Апошні трыумф славутага гетмана. Да 400-годдзя легендарнай перамогі пад Хоцінам

Радасць перамогі і трагізм смерці. Так гісторыя знітавала Хоцінскую бітву і гетмана Яна Караля Хадкевіча. Сёлета адзначаюцца 400-я ўгодкі падзей, калі крылатыя вершнікі скрыжавалі шаблі з асманамі на берагах далёкага Днястра.  
Рэканструкцыя бітвы пад Хоцінскім замкам, 2021 год

Рэканструкцыя бітвы пад Хоцінскім замкам, 2021 год

Калі завітаць у фарны касцёл Наваградка, можна ўбачыць загадкавую пліту. На ёй у апошняй малітве ўкленчылі постаці рыцараў, якія страцілі галовы. Над няшчаснымі ваярамі — Божая Маці, якая працягвае руку з вянцом пераможцаў. З лацінскага тэксту эпітафіі можна вычапіць згадкі пра 1621 год, перамогу і Хоцін… Гэта — памятная пліта, якую ў 1643 годзе паставіў наваградскі шляхціц, крылаты панцырны гусар Ян Рудаміна-Дусяцкі. Так праз 22 гады мужны рыцар увекавечыў памяць аб палеглых земляках у Хоцінскай бітве, дзе страціў брата і быў паранены сам.

Водгулле ў наваградскім касцёле падзей, якія разгарнуліся ў далёкай Бесарабіі, — невыпадковае. Бітва пад Хоцінам без перабольшання мела ключавое значэнне як для нашых народаў, так і для ўсёй Еўропы. Адвага гусарскага чыну спыніла пагрозу ўварвання Асманскай імперыі, уладанні якой распасцерліся ў трох частках свету, а межы падпаўзалі пад гарады старой Еўропы.

Памятная пліта ў Наваградскім касцёле. Фота catholic.by

Памятная пліта ў Наваградскім касцёле. Фота catholic.by

Геапалітычныя інтарэсы і «гібрыдная» вайна

Другое дзесяцігоддзе XVII стагоддзя — гэта час, калі яшчэ моцная Рэч Паспалітая была ўплывовым гульцом на палітычнай арэне. І, як любая дзяржава з амбіцыямі, яна мела свае зоны ўплыву, а сярод суседзяў — пераменлівых ворагаў і хаўруснікаў. На парозе 1620-х гг. на захадзе еўрапейскага кантыненту палыхала рэлігійная вайна паміж каталікамі і пратэстантамі, Маскоўская дзяржава, у якой толькі што адваявалі Смаленск, адыходзіла ад «смуты», а галоўным вектарам барацьбы для Рэчы Паспалітай была Швецыя і змаганне за Балтыйскае ўзбярэжжа.

Зусім нечакана кропка канфлікту перамясцілася з поўначы на поўдзень: пачалося адкрытае збройнае сутыкненне з Турцыяй. Да 1620-х гг. стасункі Вільні і Варшавы са Стамбулам не былі вострымі, Турцыю больш цікавіў басейн Дуная. Што праўда, гэтыя адносіны не былі і прыяцельскімі, іх можна ахарактарызаваць сучасным тэрмінам «гібрыдная вайна», толькі ўзору XVII стагоддзя. Прамога канфлікту не было, але бакі адзін аднаму моцна надакучвалі. Паўднёвыя землі Рэчы Паспалітай часта цярпелі ад рабаўнічых набегаў адданых асманскіх леннікаў — крымскіх татар. Сіметрычным адказам былі Запарожскія казакі, якія па Дняпры і Чорным моры рабавалі не толькі Крым, але часам выпраўляліся да турэцкіх берагоў, неслі гвалт і пагрозу прадмесцям Стамбула.

Вайна развязвалася паступова. Першымі пагоршыліся дыпламатычныя адносіны ў еўрапейскім трыкутніку Габсбургі — Рэч Паспалітая — Асманская імперыя. Калі сцісла, то справа тут такая: галоўным ворагам Стамбула ў Еўропе былі дзяржавы Габсбургаў — шчыт на шляху турэцкай экспансіі, а Рэч Паспалітая ўступіла з імі ў альянс. Спрацаваў механізм «сябар майго ворага — мой вораг». Так Рэч Паспалітая аўтаматычна стала праціўнікам для Турцыі. Для пажару вайны знайшлася і глеба — малдаўскія землі, за ўплыў над якімі ішло спаборніцтва. Лакальныя сутычкі перараслі ў вайну, якая атрымала імя Хоцінскай.  

Асманская імперыя ў XVII стагоддзі

Асманская імперыя ў XVII стагоддзі


Перад вялікай перамогай быў вялікі разгром

Першы эпізод Хоцінскай вайны — восеньскі паход 1620 года. Каронныя войскі і войскі Асмана ІІ сустрэліся недалёка ад малдаўскай вёсачкі Цэцора пры рацэ Прут. Асманскі вайскаводца Іскандэр-Паша ўшчэнт разбіў армію Рэчы Паспалітай, захапіў у палон гетмана Станіслава Канецпольскага, пакараў смерцю гетмана Станіслава Жалкеўскага. Толькі хуткі надыход зімы спыніў баявыя дзеянні.

Бітва пад Цэцорай і смерць гетмана Жалкеўскага

Бітва пад Цэцорай і смерць гетмана Жалкеўскага

Вайсковы трыумф неверагодна натхніў амбіцыйнага і зусім маладога, 16-цігадовага султана. Без затрымак Асман ІІ сабраў вялікае войска і пачаў рыхтаваць паход на Рэч Паспалітую з сур’ёзным намерам выйсці да берагоў Балтыйскага мора. Знайшоўся і хаўруснік — Швецыя, даўні вораг і канкурэнт на Балтыцы, які адначасова распачаў баявы рух у Інфлянтах.

Турэцкі султан Асман ІІ

Турэцкі султан Асман ІІ


Не спала ў шапку і Рэч Паспалітая. Што праўда, яна замежнай падтрымкі не атрымала: еўрапейскія краіны былі вельмі занятыя войнамі на глебе спрэчак, чыё багаслоўе больш правільнае. Толькі праз шэсць дзесяцігоддзяў кааліцыя хрысціянскіх манархаў збярэцца і дасць бой турэцкай навале… А ў 1620 годзе Рэч Паспалітая аказалася адна, твар да твару з грозным ворагам. Разлік — толькі на сябе, трэба было збіраць сілы. Няўдача пад Цэцорай падштурхнула заняцца сур’ёзнай падрыхтоўкай да абароны краіны.  

Амаль год цягнулася руціна падрыхтоўкі да вайны з яе звыклым клопатам: спозненыя падаткі на вайну, нястача коней і артылерыі, кепская вайсковая дысцыпліна. Але галоўным было іншае пытанне: хто будзе здольны камандаваць войскам?

Войскамі камандуе лепшы

Пытанне аб вайскаводцы вырашалася на варшаўскім сойме ў снежні 1620 года. Кароннае войска было разбітае, гетманы страчаны. Пры падтрымцы большасці ўплывовых вяльможаў, галоўнае камандаванне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай прымае 50-ці гадовы вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч — адзін з найбольш таленавітых вайскаводцаў XVII стагоддзя. Не хопіць эпітэтаў, каб апісаць вайсковы талент Хадкевіча, ён — сапраўдная зорка і геній вайсковай справы.

Ян Караль Хадкевіч, гравюра В. Гандзіюса 1648 г. На заднім плане бачны Хоцінскі замак

Ян Караль Хадкевіч, гравюра В. Гандзіюса 1648 г. На заднім плане бачны Хоцінскі замак


Паслужны спіс гетмана — амаль 30 гадоў няспынных бітваў і перамог. Вайсковая кар’ера Хадкевіча пачалася з падаўлення казацкага паўстання Севярына Налівайкі, потым былі шматлікія войны са шведамі. Самы яскравы эпізод шведскай кампаніі — бітва пад Кірхгольмам. Гэта ўзор бліскучай перамогі меншымі сіламі, гэта бітва, дзе вырашальную ролю адыгралі гусары. Не застаўся гетман убаку і Маскоўскіх паходаў. І вось перад ім новы выклік — ратаваць айчыну ад турэцкіх шабель.

Хадкевіч вырашае абараняцца

Славуты гетман добра ацаніў аператыўную абстаноўку і суадносіны сіл, якія былі прыкладна адзін да трох на карысць туркаў. З улікам гэтага Хадкевіч абірае абарончую тактыку супраціву. Для лагера ён вызначыў месца каля крэпасці Хоцін на малдаўскім правабярэжжы Днястра.

Сучасны Хоцін — гэта раённы цэнтр у Чарнавіцкай вобласці ва Украіне, а ў 1621 годзе ён стаў арэнай вялікай бітвы. Асяроддзе гэтаму спрыяла. Хадкевіч разумна распарадзіўся ўмовамі мясцовасці. Паўночная лінія абароны абапіралася на замак XV стагоддзя і мураваную царкву, з усходу пазіцыі засланяў хуткаплынны Днестр і яго высокі скалісты бераг. Акрамя таго, да падыходу турак гетман добра падрыхтаваўся: былі насыпаны даўгія земляныя валы, узведзены ўмацаванні з зямлі і дрэва. Па сутнасці, было створанае паўкола палявых умацаванняў, разлічаных на выкарыстанне кавалерыйскіх контратак. А яны былі вельмі важныя, бо эліта, спадзеў і апора войска Рэчы Паспалітай — крылатыя гусары.

Гетман Ян Караль Хадкевіч з гусарамі пад Хоцінам, Wojciech Kossak

Гетман Ян Караль Хадкевіч з гусарамі пад Хоцінам, Wojciech Kossak


Пад сваёй гетманскай булавой Хадкевіч сабраў вялікае войска, частку якога складалі польскія харугвы, найміты з Сілезіі, Прусіі і Нямеччыны. Былі і харугвы з паветаў Вялікага Княства Літоўскага, якія мелі баявы досвед. Камандавалі імі загартаваныя ў бітвах ваяры — Аляксандр Сапега, Мікалай Зяновіч, Мікалай Касакоўскі, Ян Рудаміна. Таксама былі ў складзе войска гетмана легендарныя «лісоўчыкі», якія навадзілі жах на маскоўскія ваколіцы дзесяцігоддзем раней. У гэтай кампаніі трэба адзначыць асаблівую ролю, якую адыгралі запарожскія казакі.

На чыім баку запарожскія казакі?

Важнай задачай для кіраўніцтва было заручыцца падтрымкай запарожскага войска з яго першакласнай, спрактыкаванай мабільнай конніцай. Да таго ж, казацкія шаблі не раз скрыжоўваліся з турэцкімі, гэты вораг быў добра знаёмы. Але запарожскія старшыны вагаліся, і не без падстаў. Адносіны паміж Варшавай і запарожцамі былі напружаныя на фоне той гаспадарчай і рэлігійнай палітыкі, якая ажыццяўлялася ў адносінах да Падняпроўя. Да таго ж, казакі асцерагаліся, што стануць разменнай картай у дыпламатычных гульнях на перамовах з Турцыяй: султан асабліва патрабаваў разагнаць надаедлівую Сеч. Складаныя перамовы схілілі казакоў на бок Рэчы Паспалітай. Магутнае казацкае войска на чале з даўнім паплечнікам Хадкевіча гетманам Пятром Сагайдачным пераправілася праз Днестр.

Запарожскія казакі

Запарожскія казакі


Пакуль літоўскі гетман умацоўваў пазіцыі пад Хоцінам, казацкія ватагі спусташалі наваколле, чым пакідалі туркаў без правіянту, рабілі засады на непрыяцеля. Да таго ж, частка казакаў на чаўнах пачала марскія выправы на туркаў, наводзіла страх на турэцкае ўзбярэжжа, шкодзіла марскім камунікацыям. Напачатку кампаніі казакі займаліся звыклай для сябе вайсковай справай, чым выйгравалі для гетмана час.
Таленавіты гетман, магутныя ўмацаванні, спрытнасць гусараў і храбрасць казакаў — добры набор для супрацьстаяння. Але ўсяго гэтага не дастаткова. Трэба ідэя, якая б усіх яднала. І яна была: абарона хрысціянскай цывілізацыі ад мусульманскай навалы. Там, пад Хоцінам, казакі і гусары баранілі свае сем’і, свой далёкі дом, які многім не было наканавана пабачыць ужо ніколі.      

Шэсць вырашальных дзён верасня

Першыя сутычкі з туркамі пачаліся яшчэ напрыканцы жніўня. Казацкі атрад здзейсніў смелы рэйд на асманскае войска, якое набліжалася да Хоціна, добра нашкодзіў яму, але амаль увесь і загінуў. Туркі намагаліся адсекчы казакоў, якія яшчэ не прыйшлі ў галоўны табар на Днястры, але без выніку.

1 верасня перадавыя атрады турак пачалі безвыніковы штурм яшчэ не ўмацаваных пазіцый, а 2 верасня пад Хоцін прыбыла галоўная частка вялікага войска Асмана ІІ. Распачалася бітва. Туркі паўтарылі штурм пазіцый запарожцаў, але тут гетман пасылае дапамогу казакам, падтрымлівае іх залпамі артылерыі. Янычары захісталіся, а казакі рынуліся ў контратаку.

Асман ІІ на маршы пад Хоцінам

Асман ІІ на маршы пад Хоцінам


3 верасня распачалася атака туркаў на пазіцыі блізу царквы, але польская пяхота спыніла гэты парыў. У другой палове дня зноў пачаўся наступ на пазіцыі запарожцаў. Бой завязаўся суровы, але казацкая шабля аказалася мацнейшай за турэцкую: асманы былі адкінуты, а мужныя запарожцы ўварваліся ў іх табар, адкуль вярнуліся толькі ўначы з багатай здабычай.

4 верасня сітуацыя абвастрылася. За гэты час Асман ІІ сабраў свежыя сілы і вырашыў паўтарыць атаку па тым жа плане: ударыць на пазіцыі каля царквы і на лагер запарожцаў. Наступ на царкву праваліўся, але туркі пачалі моцны абстрэл з гармат: чаго-чаго, а пораху ў іх не бракавала. Пасля артылерыйскага шквалу асманскія галаварэзы кінуліся на казакоў, моцна падціскалі. Калі сітуацыя стала крытычнай, гетман Хадкевіч робіць ход канём — выпускае ў бой літвінскую пяхоту і частку конніцы. Туркі адступілі. Але замест пабітых атрадаў султан пусціў у ход новыя сілы. Да вечара ўпарта біліся казакі поруч з «лісоўчыкамі», а пад ноч, якая спыніла сечу, нават перайшлі ў наступ. За адзін дзень ваяры Хадкевіча адбілі тры атакі султана!    

5 верасня бакі пераводзілі дух, а 6 верасня турэцкі лагер узрушыла навіна аб тым, што вялікі атрад дзёрзкіх запарожцаў у Чорным моры патапіў 20 турэцкіх судоў з гарматамі і наблізіўся да Стамбула.

Марскі рэйд запарожцаў

Марскі рэйд запарожцаў


Гетман вядзе ў атаку гусараў

Вырашальным і цяжкім днём было 7 верасня 1621 года. Па сваёй завядзёнцы дзень пачаўся з моцнага гоману турэцкіх гармат. Цягам пяці гадзін асманская конніца і янычары чатыры разы спрабавалі скрышыць абарону запарожцаў. Але ўсё марна! Казакі не толькі выстаялі, але і зноў пайшлі ў контратаку.

Але Асман ІІ робіць нечаканы ход: галоўны ўдар ён скіроўвае на зазор у абароне, дзе стаялі польскія і літвінскія войскі. Перадавы атрад абаронцаў быў амаль цалкам пасечаны, янычары прарваліся праз нямецкіх наймітаў і пяхоту, захапілі галоўны вал, трапілі ў лагер. Здавалася, перамога турак блізка... Гетман не разгубіўся, ён імгненна ў прарыў скіраваў спешаных запарожцаў, якія ўратавалі сітуацыю і выбілі янычараў.
Султан, які ўжо адчуваў перамогу, кідае ў вір бітвы новыя сілы. Але насуперак яму Хадкевіч разыгрывае сваю партыю і робіць назапашаны ход. Падпусціўшы праціўніка пад самыя валы, у бой рынулася галоўная сіла — тры харугвы літвінскай крылатай конніцы і рэйтараў. У бой гусараў вядзе сам вялікі гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч. Кавалерыя ўдарыла туркаў у фланг, пабурыла іх шэрагі, раструшчыла шаблямі… З вялікімі стратамі туркі кінуліся ўцякаць.

Гэта смелая атака зламала маральны дух туркаў, а шляхецкія шаблі згасілі запал амбіцыйнага султана. Балтыйскае ўзбярэжжа яму больш не мроілася.      

Атака крылатых вершнікаў пад Хоцінам. Muzeum Wojska Polskiego

Атака крылатых вершнікаў пад Хоцінам. Muzeum Wojska Polskiego

Зацяжная пазіцыйная вайна

Пастаянныя атакі пазіцый Хадкевіча аказаліся для турак справай не таннай. Асман ІІ абірае новую тактыку: адрэзаць камунікацыі, узяць у аблогу Хоцінскія пазіцыі і спадзявацца на тое, што абаронцы памруць ад голаду і хвароб. Змаганне перарастала ў нудную і доўгую пазіцыйную вайну.

Але тут усё пайшло па плане, які прадугледжваў гетман Хадкевіч. Ён рыхтаваўся да абароны і пазіцыйнай вайны, а туркі не былі да гэтага гатовыя. Войскі Асмана ІІ былі пазбаўлены галоўнай сваёй перавагі — мабільнасці, турэцкая і татарская конніца, узброеная халоднай зброяй і лукамі, аказалася бессэнсоўнай. Да таго ж на дапамогу Хадкевічу прыйшло надвор’е: турэцкія ваяры былі пераважна з цёплых краёў, а тут пачыналася халодная дажджлівая восень… Няўрымслівыя туркі аказаліся не гатовымі да доўгай аблогі.

Юзэф Бранд «Хоцінская бітва». На белым кані — гетман Ян Караль Хадкевіч

Юзэф Бранд «Хоцінская бітва». На белым кані — гетман Ян Караль Хадкевіч

Трэба прызнаць, што і ў лагеры абаронцаў не ўсе былі падрыхтаваныя да чакання. Запарожскія казакі таксама былі прызвычаеныя да імклівых дзеянняў. Але свой імпэт, яшчэ больш азлобленыя голадам і нястачай, яны перавялі ў рэчышча барацьбы. І дасталася ж туркам ад вылазак казакаў! Начныя імклівыя вылазкі смелых ваяроў наводзілі страх на турэцкі лагер, а казакі вярталіся з фуражом, каштоўнасцямі і коньмі. Да казакоў далучыліся «лісоўчыкі». Такія напады дэмаралізавалі ворага.  

Час ішоў, і стан спраў у абодвух табарах пагаршаўся. Голад, хваробы, адсутнасць корму для коней, панічныя настроі пасяліліся ў войску Хадкевіча і Асмана ІІ. Справа перамогі вырашалася ўжо не зброяй, а ўпартасцю і вытрымкай маральнага духа. І ў гэты вырашальны момант лёс робіць нечаканы віраж: памірае славуты гетман.

Смерць гетмана Хадкевіча ў лагеры пад Хоцінам, Biblioteka Narodowa

Смерць гетмана Хадкевіча ў лагеры пад Хоцінам, Biblioteka Narodowa


Смерць гетмана і доўгачаканы мір

Падчас Хоцінскай бітвы гетман быў ужо не малады для свайго часу. Тры дзесяцігоддзі ваенных паходаў, жыцця ў сядле і намёце, спёка, маразы, смелыя конныя атакі… Здароўе было ўжо не тым, дый букет хвароб быў сур’ёзны. 24 верасня сэрца славутага ваяра спынілася. Але за дзень да гэтага ён перадаў булаву камандуючага свайму паплечніку — палкоўніку Любамірскаму.

Канечне, у лагеры як маглі трымалі смерць правадыра ў таямніцы, але навіна пераскочыла праз баявыя ўмацаванні і дайшла да Асмана ІІ. Смерць гетмана і падзенне маральнага духу — гэта быў апошні шанец султана на перамогу.

Ведалі гэта і абаронцы. 25 верасня Любамірскі адышоў ад першапачатковых пазіцый і аслабленыя войскі занялі больш кароткую абарончую лінію. Асманы пайшлі ў атаку, але яна захлябнулася. 28 верасня пасля моцнага артылерыйскага агню пачаўся вялікі штурм. Асман ІІ пайшоў ва-банк. Цягам дня было дзевяць адчайных спроб атакі. Але стан турэцкіх ваяроў быў дэпрэсіўны, яны ішлі з неахвотай, і як лагічны вынік — поўная параза.

Яшчэ пры жыцці Хадкевіча былі спробы перамоў, апошнія няўдачы зрабілі Асмана ІІ больш згаворлівым, і доўгачаканы мір быў падпісаны 9 кастрычніка.  

Хоцінскі мір.  Марчэла Бачарэлі

Хоцінскі мір. Марчэла Бачарэлі

Што ў выніку?

Два бакі панеслі вялікія страты і разышліся кожны ў сваім напрамку: туркі пайшлі на поўдзень, палякі і літвіны на поўнач, казакі — у родны стэп. Але хто стаў пераможцам? Тут той выпадак, калі кожны вырашыў для сябе сам. У Рэчы Паспалітай і асяроддзі казакаў спыненне аграмаднай арміі асманаў было ўспрынятае як вялікая перамога, а вось султан Асман ІІ па выніках бітвы моцна зажурыўся.

Асаблівых палітычных перамен не адбылося. Канечне, амбіцыйным планам туркаў па выхадзе да Балтыйскага ўзбярэжжа не лёс было здзейсніцца, у гэтым адназначная перамога Рэчы Паспалітай. Тэрытарыяльных змен не адбылося: мяжа паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй праходзіла па Днястры, Рэч Паспалітая прызнала Асманскі кантроль над Малдовай. Турцыі і Крымскаму ханству забаранялася здзяйсняць набегі на землі Рэчы Паспалітай, а запарожцам забаранялася здзяйсняць паходы на Крым і Турцыю, што, канечне ж, парушалася.

Цікава, што галоўныя героі Хоцінскай бітвы не шмат пасля яе пражылі. Ян Караль Хадкевіч памёр падчас бітвы. Гетман запарожцаў Пятро Сагайдачны сканаў ад атрыманых ран праз некалькі месяцаў. Нядоўга пражыў і султан Асман ІІ. У паражэнні ён бачыў віну янычараў і хацеў мадэрнізаваць войска, але прыхільнікі старога ладу пайшлі на змову і ў 1622 годзе зрынулі з трона і забілі 17-цігадовага султана.

Гетман Пятро Сагайдачны

Гетман Пятро Сагайдачны


Хоцінская бітва не спыніла супрацьстаянне з Турцыяй. Будуць яшчэ і шматлікія памежныя сутычкі, і Другая Хоцінская вайна, і Венская бітва…

Гравюра «Бітва пад Хоцінам», Giacomo Lauro (rycina). Biblioteka Narodowa

Гравюра «Бітва пад Хоцінам», Giacomo Lauro (rycina). Biblioteka Narodowa

P. S. Памяць аб бітве

У гонар слаўнай перамогі пад Хоцінам, якая, лічылася, уратавала хрысціянскі свет, Папа Рыгор XV і Урбан VIII прысвяцілі асобны дзень памяці — 10 кастрычніка: у гэты дзень Каталіцкая Царква да канца ХІХ стагоддзя ладзіла адмысловую імшу.

Пра бітву і подзвігі гетмана ў самой Рэчы Паспалітай памяталі, яны займалі годнае месца ў пантэоне памяці, як рамантызаваны ўспамін аб даўнім рыцарскім мінулым. Не стала Рэчы Паспалітай — памяць прытупілася, хоць суцэльны міф аб слаўным мінулым жыў.

У міжваенны час у Заходняй Беларусі памяць аб Хоцінскай бітве і гетмане Хадкевічу крыху ажыла. Дробны прыклад: у 1927 годзе ў баранавіцкай гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана адбываліся школьныя ўрачыстасці, прысвечаныя перамозе пад Хоцінам; у Лідзе ж гімназія насіла імя Яна Караля Хадкевіча.

Хоцінская бітва. Паводле Na bitewnym szlaku

Хоцінская бітва. Паводле Na bitewnym szlaku

Гістарычная навука Савецкай Беларусі Хоцінскую бітву «згубіла» недзе паміж Берасцейскай уніяй і паўстаннем казакаў Багдана Хмяльніцкага. Слаўная перамога асабліва нідзе не згадвалася. Як і не згадваўся гетман Хадкевіч: феадал-эксплуататар гаротнага сялянства ніяк не падыходзіў на ролю героя ў савецкай краіне.

Сучасная Беларусь таксама не можа пахваліцца годнай культурай памяці. Хоцінская бітва і гетман Хадкевіч займаюць «пачэснае» месца сярод дзясятка такіх жа «забытых» бітваў і герояў. Але 400-годдзе магло б стаць добрай нагодай для ўшанавання памяці аб бітве і гетмане. Ян Караль Хадкевіч заслугоўвае ўшанавання. Таленавіты ваяр і пераможца, будаўнік замкаў і храмаў… Яго імя павінны насіць вуліцы і плошчы нашых гарадоў, кадэцкія корпусы і вайсковыя спалучэнні. І як бы прыгожа выглядала на цэнтральнай плошчы якога-небудзь беларускага горада ўвекавечаная ў бронзе постаць сталага гетмана, які на кані вядзе крылатых вершнікаў у сваю апошнюю атаку!    


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: