Зноў дэпартацыя? Кавалькова сцвярджае, што ў Польшчу яе вывезлі прадстаўнікі ўлады

Чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ўначы перайшла беларуска-польскую мяжу, цяпер яна ў Варшаве. У другой палове дня на прэс-канфэрэнцыі ў польскай сталіцы яна расказала, як яе вывозілі з Беларусі.

Вольга Кавалькова, архіўнае фота 

Вольга Кавалькова, архіўнае фота 


«Калі я знаходзілася за кратамі, да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я не выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга не выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзенне і вывезлі з ізалятара».

Паводле Кавальковай, яе давезлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Гродна, там яна праходзіла пашпартны кантроль.

«Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезьлі мае рэчы праз мяжу і на нейтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз».

Далей, па словах Кавальковай, ёй удалося скантактавацца з амбасадарам Польшчы ў Мінску Артурам Міхальскім, які і паспрыяў яе даезду да Варшавы.

На прэс-канферэнцыі ў Варшаве разам з Кавальковай выступаў старшыня канцэлярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.

Паводле Радыё Свабода