Ці магчымы іншы канец дыктатуры, акрамя смерці саміх дыктатараў?

Ці ёсць мяжа тэрору, перайшоўшы праз якую тыраны перастаюць прыцягваць суграмадзян, ці ў генацыду, як і ў дасканаласці, няма межаў? Пра што думалі, што адчувалі тыя, хто галасаваў за дыктатараў, не ведаючы — ці ведаючы? — што заўтра апынецца ў камеры катаванняў?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сярод трагедый, што страсянулі сусвет у XX стагоддзі, рэальны камунізм — грандыёзны феномен эпохі, якая распачалася ў 1917 годзе і скончылася ў Маскве ў 1991-м, — займае адно з самых значных месцаў. Нарадзіўся ён раней за фашызм ды нацызм і перажыў іх на шмат гадоў, закрануўшы чатыры кантыненты.
Каб захаваць уладу, камуністычныя рэжымы пераходзілі ад злачынстваў адзінкавых, ад разні абмежаванай, выкліканай абставінамі, да злачынстваў масавых, да тэрору як сродку кіравання.
Злачынствы камунізму — гэта злачынствы супраць духу, супраць культуры наогул і нацыянальных культур у прыватнасці. Гэта масавыя забойствы людзей, гібель мужчын, жанчын, дзяцей.
Расправа ажыццяўлялася самымі рознымі спосабамі: расстрэл, павешанне, утапленне, забіванне да смерці; смерць у выніку штучна выкліканага голаду, пакіданне ахвяры на волю лёсу і забарона аказваць ёй дапамогу; дэпартацыя — смерць падчас транспартавання (перасоўванне пешкі ці ў непрыстасаваных вагонах), у месцах высылкі і прымусовых прац (знясільваючая праца, хваробы, недаяданне, холад). Выкарыстоўваліся таксама баявыя атрутныя рэчывы, арганізоўваліся аўтамабільныя катастрофы.
Агульная колькасць забітых набліжаецца да ста мільёнаў.
Прыроду гэтых злачынстваў вызначае артыкул 6 Статуту Нюрнбергскага трыбунала, у якім згадваюцца тры асноўных іх віды: супраць міру, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць людскасці. Даследуючы ў сукупнасці злачынствы, здзейсненыя ленінска-сталінскім, а затым і іншымі камуністычнымі рэжымамі, мы сустракаемся з гэтымі трыма катэгорыямі.
Паняцце злачынства супраць людскасці ўключае шэраг дакладна вызначаных злачынстваў. Самым характэрным з іх з’яўляецца генацыд. Генацыд не заўсёды бывае таго тыпу, які абрынулі нацысты на габрэяў і цыган, — яго ахвярамі могуць стаць і сацыяльныя групы. У кнізе рускага гісторыка-сацыяліста Сяргея Мельгунова «Чырвоны тэрор у Расіі», выдадзенай у Берліне ў 1924 годзе, прыводзіцца інструкцыя, якую даў адзін з першых шэфаў Надзвычайнага камітэта Лаціс сваім памагатым: «Мы не вядзём вайны супраць канкрэтных асобаў, — піша Лаціс 1 лістапада 1918 года. — Мы нішчым буржуазію як клас. Не шукайце на следстве матэрыялу і доказаў таго, што абвінавачаны дзейнічаў словам ці справай супраць савецкай улады. Першае пытанне, што вы мусіце яму задаць, якога ён паходжання, выхавання, адукацыі ці прафесіі. Гэтыя пытанні і павінны вызначыць лёс абвінавачанага».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Бальшавікі вырашылі знішчыць фізічна, надаўшы гэтаму законную форму, любую апазіцыю, любы супраціў, хай нават і пасіўныя, іх уладзе. Знішчэнню падпадалі не толькі палітычныя, але і сацыяльныя групы, такія, як дваранства, буржуазія, інтэлігенцыя, духавенства, а таксама групы прафесійныя — армейскія і флоцкія афіцэры, чыны жандармерыі і г.д.
Раскулачванне 1930–1932 гадоў было паўторам расказачвання ў значна большых маштабах. Здзейсненае па загаду Сталіна, яно праводзілася пад афіцыйным лозунгам: «Ліквідацыя кулацтва як класу».
Класавы генацыд у чымсьці сыходзіцца з генацыдам расавым: галодная смерць дзяцей кулака, ахвяр сталінскага рэжыму, «цягне на вагах» столькі ж, колькі галодная смерць габрэйскага дзіцяці ў гета, ахвяры рэжыму нацысцкага. Знак роўнасці паміж двума гэтымі фактамі ні ў якім разе не закранае выключнасці «асвенцымскага феномену»: мабілізацыі сучасных тэхнічных сродкаў для наладжвання самага сапраўднага «прамысловага працэсу» — будаўніцтва «фабрыкі знішчэння» з выкарыстаннем газу і крэмацыйных печаў.
Але падкрэслім усё ж адну асаблівасць шмат якіх камуністычных рэжымаў: сістэматычнае выкарыстанне голаду як зброі — улада імкнецца ўзяць пад кантроль усе наяўныя харчовыя запасы і праз сістэму рацыянавання (часцяком даволі складаную) пераразмяркоўваць іх у залежнасці ад «заслуг» тых ці іншых суб’ектаў.
Метады, пушчаныя ў ход Ленінам і ўзведзеныя ў сістэму Сталінам, не толькі падобныя да метадаў нацыстаў, але з’яўляюцца іх папярэднікамі. Нацысты былі шмат у чым пераймальнікамі камуністаў.
Рудольф Гес, арганізатар і камендант лагера ў Асвенцыме, пакінуў знамянальнае сведчанне: «Кіраўніцтва Імперскай Бяспекі загадала даставіць камендантам лагераў досыць падрабязную дакументацыю, якая тычыцца рускіх канцэнтрацыйных лагераў. Сведчанні відавочцаў, уцекачоў з гэтых лагераў, далі нам ясную карціну ўмоў тамтэйшага жыцця. Варта асабліва падкрэсліць, што шлях, абраны рускімі для знішчэння цэлых папуляцый, палягаў у выкарыстанні людзей на катаржных працах».
Аднак той факт, што маштабы і метады масавага гвалту былі ўпершыню ўведзеныя камуністамі, і нацысты маглі толькі пераняць гэты досвед, не азначае ўсё ж, што можна ўсталяваць прамую сувязь паміж прыходам бальшавікоў да ўлады і з’яўленнем нацызму.
На мяжы 1920-х і 1930-х гадоў ГПУ паклала пачатак метаду ўстанаўлення квотаў: кожная вобласць, кожны раён павінны былі арыштаваць, выслаць ці расстраляць пэўны працэнт асобаў, якія належаць да «чужых сацыяльных груп». Гэты працэнт спускаўся зверху як партыйная дырэктыва. Вар’яцтва планавання і ўліку, манія статыстыкі захапілі не толькі сферу эканомікі, але і вызначылі тактыку і стратэгію тэрору.
З 1920 года бальшавікі сталі ўжываць гэтыя статыстычныя, нават сацыялагічныя метады: ахвяры адбіраліся па строга вызначаных крытэрах, на падставе анкет, запаўнення якіх ніхто не мог пазбегнуць.
Той жа самы «сацыялагічны» метад ужываўся Саветамі пры арганізацыі масавых высылак з Балтыйскіх дзяржаў і акупаванай часткі Польшчы ў 1939–1941 гадах. Перавозка высланых у таварных вагонах — абавязковая дэталь такіх акцый — падавалася настолькі важнай, што ў 1943–1944 гадах, у самы разгар вайны з нацыстамі, Сталін палічыў магчымым адклікаць з фронту тысячы вагонаў і дзясяткі тысяч салдат спецыяльных войскаў НКУС, каб у самы кароткі тэрмін правесці масавую дэпартацыю народаў Каўказа.
Думка пра падабенства нацызму і камунізму ў тым, што датычыцца іх метадаў знішчэння людзей, шмат каму можа падацца блюзнерскай. Але гэта толькі на першы погляд. Удар наносіцца не столькі па канкрэтнай асобе, колькі па групе людзей. Гэта група, вызначаная дзеячамі тэрору як «варожая», з’яўляецца часткай грамадства, і, паводле логікі генацыду, яна выкараняецца менавіта як група. І тады механізмы сегрэгацыі і адрынання, уласцівыя «класаваму таталітарызму», становяцца дзіўна падобныя на метады «расавага таталітарызму».
Жудасць вымагае тлумачэння. Сталін і Гітлер. Гром авацый у СССР і Германіі, пераўтвораных у філіялы НКУС і гестапа. Мільёны жыццяў, якія страцілі сэнс і цану. І смерць, якая стала штодзённасцю, універсальным спосабам вырашэння праблем паміж чалавекам і ўладай.
Ці быў сэнс у гэтых крывавых спектаклях? Чаму яны карысталіся такім поспехам у сучаснікаў? Ці ёсць мяжа тэрору, перайшоўшы праз якую тыраны перастаюць прыцягваць суграмадзян, ці ў генацыду, як і ў дасканаласці, няма межаў? Пра што думалі, што адчувалі тыя, хто галасаваў за дыктатараў, не ведаючы — ці ведаючы? — што заўтра апынецца ў камеры катаванняў? У што верылі дзясяткі мільёнаў, якія чакалі вырашэння свайго лёсу ў той час, калі мільёны ўжо былі знішчаныя ва ўсіх на вачах? Ці магчымы іншы канец дыктатуры, акрамя смерці саміх дыктатараў? І, нарэшце, самае важнае і самае цяжкае пытанне: дзе шукаць гарантыі, што ўсё гэта не паўторыцца зноў?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Думка, якая спрабуе зразумець, што здарылася з нашай (ды і не толькі з нашай) краінай, як зачараваная, застывае перад падрабязнасцямі крывавага тэрору, шматзначнымі лічбамі стратаў і злавеснымі постацямі забойцаў. Гнеў і страх паралізуюць нас, і замест аналізу мы чуем праклёны.
Тут патрэбна не навука, тут патрэбен свой Нюрнберг. Але асудзіць тэрор і паставіць помнікі яго ахвярам і тым, хто змагаўся супраць злачынстваў, недастаткова. Помнікі можна знішчыць, можна забыць, каму яны пастаўлены. Толькі аналіз, разуменне і публічнасць могуць сарваць з таталітарнай улады яе містычнае покрыва і даць калі не гарантыю, то шанец на тое, што мінулае не вернецца.
Любая стабільная ўлада таму і стабільная, што псіхалагічна яна задавальняе шмат каго. Каб зразумець уладу, а не толькі вінаваціць яе, неабходна ўсвядоміць, якія нашы запатрабаванні задавальняліся такім паталагічным чынам.
Без гэтага які-небудзь новы энтузіяст таталітарызму зможа ўваскрэсіць яго пад нязвыклым абліччам, і мы занадта позна зразумеем, што забароны на алкаголь і курэнне могуць не так моцна адрознівацца ад знакамітай трубкі і любові да добрых грузінскіх вінаў. Безумоўна, важна зразумець, што «Сталін памёр учора», але яшчэ важней распазнаць, чаму Сталін «жывы» і сёння.
Нацысты планавалі пабудаваць сваё будучае грамадства на аснове «чысціні расы», камуністы — на аснове пралетарыяту, вычышчанага ад усякай «буржуазнай брыдоты». Пераробка двух грамадстваў задумвалася ў падобнай манеры, нават калі крытэры пазбаўлення ад непажаданых і былі рознымі.
Калі план прызначаны для ажыццяўлення ў сусветным маштабе, а нейкая частка чалавецтва абвяшчаецца нявартай гэтага новага ідэальнага свету, то адрозненне ад нацызму толькі ў адным: тут — страты (класы), там — раса.
Нельга таксама не звярнуць увагу на дзіўны кантраст. Пераможцы 1945 года законна паставілі ў цэнтр свайго прысуду нацызму яго злачынствы, і асабліва генацыд габрэяў. З тых часоў на гэту тэму напісаныя сотні кніг, знятыя дзясяткі фільмаў. Аднак няма такога кшталту даследаванняў камуністычных злачынстваў.
Калі чалавека зняважылі страхам, прынізілі яго права быць чалавекам — пра гэта прынамсі неабходна памятаць. Страта чалавечай годнасці мае дзве стадыі. Спачатку чалавек прымае знявагу як непазбежнасць, потым — наогул забывае, што яго зняважылі. Гэта значыць, успрымае знявагу як штосьці належнае.
Менавіта з такой меркай трэба ставіцца да таго, што ў Беларусі забываліся і забываюцца злачынства сталінізму, — як да знішчэння пачуцця нацыянальнай годнасці цэлага народа. Няўжо знішчэнне чужога народа — злачынства, а свайго ўласнага — палітычны перагіб, тэарэтычная памылачка?
Ёсць у Крымінальным кодэксе артыкул пра адказнасць за ўтойванне злачынстваў. Паводле яго можна абвясціць злачынцам, да прыкладу, маці, якая не змагла данесці на роднага сына як на «ворага народа». Але затое ні разу гэты артыкул не датычыўся да ўладу маючых асобаў, калі тыя хавалі злачынствы сваіх папярэднікаў.
Міжнародную канвенцыю пра неўжывальнасць тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва падпісала і наша краіна. І, значыць, няма ім тэрміну даўнасці. Значыць, злачынна хаваць дакументы пра гэтыя злачынствы, злачынна хаваць месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў. Не па-чалавечы гэта…