«Давялося задушыць уласнае дзіця, бо яно плакала і магло выдаць усіх»

Мінскае гета, найбуйнейшае на тэрыторыі Беларусі падчас нацысцкай акупацыі, існавала з 20 ліпеня 1941 да 23 кастрычніка 1943 года. Загад аб яго стварэнні з’явіўся 19 ліпеня. У горадзе была вылучана спецыяльная частка, потым адгарожаная дротам, куды пад пагрозай расстрэлу прымушалі перасяляцца ўсіх мясцовых габрэяў.

Калючы дрот, які аддзяляе гета ад астатняй часткі горада, Мінск, 1941 - 1943 гг.

Калючы дрот, які аддзяляе гета ад астатняй часткі горада, Мінск, 1941 - 1943 гг.

Праз гета прайшлі каля 100 000 чалавек з усяго Мінска і наваколля. Пазней да іх далучыліся дэпартаваныя з Еўропы. Выжылі нямногія. Іх марылі голадам, трымалі ў нечалавечых умовах, забівалі падчас пагромаў. Пры гэтым на тэрыторыі гета існавалі 22 падпольныя арганізацыі, якія дапамагалі партызанам і агульнаму гарадскому падполлю.


«Пакаранне адно — расстрэл»

Загад аб стварэнні гета акупацыйныя ўлады выдалі праз тры тыдні пасля захопу нацыстамі Мінска, 19 ліпеня 1941 года. Яго, напісаны на беларускай і нямецкай мовах, развесілі на слупах ужо на наступны дзень, 20 ліпеня. Перасяленне габрэяў у гета павінна было завяршыцца ў 5-дзённы тэрмін, але па факце доўжылася да жніўня.

Адзін з вязняў Мінскага гета, Навум Аркадзьевіч Хейфіц, 1923 года нараджэння, так распавядаў пра яго стварэнне:

«З 20-га віселі аб’явы, што ўсе габрэі павінны на пэўнай тэрыторыі горада пасяліцца. Хто пасля 20-га не пераселіцца, пакаранне адно — расстрэл. Мы засталіся — наш дом быў на тэрыторыі гета. Быў перапіс працаздольнага насельніцтва, і на працу трэба было з’яўляцца штодзённа. За нявыхад на працу таксама расстрэльвалі. Зімой ля біржы працы труп ляжаў цэлы тыдзень замецены снегам — не дазвалялі прыбіраць для навукі іншым».



Мінскае гета па колькасці зняволеных (а з іх кожны пяты быў маладзейшы за 18 гадоў) займала другое месца ў СССР пасля Львоўскага. У яго тэрыторыю плошчай у два квадратныя кіламетры ўвайшлі 40 вуліц і завулкаў у паўднёва-заходняй частцы Мінска. Асноўныя аб’екты гета размяшчаліся на Юбілейнай плошчы. Сюды ж прывозілі габрэяў, якіх абвінавачвалі ў сабатажы, сувязі з партызанамі, самавольным выхадзе з тэрыторыі гета. Затым іх вялі па вуліцы Сухой, якую вязні называлі «дарогай смерці», бо яна вяла да чатырох ямаў на габрэйскіх могілках, дзе «вінаватых» расстрэльвалі. Адсюль жа, з Юбілейнай, штодня вязняў калонамі пад канвоем вадзілі ў горад на працу, і позна ўвечары прыводзілі назад.


Голад, эпідэміі, тэрор

kalona_vjaznjau_minskaha_heta_na_vulicy__minsk__1941_h..jpg

Калона вязняў Мінскага гета на вуліцы, Мінск, 1941 г.

Усё габрэйскае насельніцтва перад тым, як засяліцца ў гета, мусіла зарэгістравацца, а таксама пазначыць сябе жоўтай нашыўкай круглай формы. У самім жа гета вялікай праблемай была цесната: у сярэднім на аднаго дарослага прыпадала 1,5 квадратнага метра жылой плошчы. У адным пакоі жыло па некалькі сем’яў.

Габрэям забаранялася мяняць месца жыхарства без дазволу гарадскога камісара, хадзіць па ходніках і карыстацца грамадскім транспартам, наведваць паркі, скверы, гульнявыя пляцоўкі і іншыя месцы адпачынку, не кажучы ўжо пра тэатры, музеі, кіно і бібліятэкі. Таксама нельга было наведваць школы, мець аўтамабілі, радыёпрымачы, футра, забіваць быдла і выходзіць за тэрыторыю гета без дазволу гарадскога камісара.

У гета нельга было карыстацца электрычнасцю, не было водазабеспячэння і рэгулярнага харчавання. Нацысты адмыслова марылі людзей голадам, выдаючы ім сціплы паёк з кавалка хлеба, крупаў, солі ці вадкага супа. Асноўнымі прадуктамі харчавання было бульбяное лушпінне і іншыя адкіды, якія вязні падбіралі, выходзячы ў горад на працу. Хваробы і эпідэміі былі частымі спадарожнікамі жыхароў гета.

Каб не памерці з голаду, вязні выменьвалі рэчы на прадукты ў знаёмых альбо хадзілі для гэтага ў бліжэйшыя вёскі. Але проста так выйсці з гета было нельга, таму абмен адбываўся ўпотай, часцей за ўсё, калі ўдавалася выйсці разам з калонай на працу. Для аховы гета была створана паліцыя з габрэяў. Некаторыя з паліцэйскіх спрабавалі такім чынам захаваць сабе і сваім блізкім жыццё, але былі і тыя, хто ішоў у паліцыю па перакананнях. Пры гэтым адзін з вязняў Мінскага гета, Кіра Хоньевіч Калмановіч, які нарадзіўся ў 1935 годзе, узгадваў, што першы час яно ахоўвалася не так моцна.



У гета габрэі мусілі падпарадкоўвацца мясцоваму органу самакіравання — юдэнрату. З аднаго боку, юдэнрат увасабляў нямецкія загады і адказваў за парадак, пастаўку працоўнай сілы, збор падаткаў з габрэяў. З іншага боку, ён імкнуўся палепшыць іх становішча, арганізаваўшы супрацоўніцтва з падполлем.

Напачатку расстрэлы на тэрыторыі Мінскага гета не мелі масавага характару — людзей забівалі за «правіны»: адмовы выходзіць на працу, парушэнне загадаў і інш. Аднак ужо ў жніўні 1941 года акупацыйныя ўлады пачалі займацца «вырашэннем габрэйскага пытання» ў гета. Ліквідацыя вязняў адбывалася падчас аблаў на вуліцах, начных налётаў на кватэры, пагромаў. Людзей забівалі на месцы альбо вывозілі ў бязлюдныя месцы, выкопвалі рвы і там расстрэльвалі.


Калона вязняў Мінскага гета на вуліцы, Мінск, 1941 г.

Калона вязняў Мінскага гета на вуліцы, Мінск, 1941 г.

Мінскае гета перажыло не менш за 10 пагромаў, якія ладзілі нацысты і паліцыя. Самыя масавыя — 7 і 20 лістапада 1941 года, 2-3 сакавіка і 28-31 ліпеня 1942 года, а таксама 21-23 кастрычніка 1943 года, у выніку якога гета было ліквідаванае. Фактычна кожную ноч у гета забівалі адну ці некалькі сем’яў.  

Самым катастрафічным быў пагром 28-31 ліпеня 1942 года. Пасля таго, як працоўныя сыйшлі ў горад, астатніх насельнікаў гета сагналі на плошчу да юдэнрата. У машыны-«душагубкі» (фургоны, у кузавы якіх запускалі ўгарны газ) запіхвалі па 50-60 чалавек і звозілі да выкапаных траншэяў ва ўрочышча Благаўшчына. Даследчыкі налічваюць ад 18 да 30 тысяч забітых у гэтыя дні, але дакладная лічба невядомая. Усяго ж у Мінскім гета загінула больш за 80 000 чалавек.


«Я да сёй пары не магу гучна плакаць»

Напрыканцы 1942 — пачатку 1943 года, пасля шматлікіх пагромаў, у Мінскім гета заставалася 9 472 габрэя, не лічачы тых, хто знаходзіўся ў Зондэргета (спецыяльная частка гета, дзе ўтрымлівалі габрэяў, дэпартаваных з Заходняй Еўропы.

Мала каму ўдалося ўцячы з гета і схавацца ў партызанскіх атрадах. Хаванне ў так званых «малінах» (гэтае слова на іўрыце значыць «хованка») мела часовы і не заўсёды станоўчы эфект. Карнікі шукалі людзей з сабакамі, прастуквалі сцены, закідвалі хованкі гранатамі і дымавымі шашкамі. Пра адну з такіх спробаў укрыцця ўзгадваў малалетні вязень мінскага гета Уладзімір Лазаравіч Трахтэнберг, 1938 года нараджэння:

«Я помню, як мы сядзелі ў сутарэнні, і ў гэтае сутарэнне немцы кінулі гранату. На шчасце, мы сядзелі ў самым куце, у глыбіні нас заціснулі, мы ледзьве не задыхнуліся ад гэтага дыму, але засталіся жывыя. У мамы была сяброўка — ёй давялося ў “маліне” задушыць уласнае дзіця, бо яно не супакойвалася, плакала і магло выдаць усіх астатніх. І яго падушкай прыціснулі. Я да сёй пары не магу гучна плакаць, а толькі пра сябе, разумееце? І ўвогуле не прывык крычаць, шумець, бо мама заўжды мне казала: “Ціха, супакойся”».



Імкненне выжыць

У кастрычніку 1943 года ў адну з такіх хованак на вуліцы Сухой спусцілася 26 чалавек, яны правялі ў «маліне» 263 дні. Стараліся днём спаць, а ўначы пільнаваць, каб ніхто не прыйшоў. Пра змену дня і ночы даведваліся праз невялікую адтуліну ў коміне. Амаль увесь час сядзелі ў цемры, свечка гарэла ўсяго некалькі гадзін у дзень. Ежы катастрафічна не хапала. Калі Мінск вызвалілі, салдаты вынеслі з сутарэння 12 напаўжывых людзей. Самастойна змог выйсці толькі адзін хлопец, Сямён Добін. 13 чалавек загінулі.


Багаж дэпартаваных габрэяў на тэрыторыі Зондэргета

Багаж дэпартаваных габрэяў на тэрыторыі Зондэргета

Для выжывання ў гета вялікую ролю адыгрываў чыннік дапамогі асобаў негабрэйскай нацыянальнасці, якія, рызыкуючы ўласнымі жыццямі, хавалі сваіх габрэйскіх сяброў, суседзяў, а часам і незнаёмых людзей. Кантакты з негабрэямі жыхарам гета былі забароненыя. Тым не менш і ў цяжкія часы людзі ратавалі людзей. На 2020 год у ліку Праведнікаў народаў міра было 895 чалавек, якія дапамагалі габрэям на тэрыторыі сучаснай Беларусі.



Намаганнямі вязняў у Мінскім гета было створана падполле. Падпольшчыкі наладжвалі сувязь з горадам (сувязным паміж гета і агульнагарадской структурай падполля быў Ісай Казінец), збіралі зброю, медыкаменты, выводзілі вязняў за калючы дрот, які аддзяляў гета ад астатняга горада, выведвалі інфармацыю аб планаваных немцамі пагромах. Адным з кіраўнікоў падполля быў Міхаіл Гебелеў (у Мінску ёсць яго мемарыяльная шыльда, якая вісіць на доме №1 па названай у яго гонар вуліцы). Гебелева нацысты пакаралі смерцю ў 1942 годзе. Але былі і тыя, каму ўдалося выжыць. Адзін з іх — падпольшчык Гірш Смоляр. «Мсціўцы гета» — так называў ён сваіх таварышаў па падполлі.
Пра свайго бацьку, што далучыўся да падполля, узгадвала Фрыда Вульфаўна Рэйзман, якая нарадзілася ў 1935 годзе:



Адной са стратэгій выжывання былі ўцёкі з гета. Каб уратавацца, уцекачы пачалі ствараць габрэйскія партызанскія атрады. Найбольш буйнымі з іх былі атрады братоў Бельскіх і Шалома Зорына — ім удалося схаваць у гады вайны больш за 500 габрэяў.
Ідэя стварэння сямейных лагераў для габрэяў належыла Туўі Бельскаму. Менавіта ён з братамі Асаэлем, Зусем і 14-гадовым Аронам арганізоўвалі ўцёкі вязняў з гета ў Налібоцкую пушчу. Больш за 70% атрада Бельскіх складалі жанчыны, старыя і дзеці. У лагеры была немалая гаспадарка — майстэрні, шпіталь, школа, млын, пякарня, пральня, мылаварня, пашы. Апроч таго мужчыны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях.

Правасуддзе яшчэ не скончана

Як ужо было сказана вышэй, гісторыя Мінскага гета скончылася падчас пагрому 21 — 23 кастрычніка 1943 года. Пасля заканчэння вайны пачаліся судовыя працэсы над тымі, хто чыніў зверствы ў дачыненні да людзей. Былі пакараныя і адказныя за ваенныя злачынствы ў Мінску і наваколлі.

Падсудныя на працэсе ў Мінску, студзень 1946 г.

Падсудныя на працэсе ў Мінску, студзень 1946 г.

Сярод абвінавачаных на працэсе ў Нюрнбергу ў 1947 годзе праходзіў Эдуард Штраўх, камандзір айнзацгрупы, а потым паліцыі бяспекі і службы бяспекі (СД) у Мінску. Спачатку яму прысудзілі смяротнае пакаранне, але потым замянілі яго на пажыццёвае зняволенне. Штраўх памёр у турме ў 1955 годзе.
У студзені 1946 года ў Мінску прайшоў адкрыты суд над прадстаўнікамі вермахта, паліцыі і СС. Адным з 18 падсудных стаў былы обер-фюрэр СС Эберхард Герф, якога абвінавацілі таксама ў злачынствах у Малым Трасцянцы. Яго разам з іншымі 13 вінаватымі прысудзілі да смерці праз павешанне.
У 1960-х у нямецкіх судах прайшло каля 10 працэсаў з разглядам нацысцкіх злачынстваў у Мінску. З 30 чалавек 23 асудзілі на працяглыя тэрміны, 5 — пажыццёва. Георг Хойзер, былы начальнік аддзела службы камандзіра бяспекі і СД Мінска, асабіста ўдзельнічаў у пакараннях смерцю ў Трасцянцы. Пасля вайны ён жыў у ФРГ, працаваў крыміналоберкамісарам зямлі Рэйн-Пфальц і толькі ў 1959 годзе быў арыштаваны. За саўдзел у забойстве ў 11 103 выпадках ён быў прысуджаны ў 1963 годзе да 15 гадоў турмы строгага рэжыму, але ўжо ў 1971 годзе быў амніставаны.
У 1962-63 гг. савецкія органы вялі расследаванне па справе Альберта Саукітэнса, былога служачага латвійскага падраздзялення, які ўдзельнічаў у масавых расстрэлах у Малым Трасцянцы. Яго асудзілі да 15 гадоў зняволення.
Былога кіроўцу аўтамабіля-«душагубкі» Ёзэфа Вендля апраўдалі ў 1970 годзе, паколькі прысяжныя вырашылі, што ён мусіў падпарадкоўвацца супрацьпраўным загадам у сілу крайняй неабходнасці.
На жаль, многія нацысцкія злачынцы так і не былі аддадзеныя суду. Пошук некаторых з іх працягваецца і сёння.Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаныя матэрыялы дыдактычнага дапаможніка «Мінскае гета» ад Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна і Беларускага архіва вуснай гісторыі.