За каго яны, за Расію ці за Латвію?

«Вось за каго я, за Расію ці за Латвію? Я прыехаў з Мурманску, там жыве мая маці. А я тут жыву шмат гадоў, і жонка мая — латышка», — ці то пытаўся, ці то разважаў нецвярозы мужчына на аўтавакзале Рыгі.

sciahi_lia_pomnika_svabody_logo.jpg

Рыга. Сцягі ля помніка свабоды

— А дзе ваша радзіма? — спытала я.

— Ну, тут мая сям’я, значыць, мая радзіма — Латвія.

— Тады ў чым пытанне, значыць, вы — за Латвію.

— Але я ж рускі…

Гэты дыялог літаральна перад самым ад’ездам у Беларусь падвёў своеасаблівую рысу пад маёй спробай разабрацца ў памкненнях так званага «рускага свету» Латвіі. Бо на самай справе даць адназначны адказ на пытанне, на чый бок стаць, — і проста, і надзвычай складана. Проста — тым, хто прывык думаць сваёй галавой, аналізаваць і мець уласнае меркаванне. Складана — тым, хто верыць у любую прапаганду і думае толькі страўнікам. Гэта тычыцца не толькі Латвіі. І такія нецвярозыя ваганні «за каго я» можна, напэўна, пачуць ледзь не ў кожнай краіне былога СССР, асабліва калі яна мяжуе з Расіяй.

Што тычыцца Латвіі, то для яе пытанне ідэнтычнасці цесна сплялося з пытаннем грамадзянства і неграмадзянства.

domsk_sabor_logo.jpg

Рыга. Домскі сабор

Бо мы тут жылі…

Па стане на пачатак 2015 года ў Латвіі пражывала 262 тысячы неграмадзян (12% насельніцтва). Амаль 60 працэнтаў з іх — этнічныя рускія. То бок праз 20 гадоў пасля атрымання магчымасці каля 150 тысяч рускіх так і не сталі грамадзянамі краіны, у якой пражылі шмат гадоў. Пытанне: «Чаму?» я задавала ўсім тым неграмадзянам у Латвіі, якіх сустракала. Ведаеце, які быў самы распаўсюджаны адказ? «Гэта зневажальна…» Растлумачыць, што менавіта для іх зневажальна, ніхто так і не змог.

Пасля высвятлялася, што камусьці не хочацца вучыць латышскую мову (бо за 40–30 гадоў жыцця ў Латвіі яны нават і не думалі яе вучыць, а зара цяжка). Хтосьці не прымаў грамадзянства, каб у свой час не ісці служыць у армію. І хаця зараз такой неабходнасці няма (армія ў Латвіі прафесійная), пытанне грамадзянства стала неактуальным, бо асаблівых нязручнасцяў не дастаўляе. А некаторыя не хочуць быць грамадзянамі, каб без віз ездзіць у Расію (у большасць краін Еўропы яны таксама ездзяць без віз).

Але ёсць і тыя, якія лічаць, што грамадзянства ім павінны былі даць, бо яны тут жылі — і кропка. Так, напрыклад, лічыць Валянціна Іванаўна. Яна прыехала ў Латвію напачатку 1960-х гадоў разам з мужам-вайскоўцам. Тут і засталіся жыць пасля выхаду ў адстаўку. Валянціна Іванаўна вельмі пакрыўджаная на латвійскія ўлады, бо лічыць, што на грамадзянства яна мае поўнае права. Дарма, што за ўсе гады жыцця ў Латвіі ні яна, ні муж так і не навучыліся размаўляць па-латышску. «Я наогул не разумею, чаму мы павінны ў нашым узросце здаваць нейкія экзамены. У Латвіі такая колькасць рускамоўных, а ўлады адмаўляюцца зрабіць рускую мову другой дзяржаўнай… — разважае Валянціна Іванаўна. — Мне тут іх мова не патрэбная. Мае суседзі ўсе рускамоўныя. І наогул, мая родная мова — руская. Ай, і грамадзянства мне іх непатрэбнае».

bronestransparcjori_na_domskaj_ploshchi_logo.jpg

Бронетранспарцёры на Домскай плошчы. Фота з выставы каля сейма Латвии

Не чапайце святы

Не патрэбна грамадзянства ні Латвіі, ні Расіі (ні якой іншай краіны) і 48-гадоваму Рэму Маславу. Ён шчыра прызнаецца, што яму складана вывучыць латышскую, бо ён прыехаў у Рыгу пасля заканчэння школы з Пскоўскай вобласці, дзе жыў у бабулі. «Тут увесь час жыла мая маці, і я прыязджаў да яе на час канікулаў. Таму Латвія была для мяне як казка, — расказвае Рэм. — Я прыехаў у Рыгу ў сярэдзіне 1980-х. А ў 1990-я гады разам са шматлікі рускімі вітаў незалежнасць Латвіі. Можна нават сказаць, што я за яе змагаўся. Не, непасрэдна на барыкадах я не быў, але шторанак прывозіў для пратэстоўцаў прэсу. А пасля тыя, хто сядзеў у кавярнях, атрымалі грамадзянства, а я і тыя рускія, што былі на барыкадах, не. Але зараз мне і не трэба. Я магу свабодна ездзіць у Расію да родзічаў і падарожнічаць па многіх краінах Еўропы».

rem_masla__logo.jpg

Рэм Маслаў (фота з фб)

 

Пры гэтым Рэм не хоча ехаць у Расію, яго там шмат што раздражняе. Кожны раз, калі ён прыязджае ў Пскоўскую вобласць па справах ці да сяброў, разумее, што не змог бы там жыць. Ён здзіўляецца, як наогул можна там жыць, «у такой дзікасці». Яму падабаецца Латвія. У яго тут сям’я.

«Калі раптам узнікне нейкі канфлікт, я, напэўна, буду на баку Латвіі. Але для гэтага павінны змяніцца адносіны да мяне, да такіх, як я. Я хачу размаўляць па-руску не таму, што я не паважаю гэту краіну. А таму, што я не баюся размаўляць на роднай мове. І мяне раздражняюць тыя рускія, якія паміж сабой размаўляюць па-латышску. Не чапайце маю маці, хай яна размаўляе па-руску да канца сваіх дзён. Я хачу, каб маё дзіця ведала рускую мову і літаратуру, каб магло навучацца на роднай мове. Не трэба закрываць рускія школы. Не чапайце святы. Няхай будзе і 16 сакавіка, і 9 мая», — вось такія патрабаванні да ўладаў у Рэма, былога дэсантніка, а зараз прадпрымальніка.

barikadi_kalja_sejma_latv_fota_z_vistavi_logo.jpg

Барыкады каля сейма Латвіі. Фота з выставы каля сейма Латвии

Падумалася: вось цікава, мы ў Беларусі таксама хочам, каб нашы дзеці навучаліся на роднай мове, каб беларусы размаўлялі паміж сабой па-беларуску, каб не зачынялі беларускія школы. Вось толькі беларусы ў Беларусі — не нацыянальная меншасць…

Прынцыповыя рускія

Такіх, як Рэм, нямала ў Латвіі. Яны законапаслухмяныя, лічаць Латвію сваёй радзімай, але пры гэтым паўсюдна, як яны кажуць, «прынцыпова» падкрэсліваюць сваю рускасць. «Калі я кудысьці заходжу, я заўсёды вітаюся, бо я ж культурны чалавек, — кажа Рэм. — Але вітаюся заўсёды па-руску, каб ведалі, што я рускі і са мной трэба размаўляць па-руску».

Аднак калі прыгледзіцца, то гэта «прынцыповасць» на самай справе ёсць нежаданнем прыкласці хоць мінімальнае намаганне, каб хаця б вывучыць мову краіны, дзе ты жывеш. Гэта своеасаблівы страх таго, што раптам атрымаеш грамадзянства, але так і застанешся ў гэтым жыцці лузерам. Каго тады ў гэтым вінаваціць? Можна сказаць, што гэта прынцыповая рускасць на самай справе — закасцянелая саўковасць, страх любых перамен і настальгія па халяве.

Шмат рускіх, якім зараз больш за 45 гадоў, так і не змаглі пераадолець сваю савецкасць, ці не захацелі, бо ім так камфортна. Яны жывуць так, як ім падабаецца, але пры гэтым на кожным кроку распавядаюць, што ім не даюць нармальна жыць, іх зневажаюць, іх дыскрымінуюць, іх не любяць. Але пры гэтым ніхто з іх не збіраецца пераязджаць у Расію.

— Навошта? — пытаюцца яны. — Мы тут усё жыццё пражылі.

— Каб вас ніхто не дыскрымінаваў, каб не зневажалі…

— Ну, у Расіі зараз не салодка. Дый нікому мы там не патрэбныя. Мы хочам, каб латвійскія ўлады звярнулі на нас увагу. Каб не прымушалі вучыць іх мову.

— А хтосьці прымушае?

— Ну, не ўсюды на працу возьмуць, калі не ведаеш латышскую. Школы рускія зачыняюць.

— А вы лічыце, што рускія школы павінны фінансаваць латвійскія ўлады?

— Канешне, а хто ж яшчэ?

— Калі гэта рускія школы, магчыма, Расія? У Латвіі ж няма беларускіх школ ці польскіх, чаму тады рускія павінны быць?

— Ну вы знайшлі, што параўноўваць. Гэта зусім іншае.

Гэта тыповы дыялог, які мне давялося весці не адзін раз з рускімі неграмадзянамі на вуліцах Рыгі. Давялося пару раз чуць і больш рэзкія выказванні, накшталт «навошта нам вучыць гэту сабачую мову, няхай яны вучаць рускую, бо колькі тых латышоў, а рускія — вялікі народ». Гэта былі не проста «прынцыповыя рускія», а прынцыпова «вялікія рускія». Як трапна сказаў адзін з суразмоўцаў (дарэчы, этнічны рускі), у 1990-я гады ў краінах Балтыі імперская большасць раптам стала нацыянальнай меншасцю, а мысленне і звычкі засталіся старымі, адсюль усе іх праблемы і крыўды.

r_ga_logo.jpg

Старая Рыга

Спажыўцы прапаганды

Гэтыя крыўды, якія, здаецца, ужо збыліся, зноў вяртаюцца на тле падзей ва Украіне. Яны ўрываюцца ў паўсядзённая жыццё, здаецца, зусім не лагічна.

— Навошта Амерыка ваюе з Расіяй?

— ??? — я нават не адразу разумею, пра што гаворка.

— Ва Украіне. Вы што, не ведаеце?! Гэта ж Амерыка пачала гэту вайну. Бедныя ўкраінцы… — жанчына сталага веку абсалютна шчыра пачынае разва­жаць пра тое, што Амерыка хацела б і ў Латвіі зрабіць тое ж. Вось і NATO, маўляў, тут шчыруе.

— А я лічу, што гэта Пуцін пачаў гэту вайну.

— Вы наслухаліся амерыканскай прапаганды. Пуцін — самы лепшы прэзідэнт, які толькі быў у Расіі. Ён сваіх абараняе. Можа, і нас абароніць. Толькі ў яго зараз шмат праблем. Бо ўсе супраць яго.

Я адыходжу. Далейшая размова з гэтай жанчынай губляе ўсялякі сэнс. Наогул, размова з «прыгоннымі тэлегледачамі» (так называе спажыўцоў расійскай прапаганды Марыя Тукіна, адвакат, натуралізаваная руская) не мае сэнсу.

Гэтыя людзі чуюць толькі тое, што ўпісваецца ў іх уяўленне пра справядлівасць. Зрабіць рускую мову другой дзяржаўнай — гэта справядліва. Усім вучыць латышскую мову (бо яна ж таксама дзяржаўная) — гэта дыскрымінацыя. Адзначаць 9 мая — гэта правільна. А 16 сакавіка — ганебна. Патрабаваць такія ж правы для неграмадзян — гэта справядліва. Ведаць гісторыю і традыцыі краіны, у якой жывеш, — зневажальна.

Такіх людзей хапае. Дарэчы, у Латвіі транслюецца больш расійскіх каналаў, чым латвійскіх. У некаторых памежных рэгіёнах наогул не ідуць латвійскія каналы. Дэпутат сейма Аляксей Ласкутоў, які шмат ездзіць па розных рэгіёнах краіны, расказваў, што часам даходзіць да абсурду: людзі ўпэўненыя што прэзідэнтам Латвіі з’яўляецца Лукашэнка.

Зараз латвійскія і эстонскія ўлады пачынаюць маштабны праект па стварэнні сумеснага рускамоўнага каналу, які, па іх меркаванні, павінен даць людзям альтэрнатыву. Абараніць іх ад таго патоку бруднай расійскай прапаганды, які штодня выліваецца з экранаў тэлебачання. Магчыма, і атрымаецца.

Пакуль жа «прыгонныя тэлегледачы», назіраючы за падзеямі ва Украіне, усё часцей задаюць сабе пытанне: за каго я буду, калі раптам што? А гэта значыць, што на падсвядомым узроўні яны гэта «раптам што» не выключаюць.