі ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі», — заявіў Бэн Ходжэс.

Пры гэтым ён адзначыў, што падчас свайго візіту ў Беларусь у 2018 годзе бачыў сярод беларускіх улад «жаданне падтрымліваць суверэнітэт і незалежнасць». Цяпер жа, на яго думку, не засталося амаль нікога, «хто верыць, быццам Беларусь сапраўды імкнецца ўтрымаць пэўны ўзровень незалежнасці».

«Гэты міграцыйны крызіс дадае скептычнага стаўлення да рэжыму ў Мінску, які жорстка выкарыстоўвае людзей як зброю для дэстабілізацыі Еўрапейскага Саюза, Польшчы, Літвы, Украіны, Латвіі. Гэта не адасобленыя падзеі, а частка агульнага сцэнара.

Лукашэнка б не рабіў такога без дазволу Крамля. Бо нішто не праляціць праз Беларусь без ведання і дазволу Крамля. З улікам таго, што супрацьпаветраная абарона Беларусі інтэграваная са СПА Расіі, гэтага не магло адбыцца, прынамсі, без схаванай падтрымкі Крамля. Я лічу, што мы на Захадзе цяпер лепш разумеем жорсткасць рэжыму», — падкрэсліў генерал.

На яго думку, Лукашэнка больш не здольны «стрымліваць пастаянную расійскую ваенную прысутнасць за межамі Беларусі».

«Я менш упэўнены, што ён здольны на гэта надалей. Лукашэнка наведаў Расію ўжо шэсць раз у гэтым годзе, з якіх толькі двойчы — за апошні месяц. У яго няма выбару. Відавочна, што яму не хапае іншых варыянтаў. Я лічу, што мы, Захад, павінны падрыхтавацца да калапсу рэжыму Лукашэнкі, хоць я не ўпэўнены, ці здарыцца гэта. Усходні Берлін абрынуўся, гэта быў сюрпрыз для ўсіх. Шмат месцаў абвалілася», — сказаў Бэн Ходжэс.