Бенвенута Чэліні з-пад Ружан

Прыгавораны да пажыццёвай катаргі Ігнат Цэйзік заявіў, што яго мэтай было пабольшваць інфляцыю, каб паслабляць расійскую сістэму і такім чынам садзейнічаць вызваленню народаў і вяртання Канстытуцыі 3 мая.



9_ruzany_orda.jpg

Ружаны. Малюнак Напалеона Орды

Гістарычная асоба з ліку жыхароў ваколіц

Біяграфічныя звесткі Ігната Цэйзіка (1779–1860) нешматлікія. У рускай ды беларускай інтэрнэт-прасторы яны папросту адсутнічаюць. Але ўвідавочыць абрысы гэтага персанажа, цікаўнасць да якога ўзнікла перадусім з-за сяброўства і ліставання з адным з пачынальнікаў віленскай мастацкай школы Янам Дамелем, усё ж магчыма.

6_jan_damel_a_tapartret_xix_.jpg

Мастак Ян Дамель (аўтапартрэт) быў сябрам Ігната Цэйзіка. На жаль, партрэта самога Цэйзіка аўтару нарыса адшукаць пакуль што не ўдалося

Сын каваля Міхала і Ганны Сабалеўскай (кажуць, што з Падляшша) быў яшчэ і ўнукам Якуба — капітана гвардыі ВКЛ. Нара­дзіўся Ігнат у маёнтку Лыскава, што пад Ружанамі. У 1798 годзе закончыў тры класы школы і рушыў у Віленскі ўніверсітэт вучыцца жывапісу ў прафесара, доктара філасофіі (па меркаванні Соф’і Лач, даследчыцы з Беластока) Францішка Смуглевіча.

«Гістарычная асоба з ліку жыхароў ваколіцаў», — так характарызуе Ігната Цэйзіка мемуарыст Цыпрынус (псеўданім народжанага ў Слоніме Восіпа Антонавіча Пржэцлаўскага). Бацькі Цыпрынуса арандавалі напачатку ХІХ стагоддзя ў Францішка Сапегі мястэчка Ружаны.

Цыпрынус — масон, што ў пэўнай ступені тлумачыць адсутнасць яго іканаграфічнай выявы, гадаванец Віленскага ўніверсітэта часоў навучання ў ім Адама Міцкевіча. Асоба блізкая да «філамацкай» моладзі, патрыёт свайго краю, які стаў на кар’ерныя драбіны расійскай імперыі — служыў у Міністэрстве ўнутраных спраў ад 1824 года. Тым не менш, у 1829 годзе ён запачаткаваў у Пецярбургу «Tygodnik Peterburgski» на польскай мове, які ў 1833 годзе набыў статус афіцыйнага выдання «Царства Польскага».

У сваіх мемуарах Пржэцлаўскі адзначаў, што Цэйзік — асоба багата адораная ад прыроды: музыкант (добра граў на розных інструментах, хораша спяваў), скульптар, выдатны малявальшчык, гравёр і каліграф.

9_ruzhani.jpg

Ружаны 

Па нядзелях, калі мясцовыя арандатары збіраліся ў Ружаны на агульны абед, зазвычай прыязджаў і Цэйзік. Шчодра адорваў дзятву ўласнаручнымі вырабамі накшталт цацак са слановай косці ды бурштыну, адмысловых скрыначак, па-мастацку адштукаваных клетак для птушак. Маці потым доўга выхвалялася перад суседкамі новымі керамічнымі вазамі ды гаршчочкамі, а бацька атрымоўваў у прэзент люлькі з гліны для палення тытуню, драўляныя чубукі, аздобленыя разьбой, і іншую прыемную драбязу.

«Каб Цэйзік прысвяціў сябе выключна мастацтву, то, безумоўна, свет меў бы ў яго асобе другога Бенвенута Чэліні», — падсумаваў мемуарыст.

Але карты лёсу расклаліся інакш.

Фальшывы тэатральны білет

Ад 1798 года Ігнат вучыўся на факультэце вытанчаных мастацтваў і літаратуры, у 1802-м перайшоў на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак дыплом не атрымаў. Польскія крыніцы сведчаць пра яго цікавасць да хіміі і алхіміі, да французскай філасофіі, гісторыі, літаратуры і мовы. Ці варта казаць, што да зямлі маладзён не вярнуўся.

Хоць жыццё і не надта песціла дробнапамеснага шляхцюка, у якога з уласнасці толькі і засталіся, што «гонар ды годнасць», у роспач той не ўпаў. Пры ім былі мастацкі талент, жывы розум і ахвота да працы. Ён ва­дзіў сяброўства з мастакамі Янам Дамелем, Язэпам Аляшкевічам, доктарам Юзэфам Лібошчыцам, вядомым матэматыкам таго часу Захарыем Нямчэўскім.

Маючы выключныя здольнасці да каліграфіі (а попыт на яе быў вялікі) Ігнат паступіў на службу ў канцылярыю Віленскага ўніверсітэта. Загаловак дыплома (8–9 радкоў) каштаваў дзесяць, а то і болей рублёў, тым не менш, грошай Ігнату не хапала. Нават з тым прываркам, што атрымоўваў з продажу жывапісных твораў сяброў. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ён, як і ўсе яго сябры, быў вялікім аматарам тэатра. А квіткі каштавалі нятанна.

Віленскія тэатры пачатку ХІХ стагоддзя, у якіх апрача твораў сусветнай класікі («Рамэа і Джульета», «Атэла», «Эмілія Галоці» і «Скупы»), давалі спектаклі, што сцвярджалі эстэтычныя погляды Асветніцтва, былі «больш незалежныя ад цэнзуры, чым іншыя тэатры Расіі». Таму ўніверсітэцкая моладзь гатовая была ледзь не начаваць у радзівілаўскім палацыку, дзе штотыдзень гралі тры спектаклі. У віленскіх тэатрах таго часу апрача ложаў існаваў «партэр» з лавамі, нумарацыя на якіх адсутнічала.

Са з’яўленнем у жыцці Ігната Цэйзіка паненкі Марыі Качынскай, з якой у 1805 годзе ён пабярэцца шлюбам і пераедзе ў Слонім, грашовая нястача толькі абвастрылася. І тады ён рашыўся: вырабіў невялічкую партыю тэатральных білетаў, потым яшчэ, яшчэ і яшчэ…

Напалеонаўскія «фальшачкі»

Але што такое выраб нейкіх тэатральных білетаў, калі падробкі рабіліся на больш высокім узроўні?

Напалеон, геніяльны карсіканец, да паходу на Расію падрыхтаваўся ўсебакова. Фінансава ў тым ліку. Яшчэ задоўга да вайны на ўскрайку Парыжа была арганізавана невялічкая друкарня падробных расійскіх грошай, буйны ўкід фальшывых асігнацыяў быў зроблены пасля перамір’я ў 1808 годзе.

Другая кропка вырабу «фальшачкоў» распачала сваю дзейнасць з абвяшчэннем Герцагства Варшаўскага. Апрача таго, у складзе напалеонаўскага войска на Маскву рухалася 34 фургоны «напалеонавак» — падробных расійскіх асігнацыяў, якімі французскія інтэнданты мусілі былі разлічвацца за фураж.

8_as_gnacija_50_rubljo_z_vadzjanim_znakam_napaleona_skaja_padrobka_1808_goda.jpg

Напалеонаўская падробка асігнацыі 50 рублёў 1808 г. з вадзяным знакам

Разам з гэтай паклажай з Францыі рухалася некалькі «перасоўных друкарак». Лёс адной з іх вядомы. Напалеон, расчулены «хлебам-соллю», і ўвогуле цёплым прыёмам яго войска ў Маскве купецтвам і стараабрадцамі, загадаў перадаць адну друкарку праваслаўнай абшчыне «на вечнае карыстанне».

Куды знікла другая (рэзервовая) друкарка — невядома. Ці не атабарылася яна ў Вільні — горадзе, які Напалеон абвясціў 1 чэрвеня 1812 года сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, і дзе будзе абраны Часовы ўрад ВКЛ? На карысць гэтага меркавання і тое, што менавіта ў Вільні было размешчана сховішча падробных грошай.

7(3).jpg

Друкарка з абозу Напалеона для вырабу фальшывых расійскіх асігнацый 

«Французскія падробкі асігнацыяў пераўзыходзілі арыгіналы — адрозніваліся больш якаснай паперай, больш выразнымі вадзянымі знакамі, глыбокім рэльефным цісненнем у верхняй частцы банкноты, роўным размеркаваннем літараў у словах асноўнага тэксту», — адзначаюць гісторыкі каштоўных папераў. Быў яшчэ і шэраг іншых прыкметаў, якія дазвалялі адрозніць падробкі ад арыгінала.

Але мінаюць войны, развейваюцца марныя спадзевы, і сябра юнацтва — Ян Дамель — ужо напісаў палатно «Уцёкі войска Напалеона з Вільні», кінуў незакончанай працу «Пераправа праз Бярэзіну». Жыццё працягвалася. Але пры чым тут Цэйзік?

4_cejzik.jpg

Тэракотавыя дэкаратыўна-ўжытковыя вырабы Ігната Цэйзіка

Справа «фальшываманетчыка Цэйзіка»

Тым часам Ігнат Цэйзік разам з усёй сваёй сям’ёй (з ім жылі яшчэ брат Фелікс і швагер Дамінік Тырка) змяніў месца жыхарства. Са слонімскага дома цесця Тамаша Качынскага ён перабраўся ў арандаваны пад Слуцкам фальварак Ханусаўшчызна.

І там пачаў дражніць і дзівіць тагачаснае правінцыйнае грамадства сваімі нешараговымі паводзінамі: мала што заклаў і даглядаў элітны сад ды вырабляў цацкі з гліны, але і раздаваў грошы жабракам і валацугам.

Вось як апісваў Цэйзіка адвакат з Валыншчыны (з Камянца), што заблукаў да яго ў пошуках саджанцаў ігрушы «сапяжанкі»: «Заспеў гаспадара фальварку, чалавек невялічкага росту, хударлявага, далікатнага і гасціннага ў атачэнні гурмы жабракоў, які цярпліва слухаў іхнія просьбы і енкі. …Ён шмат і захоплена гаварыў штось пра «памалогію» — галіну садаводства, пра неабходнасць увагі, культывавання і вытворчасці, ураджайнасці і захаванні садовых дрэваў».

Але неўзабаве ў 1814 годзе на сядзібе Цэйзіка з’явіліся судовы прыстаў ды жандары. Быў зроблены вобшук. Жандары знайшлі ліставанне з віленчукамі і з мастаком Дамелем. А яшчэ друкарскае абсталяванне, фарбу і паперу для вытворчасці казначэйскіх білетаў. Гаспадара абвінавацілі ў прадукаванні фальшывых асігнацыяў імперыі на 65 000 рублёў. На Цэйзіка надзелі кайданкі і разам з памагатымі Феліксам і Дамінікам адвезлі ў вязніцу.

Справа «фальшываманетчыка Цэйзіка» доўжылася не адзін год і мела на той час моцны розгалас. Дапытвалі ўвесь віленскі асяродак Ігната. Арыштаваных прывезлі ў Мінск. Прафесар матэматыкі Захарый Нямчэўскі праходзіў па справе ў якасці абвінавачанага. Мастак Ян Дамель быў сведкам, але атрымаў пяць гадоў высылкі ў Заходнюю Сібір. Пакаралі амаль усіх.

Галоўны ж абвінавачваны знік з-пад варты 15 ліпеня 1819 года, і праз пэўны час з’явіўся ў Аўстрыі. Вырак: «Пажыццёвая катаржная праца на нерчынскім рудніку» яму будзе вынесены завочна ў 1820 годзе.

Гульня ў хованкі з імперыяй

Мемуарыст кажа, што і ў Вене Цэйзік займаўся вырабам несапраўдных грошай. Але малаверагодна. Пэўна іншае, расійскія віжы не пакінулі яго ў спакоі. Заўважыўшы пераслед, ён вырабіў дакументы на імя Якуба Чудоўскага і перабраўся на Падол. Арандаваў ва ўладаннях Чартарыйскіх фальварак, з усіх бакоў абкружаны лесам.

Гульня ў хованкі з імперскай уладай доўжылася не адзін год, але скончылася раптоўна. Калі засвяціўся паплечнік Ігната — Фелікс, які купляў гуртамі коней ды валоў, каб прадаваць паштучна, такім чынам, легалізуючы падробныя грошы. Дзесь у Слуцку ці Кобрыне (паводле розных крыніц) той небарака натрапіў на шляхцюка, які пазнаў у ім брата Цэйзіка і пачаў правакаваць апошняга «старой пазыкай» у 300 злотых. Натуральна, што сляды прывялі да Цэйзіка.

На паўторным разглядзе справы аднаго разу прыгавораны да пажыццёвай катаргі на нерчынскім рудніку Цэйзік, разам з крыўдамі на неацэненасць яго таленту і незапатрабаванасць грамадствам, заявіў, што дзейнасць яго не была накіравана на ўласнае ўзбагачэнне. Шкоды дзяржаве як сукупнасці грамадзянаў ён не зрабіў, бо фінансавая сістэма краіны, у якой цалкам уладарыць натуральная гаспадарка, задавольвае патрэбы толькі невялікай купкі абраных, блізкіх да адміністрацыі асобаў. Сваёй жа мэтай ён ставіў пабольшваць інфляцыю і тым самым паслабляць расійскую сістэму. І такім чынам працаваць на вызваленне зняволеных народаў, дамагаючыся аднаўлення Рэчы Паспалітай і вяртання ў дзеянне Канстытуцыі 3 мая.

Табольская спадчына

У Табольску пакараны жыў законапаслухмяным жыццём, якое нават выклікала сімпатыю і давер у мясцовых паліцыянтаў. Мастацкі талент і апантаная працаздольнасць так падкупілі тамтэйшую адміністрацыю, што адпраўку ў самую страшную турму —«нерчынскі руднік» замянілі на расканвойнае ўтрыманне ў Табольску. Знайшоўся нават дабрадзей Пётр Машынскі, з былых высланых, які з уласных сродкаў прызначыў мастаку стыпендыю.

10_tabol_sk_v_d_z_uspenska_sabora_fota_z_kalekci_s_m_prakudz_na_gorskaga_1912_g_.jpg

Табольск, від з Успенска сабора (фота з калекцыі С.М. Пракудзіна-Горскага, 1912)

Жыццё наладжвалася. У Табольску Ігнат Цэйзік другі раз пабраўся шлюбам. Тут у яго нарадзілася двое сыноў, ён пабудаваў уласны дом. Тут быў ацэнены яго мастацкі талент — ну, не вытанчанага графіка, дык скульптара малых формаў. Яго выраб — дэкаратыўнае блюда (копія ў Цюменскім музеі) атрымаў цэсарэвіч Аляксандр (будучы Аляксандр ІІ), калі праязджаў праз Табольск.

Усю дробную пластыку дэкаратыўна-ўжытковага характару — кубкі, вазы, блюды, шклянкі, цукроўніцы, статуэткі — Ігнат Цэйзік рабіў з гліны. Таксама, як і абразы, партрэты ды рэльефныя сюжэтныя кампазіцыі, якімі могуць ганарыцца музеі Чыты, Краснаярска, Табольска, Іркуцка, Масквы і Пецярбурга.

1_cejzik.jpg

Тэракотавыя дэкаратыўна-ўжытковыя вырабы Ігната Цэйзіка

Яшчэ яго працы захоўваюцца ў Музеі Нарадовым у Варшаве, Музеі Войска Польскага, Нацыянальным музеі Кракава, Віленскім мастацкім і Нацыянальным музеі Літвы, Нацыянальным музеі вытанчаных мастацтваў у Каўнасе.

2_cejzik.jpg

Тэракотавыя дэкаратыўна-ўжытковыя вырабы Ігната Цэйзіка

 У месцах ссылкі рабіць партрэты пакараных было забаронена. Але пагроза пакарання не перашкодзілі Ігнату Цэзіку зрабіць партрэт-барэльеф дзекабрыста Аляксандра Міхайлавіча Мураўёва (1801–1853), які зараз захоўваецца ў Інстытуце рускай літаратуры («Пушкінскім доме»). Калі ўлічыць, што пакаранне ў ваколіцах Табольска адбывалі рускія дзекабрысты Аненкаў, Арбузаў, Барацянскі, Ентальцаў, Штэйнгель і Свістуноў, то не выключаны і іншыя знаходкі.

3_cejzik.jpg

Тэракотавыя дэкаратыўна-ўжытковыя вырабы Ігната Цэйзіка

Сустрэча з духоўным братам, або Эпілог

Гром грымнуў, як і заўжды бывае, знянацку, у сярэдзіне 1840-х, калі Ігнат Цэйзік, якому было ўжо за 60, невядома з якой патрэбы наважыўся чаканіць срэбраную манету… «Пошукі сябе ў новым матэрыяле» закончыліся хутка — у Акатуйскім рудніку, «пажыццёва прыкутым да вазка» з пародай.

Не факт, але расійская даследчыца Ямшчыкова-Алтаева запэўнівае, што там Ігнат сустрэўся са сваім духоўным братам, католікам Міхаілам Луніным. Рускі Праметэй, аўтар трактата «Позірк на таемнае грамадства» быў прыкаваны ў тым жа рудніку кайданамі да сцяны.

11_nerchinskaja_katarga_saslanie_katarzhane_prikutie_da_svajgo_vazka.jpg

Пасля ладнага дзясятка гадоў працы пад зямлёй, у 1857 годзе Ігнат Цэйзік «па старасці» выйшаў з шахты і атрымаў дазвол на пасяленне ў Верхнядзвінску, а неўзабаве і ў Іркуцку, дзе шчодра вырабляў шматлікіх Будаў для «брацкага бурацкага народа». Апрача таго ў Сібіры пачалася мода на мастака, яго тэракотавыя рэчы, ужытковыя, дэкаратыўна-ўжытковыя, а таксам мастацкія — абразы ды сюжэтныя пано — пачалі падрабляць «пад Цэйзіка» і тыражаваць іх… Баюць таксама, што стары і нямоглы мастак паспрабаваў вярнуцца да вырабу грошай…

 * * *

Як ужо было адзначана, творы гэтага мастака захоўваюцца шмат дзе, толькі не ў Беларусі. Дадамо, што, на нашае адчуванне, лепшы з твораў Цэйзіка набыў высланы за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 года Козел-Паклеўскі. Гаворка пра шматпланава-кампазіцыйны тэракотавы аўтапартэт мастака. Агульную плошчу выявы займае сумнавядомая турма — Акатуйскі руднік, за якім — паселішча, што прыляпілася да гарыстага краявіду з заходзячым ці ўзыходзячым сонцам. На другім плане — штольня і некалькі катаржанаў з вазкамі, поўнымі руды. На першым плане Цэйзік у рыззі, прыкуты да вазка, поўнага пароды. Твар сувора-змрочны, з глыбокімі зморшчынамі, вочы пільна ўглядаюцца ў толькі яму бачную далячынь Новага Часу.