17 верасня 1939 года. Вайна, якая прыйшла з усходу

Праз 17 дзён пасля нападу Германіі на Польшчу савецка-польскую мяжу перайшлі часці Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. На доўгі час тая вайна была выкрасленая з гістарычнай памяці беларусаў і замененая на кандовыя фармулёўкі савецкіх ідэолагаў пра «руку дапамогі братам-беларусам», «вызваленне», «вызвольны бяскроўны паход», пра «небаяздольнае Войска Польскае», а таксама «яблыкі, кветкі ды павітальныя брамы», якімі сустракалі жыхары паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай войска «першай краіны працоўных і сялян».

Па рацэ да 1939 г. праходзіла савецка-польская мяжа.

Па рацэ да 1939 г. праходзіла савецка-польская мяжа.


Між тым, сотні жаўнерскіх і цывільных пахаванняў, якія па сёння захаваліся на тэрыторыі Беларусі з часоў верасня 1939 года, сведчаць, што тая «міратворчая місія» сталася сапраўднай вайной. Аддаўшы загад аб пераходзе «рыжскай мяжы», Савецкі Саюз парушыў шматлікія міжнародныя пагадненні і фактычна ўступіў у Другую сусветную. Пры гэтым нават аслабленыя падраздзяленні Войска Польскага аказалі жорсткі супраціў войскам уварвання.

«Зялёныя фуражкі» рыхтуюцца да кідка на захад

Наркам унутраных спраў СССР 8 верасня (па іншай інфармацыі — 10) 1939 года выпусціў загад № 001064 «Аб аператыўных мерапрыемствах у сувязі з правядзеннем вучэбных збораў», які прадпісваў камандаванню 13, 14, 15, 16, 17 і 18 памежных атрадаў, што знаходзіліся на тэрыторыі БССР, «пачаць фармаванне спецыяльных атрадаў, якія павінны камплектавацца са складу манеўраных груп і лінейных застаў». Гэтыя атрады «памежнага спецназа» загадвалася да 12:00 13 верасня 1939 года сканцэнтраваць у Полацку, Заслаўі, Дзяржынску, Цімкавічах. Варта адзначыць, што гэтыя спецатрады былі ўзмоцненыя курсантамі палкавых школ Асобнай мотастралковай дывізіі асобага прызначэння імя Дзяржынскага, а таксама іншых падраздзяленняў НКУС. Менавіта гэтыя ўдарныя групы першымі пяройдуць «рыжскую мяжу».

Савецкі памежнік

Савецкі памежнік

15 верасня 1939 года ў 21:00 начальнікі ўсіх атрадаў памежных войскаў на тэрыторыі савецкай Беларусі атрымалі баявы загад №01 начальніка ўпраўлення памежных войскаў НКУС БССР камбрыга Івана Багданава, у якім, у прыватнасці, адзначалася:
«[...] 2. Войскі Беларускага фронта раніцай 17 верасня 1939 года пераходзяць у наступ з мэтай аказання дапамогі паўстанцам — працоўным і сялянам Беларусі і Польшчы, — каб знішчыць уціск памешчыкаў і капіталістаў і не дапусціць захоп тэрыторыі Заходняй Беларусі Германіяй. Галоўная задача фронту — знішчыць і ўзяць у палон узброеныя сілы Польшчы, якія дзейнічаюць на ўсход ад літоўскай мяжы і лініі Гродна-Кобрын. [...]4. Галоўныя задачы памежных войскаў:а. Пасля пачатку баявых дзеянняў знішчаць польскую памежную ахову на тых участках, дзе не будуць наступаць часці Чырвонай Арміі.б. Пасля перамяшчэння наперад войскаў не дапускаць пераходу грамадзянскага насельніцтва з нашай тэрыторыі і затрымліваць кожнага, хто паспрабуе трапіць з польскай тэрыторыі праз існуючую дзяржаўную мяжу СССР. 5. Атрады, падраздзяленні і асобныя жаўнеры Чырвонай Арміі павінны прапускацца праз існуючую мяжу СССР без перашкодаў».

Польскія памежныя ўмацаванні на мяжы з СССР

Польскія памежныя ўмацаванні на мяжы з СССР

У той жа дзень у штабы падраздзяленняў, якія ўваходзілі ў склад 3-й арміі, прыйшоў баявы загад №02. У ім казалася: «[...] 4. Сіламі першай камендатуры 12 памежны атрад працягвае ахову дзяржаўнай мяжы з Латвіяй, у сваю чаргу 2, 3 і 4 камендатуры, пакідаючы мінімальныя сілы для назірання мяжы з Польшчай, 17 верасня а 5-й гадзіне павінны прыступіць да знішчэння невялікіх памежных участкаў і падраздзяленняў непрыяцеля на фронце Шатрова-Дзісна. 22-я самастойная камендатура, праводзячы назіранне мяжы 17 верасня а 5-й гадзіне раніцы, галоўнымі сіламі павінна прыступіць да знішчэння і ўзяцця ў палон невялікіх памежных пастоў і падраздзяленняў непрыяцеля на фронце: рака Дзвіна — Слаўцы. Выведку праводзіць у накірунку мястэчка Новы Пагост».
Падобныя загады атрымалі савецкія памежнікі і на іншых участках.

Пік крывадушнасці

Непасрэдна перад пачаткам «вызвольнага паходу» польскія памежнікі назіралі ажыўлены рух савецкіх войскаў непасрэдна ля мяжы. Пра тое, што з сябе ўяўляла польская памежная ахова КАП на лініі «рыжскага кардона», мы можам даведацца з успамінаў сына польскага памежніка Эдварда Пасечнага.
«Тэарытычна на 1 км мяжы прыпадала 11 жаўнераў, практычна было інакш. Напрыклад, ротная стражніца ў Колках каля Давыд-Гарадка, дзе з 1926 г. служыў мой бацька як афіцэр санітарнай службы, налічвала 60 жаўнераў-рэзервістаў і 6-9 чалавек звыштэрміновай службы. Гэтай роце падпарадкоўваліся памежныя пасты ў Рубрыні, Смольным і Лучыне, якія ахоўвалі каля 50 км мяжы. Кожны пост налічваў 8-10 жаўнераў, з чаго выходзіла, што на ахову аднаго кіламетра мяжы прыходзіўся 1 жаўнер. [...] Сілы КАП былі размешчаныя ўздоўж мяжы ў трох лініях. Першая ўяўляла з сябе стражніцы, якія знаходзіліся на самай лініі мяжы (8-10 жаўнераў). Іх галоўнай задачай была ахова мяжы. Другая лінія — ротная, на 60 жаўнераў. Менавіта рота ў Колках налічвала 60 жаўнераў плюс 6 жаўнераў звыштэрміновай службы. [...] Трэцяя лінія — батальённая (у нашым выпадку — батальён у Давыд-Гарадку)», — узгадваў ён.

Стражніца КАП

Стражніца КАП

А 3-й гадзіне ночы 17 верасня 1939 года амбасадара Другой Рэчы Паспалітай Вацлава Гжыбоўскага выклікалі ў Камісарыят замежных спраў і ўручылі ноту. У дакуменце адзначалася: «Польска-германская вайна выявіла ўнутраную безгрунтоўнасць Польскай дзяржавы. На працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава як сталіца Польшчы больш не існуе. Польскі ўрад распаўся і не выяўляе прыкмет жыцця. Гэта значыць, што Польская дзяржава i яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дамовы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Прадстаўленая самой сабе і пакінутая без кіраўніцтва, Польшча ператварылася ў зручнае поле для усялякіх выпадковасцяў і нечаканасцяў, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дасюль нейтральным, савецкі ўрад не можа больш нейтральна ставіцца да гэтых фактаў.
Савецкі ўрад не можа таксама абыякава ставіцца да таго, што адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, пакінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі. З прычыны такой абстаноўкі савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».

Памежнікі размаўляюць з жыхарамі памежжа

Памежнікі размаўляюць з жыхарамі памежжа

Між тым, рашэннем перайсці даваенную савецка-польскую мяжу бальшавіцкі бок парушаў шэраг міжнародных дамоў, сярод якіх была Рыжская мірная дамова ад 18 сакавіка 1921 года (якая завяршыла польска-бальшавіцкую вайну); Маскоўскі пратакол (вядомы таксама як Пратакол Літвінава), падпісаны 9 лютага 1929 года (дакумент прызнаваў адмову ад вайны як сродка вырашэння спрэчных сітуацый паміж краінамі); савецка-польская мірная дамова ад 25 студзеня 1932 года (была працягнута ў 1934 годзе і мусіла дзейнічаць да 1945 года); Лонданская канвенцыя 1933 года, якая ўтрымлівала азначэнне панятку «агрэсія».

Было ў Беларусі «свята»: у госці ехаў брат да брата

Адна з жыхарак Верхнядзвінскага раёна так апісвала апошнія перадваенныя месяцы: «Калі ў 1939 годзе пайшлі чуткі, што да нас прыйдуць Саветы, мы радаваліся. Праўда, старыя казалі, што бязбожнікі там. Мы, дарэчы, і самі бачылі, як на супрацьлеглым баку мяжы, у Дрысенскім раёне, на Вялікдзень палі аралі. Здзіўляліся і не разумелі, як так можна. А моладзь усё ж не магла дачакацца, калі нам свабоду прынясуць…».  
«17.09. Гадзіна ночы. Мой сон парушаны прысутнасцю тав. Шаметкіна, які ў жудаснай гарачцы праінфармаваў мяне аб баявой трывозе. Увесь узвод устаў, хутка апранаемся, узбройваемся, ездавыя запрагаюць коней. Усё гатова. Чакаем загад. Атрымліваем баявы загад камандуючага войскамі Беларускай асаблівай вайсковай акругі і Рэвалюцыйнага савета, які кажа пра нашыя задачы і мэты ў дадзены момант. Нарэшце дачакаліся загад. Нябачанае ажыўленне сярод усяго складу. Хутка праціраем вінтоўкі і мінамёты, рыхтуемся да стральбы. [...] Рухаемся наперад да мяжы. Аддадзены загад на сняданак. Раптам далёка злева чутно ружэйную і артылерыйскую стральбу (відавочна, у раёне стражніц КАП «Шапавалы» і «Кучкуны» — І.М.). Сняданак адставіць. Усе наперад і рушылі да мяжы. Дакладна а 7-й раніцы я крочыў на друзлую паласу зямлі, якая пазначала мяжу. Яшчэ секунда — і я быў на тэрыторыі Польшчы. Па мясцовасці не адрозніць, але па пабудовах і сялянах бачна, што знаходжуся не ў прыгожай краіне Саветаў», — узгадваў у дзённіку лейтэнант РСЧА Анатоль Матвееў.
Вось як першыя хвіліны баёў на «рыжскай мяжы» апісваліся ў савецкай газеце «Праўда»: «На досвітку 17 верасня наша часць падышла да мяжы, адчыніла браму дротававых загародаў і прайшла памежныя рубяжы. На ўзгор’і побач з вёскай П. падраздзяленне ардэнаносца таварыша Ісакава атакавала польскі памежны кардон».

Магіла савецкіх памежнікаў у Верхнядзвінску

Магіла савецкіх памежнікаў у Верхнядзвінску

Бой паміж савецкімі і польскімі памежнікамі раніцай 17 верасня 1939 года разыграўся ў раёне стражніцы КАП «Пасекі», якая ўваходзіла ў склад 1-й памежнай роты Альковічы батальёна «Будслаў» палка КАП «Вілейка». Камандзірам стражніцы, якая знаходзілася на стратэгічна важным шляху з Крайска ў Альковічы, быў сяржант Баляслаў Мніх. Напярэдадні нападу СССР на Польшчу камандзіры польскіх стражніц «Сачыўкі», «Зачмень» і «Пасекі» сустрэліся на імправізаванай нарадзе, звязанай з узмоцненым рухам савецкіх войскаў побач з лініяй мяжы. У распараджэнні польскіх памежнікаў былі невялікія гарнізоны, аднак капаўцы вырашылі да канца выконваць баявую задачу па ахове польска-савецкай мяжы. Палякі паспелі падвезці на стражніцы дадатковыя кулямёты, з вёскі Юнцавічы прыбыло папаўненне.

Памежнік КАП.

Памежнік КАП.

Паводле плана абароны, гарнізон стражніцы «Пасекі» мусіў стрымаць першыя атакі бальшавікоў, а ў выпадку акружэння — адступіць праз падземны ход і ўзарваць будынак заставы. Напярэдадні пераходу мяжы на хвалі радыё «Мінск» пачалі перадаваць звароты, што Чырвоная Армія ў выпадку неабходнасці прыйдзе на дапамогу працоўным і сялянам Заходніх Беларусі і Украіны.
Раніцай 17 верасня 1939 года да польскай стражніцы наблізіліся савецкія памежнікі і пачалі крычаць: «Гэй, Мніх, здавайся». У адказ польскія памежнікі адкрылі агонь. У бок стражніцы паляцелі гранаты. Сяржант Баляслаў Мніх і яго жаўнеры (13 чалавек) загінулі. Яшчэ 6 капаўцаў трапілі ў савецкі палон. Цела забітага сяржанта чырвонаармейцы прывезлі ў Альковічы і тры дні не дазвалялі яго пахаваць. Пазней польскія памежнікі (сяржант Мніх, капрал Макух і радавы Цёлк) былі пахаваныя ў вёсцы Крайскія Пасекі. Магіла захавалася да нашых дзён.
А вось як бальшавіцкі палон апісваў адзін з жаўнераў КАП: «Нам загадалі падняць рукі і бегчы наперад два кіламетры. Падчас ператрусу нам загадалі распрануцца дагала і зрабавалі ўсё, што было пры нас. Пасля ператрусу нас пашыхтавалі ў чацвёркі, дапыталі, запісалі персанальныя звесткі. Пасля гэтага нас гналі 30 кіламетраў, без адпачынку і вады. Хто слабеў і не паспяваў, атрымліваў удар прыкладам. Так моцна, што падаў на зямлю. А калі не мог падняцца, яго адразу дабівалі штыком. Дакладна памятаю, што капітана Кшымінскага з Варшавы некалькі разоў ударылі штыком. А пасля гэтага іншы жаўнер стрэліў яму ў галаву два разы».
У 11:30 у штаб Беларускага фронта ў Мінск з Полацка прыйшло паведамленне пра тое, што савецкая 5-я стралковая дывізія знішчыла стражніцы польскага КАП «Сяргейчыкі», «Загацце», «Асінаўка», «Каменны Воз». Пры гэтым, каб абгрунтаваць «затрымку» ў захопе апошняй з іх, у дакуменце пазначалася, што «падчас бою за “Каменны Воз” непрыяцель абараняўся ў сіле да двух батальёнаў пяхоты і двух танкаў». Увечары 17 верасня 1939 года камандаванне 3-й арміі «рапартавала», што 12-ты памежны атрад знішчыў дзве роты 5-га батальёна КАП.

Месца, дзе была стражніца Каменны Воз

Месца, дзе была стражніца Каменны Воз

Пра гісторыю абароны стражніцы КАП «Каменны Воз» варта распавесці падрабязна. Гэтая застава знаходзілася на поўдзень ад возера Шо ў Галубіцкай пушчы. Да вайны на месцы Псуеўскага леса было поле, па якім і ішла савецка-польская мяжа. На момант савецкай агрэсіі камандзір «Каменнага Воза» плутановы Стэфан Павел Пальчынскі (нарадзіўся ў Кракаве ў 1909 г., сям’я жыла ў мястэчку Бохня) знаходзіўся на суседняй стражніцы «Гразі». Калі тую атакавалі чырвонаармейцы, падафіцэр сеў на матацыкл і паехаў у бок свайго гарнізона. Убачыўшы, што з савецкага боку колькасная перавага, плутановы загадаў нешматлікаму гарнізону адыходзіць на захад у бок Падсвілля, а сам узяў ручны кулямёт «Браўнінг» і заняў пазіцыю на вежы стражніцы.
Калі савецкія памежнікі падышлі да будынка, Пальчынскі адкрыў агонь. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, у тым баі загінула шмат «зялёных фуражак». Параненых і забітых чырвонаармейцаў вазілі на ўсход на некалькіх вазах. У пэўны момант выбух гранаты смяротна параніў камандзіра стражніцы. Савецкі камандзір забараніў пахаваць гераічнага абаронцу. Праўда, мясцовыя ўзгадвалі, што бальшавіцкі афіцэр пашыхтаваў чырвонаармейцаў і сказаў: «Вось так трэба ваяваць, як гэты паляк». Пазней сяляне пахавалі цела падафіцэра побач са знішчаным будынкам стражніцы.
У ліпені 2011 года пры правядзенні работ побач з падмуркам стражніцы былі знойдзеныя чалавечыя косткі. 17 верасня 2011 года парэшткі камандзіра стражніцы «Каменны Воз» плутановага Стэфана Паўла Пальчынскага перапахавалі на могілках у Глыбокім. На месцы стражніцы пастаўлены крыж.

Вайна ля Заслаўя

Баі разгарнуліся не толькі на поўначы Беларусі, але ў цэнтры і на поўдні. Так, жаўнерам батальёна КАП «Краснае» давялося супрацьстаяць падраздзяленням 100-й стралковай дывізіі, 36-й кавалерыйскай дывізіі РСЧА і памежнікам 15-га Заслаўскага памежнага атрада.

Гарнізон КАП у Красным

Гарнізон КАП у Красным

У 5:30 17 верасня 1939 года войскі савецкай памежнай аховы атакавалі стражніцу «Лаўцэвічы». Бой там працягваўся амаль две гадзіны, пры гэтым былі забітыя 3 польскія памежнікі, а яшчэ 9 трапіла ў палон. З савецкага боку загінуў адзін памежнік. У гэты ж час бальшавікі атакавалі 3-ю памежную роту «Малыя Бакшты», у склад якой уваходзілі стражніцы «Будзькі», «Кліманты», «Радашковічы» і «Вялікія Бакшты». Пра абарону апошняй з іх варта ўзгадаць падрабязней.
17 верасня 1939 года а 5-й гадзіне раніцы тут даваенную мяжу перайшлі падраздзяленні 100-й «крапасной» дывізіі Чырвонай Арміі, а таксама памежнікі 15-га атрада з Заслаўя. На момант нападу ў будынку стражніцы знаходзіўся ўзвод прыкрыцця і штаб 3-й памежнай роты «Малыя Бакшты». У распараджэнні польскіх памежнікаў былі кулямёты, стралковая зброя, французскія гранаты. Польскія жаўнеры занялі кругавую абарону.
Бой працягваўся каля дзвюх гадзін. У выніку два польскія афіцэры загінулі, а яшчэ пяць былі цяжка паранененыя. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, пасля боя савецкія памежнікі забаранялі хаваць забітых абаронцаў стражніцы. Хутка з’явіліся марадзёры, якія сцягвалі з забітых боты. 25 жаўнераў Корпуса аховы памежжа, якія трапілі ў бальшавіцкі палон, пад аховай былі дастаўленыя ў Заслаўе, дзе быў створаны часовы пункт канцэнтрацыі польскіх вайсковапалонных.  

Штурм польскай стражніцы

Штурм польскай стражніцы

Баі адбываліся ў раёне памежнай роты КАП «Дуброва», у якую ўваходзілі стражніцы «Павязынь», «Гурновічы», «Вязынка», «Пялікшты» і «Шапавалы». Увечары 16 верасня 1939 года камандзір апошняй з узгаданых застаў, капрал Нядзельскі, разглядаючы ў бінокль вёску Вендзелева, якая ляжала на савецкім баку мяжы, убачыў велізарную колькасць жаўнераў РСЧА. Ужо праз некалькі гадзін усе гэтыя часці рушылі на Захад. Савецкія памежнікі спрабавалі падысці да стражніцы «Шапавалы» незаўважна, аднак іх пачуў службовы сабака, які напаў на аднаго з савецкіх памежнікаў. Польскія вартавыя мяжы паспелі заняць кругавую абарону. Бой працягваўся некалькі гадзін. Польскі супраціў удалося зламаць толькі тады, калі з савецкага боку падцягнулі артылерыю. Падчас штурму стражніцы загінулі тры (па іншых звестках, чатыры) польскія памежнікі, а яшчэ 10 трапіла ў палон. Параненага капрала Нядзельскага прывезлі ў камендатуру ў Заслаўі, дзе неўзабаве той і памёр. Падчас штурму загінулі два чырвонаармейцы. Мясцовыя жыхары ўзгадвалі, што забітых польскіх жаўнераў і чырвонаармейцаў пахавалі побач са стражніцай.
У 1960-я гады ў раён стражніцы прыязджалі нейкія людзі, якія забралі парэшткі чырвонаармейцаў, а вось магіла польскіх памежнікаў згубілася.

Савецкі памежны слуп у Коласава

Савецкі памежны слуп у Коласава

Жорсткі бой адбыўся на стражніцы КАП «Коласава», якая ўваходзіла ў склад батальёна «Стоўбцы» палка «Сноў». Як вядома, да вайны гэта быў галоўны чыгуначны калідор з СССР у Польшчу. Польская памежная інфраструктура тут была дастаткова разбудаваная. Стражніца ўяўляла з сябе вялікі цагляны будынак. Вось як той бой апісваўся ў савецкай газеце: «Рота старшага лейтэнанта Кашлакова атрымала баявы загад — дзейнічаць у галаўной паходнай заставе і перайсці мяжу ў раёне памежслупа 777. Наперад накіраваліся танкі. Пад’ехалі камандуючы фронтам камандарм 2-га рангу тав. Кавалёў, члены Вайсковага савета. Тав. Кашлакоў далажыў камандуючаму абстаноўку. Паследаваў загад прасоўваць роту. Кулямёты адкрылі агонь па польскіх памежніках. Польская стражніца спрабавала аказаць супраціў. З яе вышкі застрачыў кулямёт. Нашая артылерыя двума-трыма стрэламі разнесла вышку на трэскі. Палякі заселі ў памяшканні стражніцы. Нашыя артылерысты знайшлі іх і там».

Стражніца КАП Коласава

Стражніца КАП Коласава

Факты з гэтай справаздачы пацвярджаюць і апытаныя аўтарам жыхары Коласава, якія адзначалі, што раніцай 17 верасня 1939 года савецкія памежнікі, якія перайшлі мяжу, забілі польскага вартавога на назіральнай вышцы і атакавалі стражніцу КАП. Капаўцы аказалі супраціў, і будынак удалося ўзяць толькі пасля таго, як на дапамогу падраздзяленням савецкіх памежнікаў падышла артылерыя.

Баі на поўдні «рыжскай мяжы»

Не менш цяжкія боесутыкненні паміж польскімі і савецкімі памежнікамі адбываліся ў раёне дыслакацыі 17-га Цімкавіцкага атрада памежных войскаў НКУС БССР. «У ноч на 17 верасня нас паднялі па трывозе. Атрымаўшы поўны камплект боепрыпасаў, мы селі ў машыны і на вялікай хуткасці паімчалі да самай далёкай заставы. Па дарозе з цяжкасцю абганялі калоны часцей Чырвонай Арміі, якія накіроўваліся да мяжы. Перад світаннем мяне выклікалі ў канцылярыю начальніка заставы. На стале ляжала велізарная карта ўчастка — на сумежны бок вялі дакладныя чырвоныя стрэлы. Начальнік штаба атрада паглядзеў на гадзіннік, устаў, выпростваючы гімнасцёрку: «Слухайце баявы загад». Памежнікам ставілася задача: расчысціць шлях для падраздзяленняў савецкіх войскаў, заняць масты, пераправы, умацаваныя стражніцы. Пры гэтым усю аперацыю трэба было правесці хутка. [...] А чацвёртай гадзіне раніцы на ўсім савецка-польскім участку мяжы ўдарныя групы памежнікаў прыступілі да выканання баявога задання. Яны дзейнічалі аператыўна», — узгадваў былы інструктар фізічнай падрыхтоўкі Цімкавіцкага памежатрада лейтэнант Сяргееў. З ліку памежнікаў атрада, а таксама папаўнення, якое атрымалі ў выглядзе курсантаў памежных вайсковых школ і вучылішчаў, былі створаныя 15 баявых груп агульнай колькасцю больш за 800 байцоў.
У 7:35 савецкія памежнікі з 17-га памежнага атрада з Цімкавічаў захапілі стражніцы КАП «Вялікая Балвань», «Кажэнеўшчына», «Цецеравец», «Любенец», «Геленава», «Палоўкавічы». Пасля баёў на лініі мяжы польскія памежнікі вымушаныя былі адступіць у накірунку Лунінца.

Магіла савецкіх памежнікаў у Цімкавічах

Магіла савецкіх памежнікаў у Цімкавічах

Баі адбываліся і ў раёне, які ахоўваў батальён КАП «Давыд-Гарадок». «Стражніцу ў Колках абаранялі толькі чатыры жаўнеры-рэзервісты і жаўнер звыштэрміновай службы, плутановы Францішак Квапіш. Казармы ў Колках занятыя раніцай 17 верасня 1939 года. Жаўнер на вышцы абараняўся вучэбнымі гранатамі. Яго забілі, калі ў яго скончыліся патроны. Пасля захопу казармаў ля сцяны застрэлілі чатырох аўчарак і іх гаспадароў, жаўнераў тэрміновай службы. Яны сваімі целамі хацелі абараніць чатырохногіх гадаванцаў, і пасля некалькіх загадаў адысці ад сабак прагучала каманда: «Собакам и вам собачья смерть». Так загінулі два капаўцы і іх сабакі», — узгадваў тыя жудасныя дні сын польскага памежніка Эдвард Пасечны.

Памежнікі КАП са службовымі сабакамі

Памежнікі КАП са службовымі сабакамі

Увечары 17 верасня 1939 года камбрыг Іван Багданаў дакладваў камандаванню Беларускага фронта пра падзеі на савецка-польскай мяжы. У Мінск, у прыватнасці, паведамлялася, што падраздзяленні 17-га памежнага атрада вялі бой за стражніцу «Пяшчанка» супраць прыбыўшых з захаду падраздзяленняў польскага войска. Варта адзначыць, што ніякіх польскіх падраздзяленняў на дапамогу польскім памежнікам не падыходзіла. Супраць нападаючых змагаўся толькі гарнізон стражніцы.

Савецкія памежнікі знічаюць польскія памежныя ўмацаванні

Савецкія памежнікі знічаюць польскія памежныя ўмацаванні

Савецкія памежнікі ля знішчанага польскага слупа

Савецкія памежнікі ля знішчанага польскага слупа

У савецкім дакуменце адзначалася: «1. Страты непрыяцеля: забіта восем афіцэраў, восем падафіцэраў, 137 радавых, сем асаднікаў; узятыя ў палон сем афіцэраў, 28 падафіцэраў, 425 радавых, сярод якіх было параненых пяць падафіцэраў і сорак чатыры радавых. 2. Нашыя страты: загінулі тры чалавекі з вышэйшага каманднага складу. [...] З 14-га вылучанага аддзела — лейтэнант Пятроў, камандзір 17-й заставы 17-га вылучанага атрада лейтэнант Шындраеў, палітрук 9-й заставы 17-га вылучанага атрада — палітрук Арлоў. Малодшых камандзіраў — адзін чалавек. Чырвонаармейцаў — трынаццаць. Агулам сямнаццаць чалавек. Патанула падчас фарсіравання Дзвіны ў раёне мястэчка Дрыса — адзін малодшы камандзір і адзінаццаць чырвонаармейцаў з 12-га вылучанага атрада. Цяжка параненыя: з сярэдняга камандзірскага складу — 6, малодшых камандзіраў — 4, чырвонаармейцаў — 10, лёгка параненыя: з камандзірскага складу — 12, малодшых камандзіраў — 9, чырвонаармейцаў — 70. Усяго — сто адзінаццаць».