«Дзеці, плачце!..»

Калі я рыхтавала новую кнігу, звярнулася да жыхаркі вёскі Янушкавічы Людмілы Мацкевіч. Гартаем з ёй сямейныя альбомы і знаходзім стары матчын здымак. Хтось сфатаграфаваў гіганцкі помнік «бацьку ўсіх народаў» у Мінску, завалены вянкамі і аздоблены жалобнымі стужкамі. Пры ім, спінай да нас, гараджане, найбольш — жанчыны. На пастаменце помніка — беларускі ўзор.

13_36.jpg

Рукой Людзінай матулі Таццяны Ігнацьеўны напісана, што фота зроблена 9.03.1953 года пасля жалобнага мітынгу. Уражвае факт, што здымак захаваўся ў сям’і праз столькі дзесяцігоддзяў, цяпер ён выглядае музейнай рэдкасцю. Прыгожым почыркам стараннай студэнткі на зваротным баку картачкі напісана: «Да! Вот уже почти месяц, как ушел от нас самый дорогой всем, всем, всем. Не понятное для наших умов сейчас творится в стране. Поднять бы всевидящего, нашего любимого И.В.Сталина. Пусть бы он многих вывел из тупика».

Помнік Сталіну ў Мінску. Фота з сямейнага архіву Людмілы Мацкевіч

Помнік Сталіну ў Мінску. Фота з сямейнага архіву Людмілы Мацкевіч

Я пачала распытваць ураджэнцаў Лагойшчыны і проста знаёмых, хто мог заспець тую лёсавызначальную падзею або чуць пра яе ад старэйшых.

Лідзія Васільеўна Курто распавяла, як студэнтаў Барысаўскага педвучылішча сабралі ў актавую залу з выпадку смерці «самага дарагога». «Сказаць, што мы былі разгубленыя — мала. Мы не разумелі, як нам жыць далей».

На працы Ніны Яўстаф’еўны Жардзецкай, у брэсцкім радзільным доме, таксама адбылося жалобнае мерапрыемства: «Горкімі слязьмі плакала галоўны ўрач Каралёва, жонка афіцэра, а мы ўсе за ёй следам».

Валянціна Іванаўна Гарачка вучылася ў дзявятым класе Лагойскай школы. На сцяне калідора вісеў партрэт правадыра ў поўны рост, у форме генералісімуса, пад ім — кветкі ў вазе. Вучні стаялі ў ганаровай варце. З «чорнай талеркі» перадавалі суровым голасам жалобны тэкст. Жанчыны заліваліся слязамі.

Мінчанка Вольга Анатольеўна Далгачова сведчыць: у іх дашкольным дзіцячым доме ўключалі радыё, каб дзеці слухалі зводкі пра стан здароўя Сталіна. Разам з іншымі арганізацыямі і прадпрыемствамі павялі да манументу і загадалі: «Дзеці, плачце!» У газетах паведамлялі, які з калектываў гараваў больш.

Мой новы знаёмы Міхаіл Фёдаравіч Саўчыц, што родам з Вілейшчыны, з гумарам распавёў, як вучнем ледзьве не пацярпеў за непаважлівае абыходжанне з партрэтам усенароднага любімца.

«Сябра мне даў капірку, яе належала праверыць. Пад рукой не знайшлося іншай паперкі, акрамя газеты з партрэтам Сталіна. Ну я і праверыў капірку на гэтым партрэце — перакрэсліў крыж-накрыж. Знайшлася малая «сексотка» і далажыла настаўніцы: «Фаіна Сямёнаўна, а Міша папсаваў партрэт Сталіна».

Настаўніца разгубілася і не ведала, як рэагаваць. А рэагаваць належала, інакш мог быць розгалас і наступствы для яе самой. Праз некалькі дзён настаўніца наведала бацькоў вучня ў іх вёсцы. Самой гаворкі хлапчук не чуў, бачыў толькі, як плакала маці. Справу, на шчасце, замялі.

«Дзень пахавання я запомніў добра, бо тады мы з сябрам узялі санкі-«козачкі» і паехалі катацца на мясцовыя горкі. У гадзін 12 пачулі гудок на лесазаводзе. Тады гадзіннікаў не мелі, дык арыентаваліся па такіх гудках — на пачатку рабочага дня, у абед, увечары. Гудкі-сірэны паўсюль былі ўключаныя і азначалі жалобу. З Вілейкі прыбыла раённая каманда для правядзення мітынгу. Наша хата падалася начальству самай прасторнай. Да нас ад суседзяў нанасілі лавак, склікалі людзей. Саўчыц за Саўчыцам выступалі з развітальным словам — у нас у вёсцы ўсе былі Саўчыцы. Балтыйскі матрос Ігнась як старшыня калгаса таксама меўся штось сказаць, пасада абавязвала. Ажно пык-мык — нічога не атрымліваецца! З таго, што ён з цяжкасцю звязаў, мы разабралі наступнае: «Выйшаў дух, і больш мы яго не ўбачым». Дарослыя баяліся смяяцца, хоць і падмывала. А вось хлапчукі на печы стрымацца не маглі».

Была і зларадная рэакцыя. «Неяк да маці прыйшла суседка, і я звыкла натапырыў вушы. Пагаварыўшы пра справы гаспадарчыя, тая паведаміла: «Сталін здох». На мой дзяціны погляд, пра чалавека трэба было б сказаць неяк іначай», — кажа Жураўскі з Радашковіч.

У 1990-я гады загадчык клуба Аляксандр Давідовіч абыходзіў Янушкаўскі сельсавет і ўдакладняў спісы ахвяраў сталінізму. Сярод іх быў ляснічы Прахаровіч. Яго катавалі ў сутарэннях палаца Тышкевічаў, заганялі іголкі пад пазногці. Вадой абліюць — і зноў катуюць. Пры пасмяротнай рэабілітацыі ахвяр у КДБ выклікалі зяця Прахаровіча — настаўніка Марцынкевіча. І так з ім «пагутарылі», што ён адмовіўся ад належнай па законе кампенсацыі.

Да 1939 года край Лагойскага раёна прымыкаў да дзяржаўнай савецка-польскай мяжы. Жыхары па сваяцкіх або гаспадарчых справах усялякімі шляхамі зрэдзьчасу пераходзілі яе. Палюбоўна дамаўляліся з пагранічнікамі прадпрымальныя людзі з таго боку. Хто «засвечваўся» на мяжы або на каго даносілі, аўтаматычна залічваўся да польскіх шпіёнаў.

З невялікай вёсачкі Якубавічы Баравыя за адну ноч органы забралі дзевяць мужчын. Лістом абазваўся толькі адзін, лёс іншых невядомы. І дарма мы робім вінаватым толькі ведамства Яжова—Берыі: усё, што рабілася, рабілася з дазволу і ведама адзінай кіруючай партыі, якая не мела механізму стрымлівання. Кулакі, шкоднікі, трацкісты, нацыяналісты, духавенства, чальцы міфічных антысавецкіх арганізацый — заўсёды знаходзілася прычына, каб забяспечваць дармавой рабочай сілай будоўлі, руднікі і лесапавалы, а таксама загрузіць працай катаў — тых, што выціралі акрываўленыя рукі аб уласную галаву (жудасная дэталь з кнігі Святланы Алексіевіч. — Г.К.)

Распаўсюджанай практыкай былі і даносы: на суседзяў, аднавяскоўцаў, калег і каляжанак па рабоце, на сваякоў, нават на мужоў і жонак. Гэтае масавае вар’яцтва ўсяляк заахвочвалася, хаця пад «пільнасцю» часам хавалася банальная зайздрасць. Даносы пісалі на ўдарніка працы Сямёна Фёдаравіча Маеўскага (бо заможна жыў), на мясцовага маладога ўрача Кулакоўскага, на сакратара сельсавета Алёшачку Жардзецкага...

«Бяскрыўдны мужык» Алёшачка адбыў на лесапавале ад званка да званка. У чым заключалася яго віна, дакладна не вядома; не тое сябраваў з сынам бацюшкі, не тое з ім жа вынес з сельсавета патэфон на танцы. Адбыўшы тэрмін, Алёшачка прыходзіў да суседзяў і плакаў, успамінаючы лагерныя пакуты. Гаварыў, што на сібірскай катарзе нават не ведаў, што ідзе вайна з немцам.

Алёшачка быў другім мужам Вольгі Кавэцкай, чыіх дачок я ведаю. Выпадак дапамог сустрэцца з малодшай, Галяй. Што на долю бацькі выпала шмат пакут, яна даведалася дарослай — калі з мужам збіраліся ў ГДР на месца службы (у такіх выпадках запаўняліся падрабязныя анкеты). Светлых успамінаў пра дзіцячыя гады ў яе мала. Бацька піў і біўся, ганяў жонку разам з дочкамі, не раз яны начавалі ў сельсавеце, дзе Кавэцкая прыбірала (значыць, не такі ўжо і «бяскрыўдны»). Самай большай абразай у бок сямейнага тэрарыста была рэпліка жонкі: «Цюрэмшчык!»

Між тым, у адрозненне ад многіх, Цюрэмшчык быў пісьменным чалавекам, нездарма яго ўзялі ў сельсавет сакратаром. Галя памятае прыгожы почырк з завіткамі, якім бацька пісаў заявы і іншыя паперы па просьбе наведвальнікаў.

Вязень ГУЛАГу, паэт Сяргей Грахоўскі, вярнуўся ў Мінск у 1956 годзе. I здзівіўся: «…пасярод Цэнтральнай плошчы на пастаменце з цёмна-чырвонага граніту ўсё яшчэ стаяў высачэзны Генералісімус». Правая рука за бортам шыняля, у левай — шапка, арліны погляд скіраваны на заўсёды асветленыя вокны ЦК (якраз ля гэтага пастамента стаяла маладзенькая Таццяна Ігнацьеўна. — Г.К.) Бронзавы помнік разлічаны быў на вякі: «на восем метраў у зямлю загнаны таўравыя бэлькі, залітыя самым трывалым бетонам, пастамент абліцаваны зіхоткім гранітам…»

З аднаго боку, на ХХ з’ездзе КПСС культ развянчалі, а што рабіць з рукатворнай спадчынай — помнікамі, бюстамі, партрэтамі, тамамі прац — мясцоваму начальству не давялі. Манумент Сталіну на ранейшай Цэнтральнай, а зараз Кастрычніцкай плошчы працягваў аглядаць горад са сваёй 10-метровай вышыні — да таго часу, пакуль цела правадыра не вынеслі з маўзалея.

Грахоўскі стаў сведкам, як у ноч на 3 лістапада 1961 года грамілі звыштрывалае збудаванне.

«Па асветленай плошчы мітусіліся высокія вайсковыя чыны, аддавалі ўзмоцненыя мегафонам каманды. Сапёры ў пастаменце свідравалі адтуліны, у іх закладалі тол. Па лесвіцы папаўзла постаць у блішчастай касцы і накінула пятлю з тоўстага тросу на шыю таварыша Сталіна. Прызнаюся, па скуры пабеглі мурашкі, апанаваў страх, а потым узрадаваўся, што дацярпеў, што дажыў і ўбачыў, хоць бронзавага, свайго ката з пятлёю на шыі.

Змоўклі адбойныя малаткі, трос прычапілі да танка. Па камандзе грымнуў выбух, помнік завалакло шызым дымам, па бруку заляскацелі гусеніцы, напяўся трос і... пасярэдзіне лопнуў, ад пастамента пасыпаліся дробныя аскабалкі, дым асеў, а ЁН як стаяў, так і стаіць нерухома з пятлёю на шыі. Відовішча жахлівае».

У прэстыжным раёне, на вуліцы Кірава, жыў з жонкай Міхаіл Саўрыцкі. Самы цэнтр сталіцы. У двары знаходзілася цэкоўская сталоўка. Бамбасховішча для партыйнай вярхушкі і склады сістэмай падземных хадоў былі звязаны з будынкам ЦК КПБ. Дзень, калі бурылі помнік, ён запомніў. Яшчэ б не запомніць! Нагналі ваенных, цяжкай тэхнікі, грукат стаяў на тры кварталы. Праз ачапленне было відаць, як за манумент зачапілі тросы.

Давялося чуць, што моцна пакрыўдзіўся адзін з аўтараў помніка Заір Азгур: чаму не параіліся з ім? У Азгура і раней былі падставы крыўдзіцца на ўладу: яму, прызнанаму творцу, не хацелі верыць, што на здымку сярод павешаных падпольшчыкаў знаходзіцца не хтось невядомы, а яго пляменніца Маша Брускіна. Яшчэ адзін аблашчаны ўладамі скульптар, Бембель, перажыў знос спакойна. Ён ляпіў толькі ногі, ганарар жа не адбяруць…

Гігантаманія сацрэалізму да сёння ўяўляе сабой тэхнічную праблему: помнікі разбураюцца і становяцца аварыйнымі. У Балгарыі ў славутага Алёшы адна галава важыць 16 тон. Збіраліся зносіць, але не дазволілі ветэраны. Галаву савецкаму воіну-вызваліцелю ў Трэптаўпарку ўлады аб’яднанай Германіі мусілі замяніць. Што пацягнула на кругленькую суму ў еўра. Польшча рашуча развітваецца са спадчынай сацыялізму і зносіць у гарадах яшчэ прыдатных да эксплуатацыі Ленінаў…