«Бронюсь, куды ты ідзеш?». Як 88 гадоў таму Саветы і Польшча абмяняліся палітвязнямі

6 верасня 1933 года на савецка-польскай мяжы ў Коласава адбыўся абмен вязнямі: драматурга Францішка Аляхновіча абмянялі на мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча.
5.56 раніцы. Хуткі цягнік №3 Масква-Стоўпцы прыбывае на польскую памежную станцыю Коласава. Фота John Philips для часопіса LIFE, 1938 г.

5.56 раніцы. Хуткі цягнік №3 Масква-Стоўпцы прыбывае на польскую памежную станцыю Коласава. Фота John Philips для часопіса LIFE, 1938 г.

У 1927 годзе Францішак Аляхновіч апынуўся ў ізалятары мінскай турмы. Яму інкрымінавалі шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы. У следчай справе Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Алесь Гурло і інш. Аднак пісьменнік атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах (першы год адпрацаваў на востраве Мяч насупраць карэльскага мястэчка Колежма). Удзельнічаў у самадзейным тэатры, арганізаваным вязнямі Салавецкага лагеру. Рэпрэсіі, праз якія давялося прайсці Аляхновічу, ён апісаў у сваім знакамітым творы «У кіпцюрох ГПУ».

Францішак Аляхновіч

У сваю чаргу дзейнасць Браніслава Тарашкевіча нервавала польскія ўлады. Ён не хаваў сваіх сантыментаў да СССР і ўсё часцей выказваўся за тое, што добрая будучыня Заходняй Беларусі залежыць ад уваходу рэгіёна ў склад «дзяржавы працоўных і сялян». У рэшце рэшт, за камуністыную дзейнасць Тарашкевіч быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, а таксама страты грамадзянскіх правоў на 10 гадоў. У прысудзе адзначалася, што Тарашкевіч праводзіў палітыку, накіраваную на адарванне паўночна-усходніх ваяводстваў ад Польшчы.

У гэты ж час кіраўніцтва Камуністычнай партыі Польшчы актыўна спрабавала знайсці магчымасць абмену беларускага навукоўца на аднаго з «польскіх» вязняў ГУЛАГу. 16 жніўня 1933 года ўрад Польшчы зацвердзіў умовы гэтай аперацыі.

У дакуменце, які тычыўся справы абмену, адзначалася: «У адпаведнасці з указам Савета Міністраў ад 16 жніўня бягучага года, 6 верасня ў Коласава адбудзецца абмен палітычнага вязня Тарашкевіча Браніслава, які знаходзіцца ў макотаўскай турме, на Аляхновіча Фрацішка, які знаходзіцца ў турме ў СССР.

Выезд Тарашкевіча адбудзецца 6 верасня бягучага года ў 0-20 з Варшавы — Усходні вакзал, цягніком, які прыбывае ў Стоўбцы ў 13-50. Канвой будзе складацца з двух супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі. У сувязі з гэтым міністр унутраных спраў просіць аб выданні адпаведных распараджэнняў, аб недапушчэнні маніфестацый з боку камуністычных арганізацый па справе Тарашкевіча як падчас праезду цягніка праз важнейшыя населеныя пункты, так і ў Стоўбцах. Перагляд рэчаў Тарашкевіча ў Стоўбцах правядзе КАП». 

Сустрэўшыся на памежным мастку, Тарашкевіч і Аляхновіч прыўзнялі капелюшы ды паціснулі рукі. Існуе гісторыя, што тады Аляхновіч звярнуўся да мовазнаўцы: «Бронюсь, куды ты ідзеш?!»

Браніслаў Тарашкевіч


У СССР Тарашкевіч працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 6 траўня 1937 года яго арыштавалі. У студзені 1938-га «двойка» НКВД і пракуратуры СССР прыгаварыла яго да расстрэлу. Паводле афіцыйнай версіі, яго расстралялі крыху пазней. Даследчык Леанід Маракоў выказаў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.

Браніслава Тарашкевіча рэабілітавала Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР 26 студзеня 1957 года.

Францішак Аляхновіч ненадоўга перажыў Тарашкевіча. У 1944 годзе ў Вільні ён быў забіты ў сваёй кватэры.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: