Пра пераемнасць пакаленняў: як жылі за «панскім часам»

Указам Лукашэнкі 17 верасня абвешчана Днём народнага адзінства. Дата абрана невыпадкова — 17 верасня 1939 года савецкія войскі ўвайшлі ў Польшчу — яе выбар, паводле афіцыяльнаму тлумачэнню, мусіць «падкрэсліць пераемнасць пакаленняў». Прапануем вам успаміны жанчыны, якая жыла «за панскім часам», каб  адказаць на пытанне: чым насамрэч стаўся верасень 39-га для жыхароў Заходняй Беларусі.




З жыхаркай вёскі Дзягелі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці Марыяй Іосіфаўнай мне ўдалося сустрэцца дзякуючы маім сваякам. Бабульцы тады было крыху за 90 гадоў, зрэшты, яе яснай памяці мог пазайздросціць любы дваццацігадовы хлопец ці дзяўчына. «Ой, дзетачка, ты ж мае прозвішча не называй, не хачу я, а то што не так скажу», — па-старому асцерагаецца бабуля.

                Вёска Дзягелі на польскай вайсковай карце, 1931 г.

Нарадзілася яна ў «панскай» Польшчы ў сям’і беларускага селяніна. Жылі не багата, але з працягнутай рукой не хадзілі. Зямлі было 4 гектара, карова, свінні, сад і агарод. У выніку траўмы бацька стаў інвалідам, а маці за яго атрымлівала пенсію, што плаціў польскі ўрад. Марыя хадзіла ў школу, новы будынак якой паставілі ў 1930-х гадах. «Сямігодка» знаходзілася ў вёсцы Слабада. Па ўспамінах маёй суразмоўцы, будынак школы быў вялікім, прыгожым, светлым. Усяго ў ім вучылася 250 вучняў, а настаўнікаў было толькі чацвёра. Але затое сапраўдныя прафесіяналы. На іх занятках было вельмі цікава і пазнавальна. У школе разам вучыліся і палякі, і беларусы. Бабуля ўспамінае, што з ёй за партай сядзеў сын польскага паліцыянта, з якім яна вельмі добра ладзіла. Паміж сабой размаўлялі то па-польску, то «па-тутэйшаму», г. зн. па-беларуску. І кожны ўсё разумеў.

                      Будынак школы ў Заходняй Беларусі

«Сёння часта лаюць палякаў і панскія часы, а я скажу так. Калі сям’я была беднай або малазабяспечанай, то польскія ўлады плацілі матэрыяльную дапамогу з улікам таго, каб бацькі маглі пракарміць кожнае дзіця. У нас у сям’і было трое дзяцей, мама атрымлівала дапамогу з улікам куплі харчавання для кожнага з нас. Вось як было», — кажа Марыя Іосіфаўна.


На той час у вёсцы Марыі Іосіфаўны палякі жылі побач з беларусамі. Мясцовыя сяляне працавалі на пана, які аплачваў гэтую працу. Прыязджаў кіраўнік наймаць рабочую сілу на «жніво», і людзі ішлі, таму што ведалі, што гэты пан і заплаціць, і карміць будзе нядрэнна. Каму не хапала зямлі, ехалі на заробкі ў краіны Балтыі. Многія ехалі ў Латвію і Эстонію, бо выязджаць можна было свабодна. Нагадаю, што ў гэты час сяляне ў БССР ужо жылі за «жалезнай заслонай».

У вёсцы былі касцёл і царква. Польскія ўлады не ўціскалі праваслаўных, а ксяндза і бацюшку часта можна было бачыць разам, як яны ішлі па вуліцы. Праваслаўных вучняў-беларусаў у царкву вадзіла настаўніца, дарэчы, каталічка па веравызнанні. Амаль кожны тыдзень у школу прыязджаў бацюшка і праводзіў заняткі па рэлігіі. Да каталікоў, у сваю чаргу, прыязджаў ксёндз. Калі было якое праваслаўнае свята, беларускім дзеткам дазвалялі не прыходзіць у школу. Як жа можна ў святочны дзень працаваць?

                    Жыхары Маладзечанскага павета ў Вільні

У заходнебеларускіх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай была распаўсюджана хутарная сістэма. Прыязджаў каморнік і рабіў разметку зямлі. Так кожная гаспадарка атрымлівала сваю палоску зямлі. Некаторыя сяляне пераносілі сваё жыллё бліжэй да вылучаных зямельны надзелаў.


Войтам Мядзельскай гміны быў Альфрэд Вайцяхоўскі. «Памятаю, заўсёды нас на брычцы падвозіў у школу. Ідзем мы па дарозе, а войт з фурманам едзе. Браў нас, колькі было на дарозе, садзіў поўную «фурманку» дзятвы і вёз у школу. Дарэчы, у будынку гміны быў адзін на раён тэлефон. Дзяцей са школы вадзілі на экскурсію туды, і сакратар, пан Мачульскі, даваў школьнікам паслухаць гэты дзіўны апарат. А потым, як цяпер памятаю, паілі нас кавай з булачкамі», — распавядае мая суразмоўца.

                       Генерал Уладзіслаў Бартноўскі

Побач з вёскай, дзе жыла Марыя Іосіфаўна, знаходзіўся фальварак Кавалькі, які належаў брыгаднаму генералу польскай арміі Уладзіславу Бартноўскаму. Увосень 1938 года менавіта гэты высокапастаўлены афіцэр камандаваў аперацыяй па далучэнню Цешынскай вобласці да Польшчы. Зараз па-рознаму ацэньваюць гэтую падзею, аднак напэўна вядома, што ўдзел у ёй зрабіў генерала настолькі папулярным, што ён пасля прэзідэнцкіх выбараў 1940 года павінен быў замяніць маршала Э. Рыдз-Сміглы (які збіраўся балатавацца на прэзідэнта) на пасадзе галоўнакамандуючага Войскам Польскім. «Памятаю, як генерал прылятаў на вайсковым самалёце. У фальварку было многа прыслугі. Усе бегалі, мітусіліся. Часта прыязджала і генеральская жонка. Яна любіла катацца на ровары па ваколіцах», — успамінае пажылая жанчына.

                  Генерал Уладзіслаў Бартноўскі з прэзідэнтам Масціцкім

...17 верасня 1939-га разам з іншымі дзецьмі Марыя, як звычайна, ішла ў школу. І раптам убачыла салдат. Іх форма адрознівалася ад той, у якой хадзілі палякі, а на фуражках былі вялікія чырвоныя зоркі. «Дзеці, а дзе тут памешчыкі жывуць? Пакажыце нам», — звярнуўся да школьнікаў адзін з салдат. «А мы і слова такога не ведалі — «памешчык». Не разумелі, чаго гэтыя людзі ад нас хочуць», — кажа бабуля.


Прыйшоўшы ў школу, дзеці ўбачылі настаўніцу, якая плакала. Мужа жанчыны, дырэктара, толькі што забралі салдаты. На вачах спалоханых дзяцей тыя ж людзі з прымкнёнымі да вінтовак штыкамі, якія шукалі памешчыкаў, вывелі са школы іншых настаўнікаў і павялі па гасцінцы ў невядомым кірунку. З арыштаванымі мужчынамі пайшла і жонка дырэктара. Яна была пасля родаў, незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны ў жанчыны нарадзіўся сын. Войта таксама арыштавалі. Праўда, Альфрэду Вайцяхоўскаму, у нейкім сэнсе, пашанцавала. Яго выслалі ў Казахстанскую ССР, а ў 1941 годзе пасля дамовы Сікорскі-Майскі былы Мядзельскі войт уступіў у армію генерала Андэрса і ваяваў супраць нацыстаў на Захадзе. Пасля вайны гэты чалавек вярнуўся ў Польшчу.

                     Жыхары Заходняй Беларусі. Маладзечанскі павет

НКУС арыштавала і мясцовага лесніка. За што? А быў прадстаўніком, як цяпер прынята казаць, польскай «вертыкалі ўлады». Усю сям’ю гэтага чалавека ў 1940 годзе адправілі ў Сібір. «Як хто быў заможным, меў крыху больш, чым у іншых, так яго адразу і запісвалі ў ворагі», — распавядае Марыя Іосіфаўна. Яшчэ ўчора мірная вёска раптам раскалолася на «сваіх» і «чужых». Савецкія актывісты складалі спісы «нядобранадзейных» і «ворагаў народа». Часта пры складанні такіх дакументаў нядобрасумленныя людзі кіраваліся банальнай зайздрасцю да больш паспяховага і працаздольнага суседа. Людзей сталі гвалтоўна перасяляць з хутароў. «У нас было няшмат зямлі, але тое, што мелі, было нашым. А потым усё раптам стала агульным. І ва ўсіх зямлю пазабіралі. Вось так я памятаю тыя няпростыя гады», — заканчвае сваё апавяданне мая суразмоўца.


Добра было б, каб гэтыя ўспаміны прачыталі тыя, хто жыве савецкімі ілюзіямі пра «паноў, якія рабавалі беларускіх сялян», і пра «міратворчы характар» «вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь». Безумоўна, у верасні 1939 года Беларусь аб’ядналася, але саветызацыя Заходняй Беларусі, якая рушыла за гэтым, нанесла рэгіёну і яго жыхарам значны ўрон. Гістарычныя і культурныя каштоўнасці, ацалелыя «пры панах», былі бязлітасна разрабаваны бальшавікамі, а многіх людзей рэпрэсавалі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: