Хто замовіў Вільгельма Кубэ?

22 верасня 1943 года адбылося тое, да чаго не адзін год прафесійна і старанна рыхтаваліся як у Беларусі, так і ў Маскве: быў забіты кіраўнік Генеральнага Камісарыята Беларусі Вільгельм Кубэ. І па сёння вядуцца спрэчкі, чыя галоўная заслуга ў той гераічнай акцыі. Але як даволі шырокія колы беларускага грамадства паставіліся да той ахвяры?

Група нямецкіх чыноўнікаў і афіцэраў. У цэнтры Вільгельм Кубэ. Фота: jivebelarus.net

Група нямецкіх чыноўнікаў і афіцэраў. У цэнтры Вільгельм Кубэ. Фота: jivebelarus.net

Забойства Кубэ, на мой погляд — вялізная, нічым неапраўданая дэмаграфічная страта для беларускага народа: за смерць аднаго ворага фашысцкія каты забілі 1500–2000 чалавек! Ісці на пагібель такой колькасці сваіх грамадзян дзеля таго, каб у ворага на аднаго палітыка, няхай сабе ў чымсьці і прыкметнага, стала менш — гэта не што іншае, як элементарная дурнота. Каб пераканацца ў гэтым, аўтар задаваў многім бацькам пытанні, ці аддалі б яны жыццё свайго дзіцяці (калі ў каго іх нават больш за трох у сям’і) у ахвяру за забойства Кубэ. Ніхто не адказаў «Так». Ніхто з дарослых дзяцей на сфармуляванае мной пытанне не пагадзіўся ахвяраваць бацькам, каб толькі звесці ў магілу акупанта №1 Беларусі.

Як найбольш уражлівыя, пачуццёвыя з-за свайго маладога ўзросту бліжэй за ўсіх прынялі да сэрца канец Кубэ юнакі, аб’яднаныя ў Саюз Беларускай Моладзі. Не хто іншы, як менавіта Кубэ, з’яўляўся «бацькам» гэтай грамадскай моладзевай арганізацыі. Як толькі яе сябрам стала вядома пра гібель Кубэ ў ноч з 21 на 22 верасня 1943 года, яны ў момант прыйшлі ў рух. «На другі дзень пасля гэтага сумнага здарэння, 22 верасня, Шэф Кіраўнічага Штаба і Кіраўнічка Юначак пры Кіраўнічым Штабе з’явіліся ў суправаджэнні сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў у нямецкі шпіталь, дзе былі часова паложаны смяротныя рэшткі гаўляйтара, каб сваімі сціплымі букетамі красак ушанаваць яго памяць. Яны таксама бралі ўдзел у жалобна-ўрачыстым пераносе дамавіны нябожчыка ў залу франтавога тэатра», — пісала «Беларуская газэта», што выдавалася ў акупацыйным Мінску.

У галоўным органе акупацыйнага беларускамоўнага перыядычнага друку «Беларускай газэце» пра забойства Кубэ паведамілі толькі 26 верасня. Ёсць над чым задумацца. Увесь матэрыял яе першай старонкі быў узяты ў чорныя рамкі і насіў назву «Гэнэральны Камісар Гаўляйтэр Вільгельм Кубэ загінуў ад подлае забойскае рукі». Змешчаны яго фотаздымак з такім тэкстам: «Сяньне ўначы ахвяраю баязлівага і здрадлівага забойства загінуў Гэнэральны Камісар Беларусі Гаўляйтэр Кубэ». Далей ідзе тэкст з трох невялікіх абзацаў, падпісаны кіраўніком Галоўнага аддзела Генеральнага Камісарыята Беларусі Баўэрам і кіраўніком СС і Паліцыі на Беларусі Куртам фон Готбергам. Прывяду з яго толькі два сказы: «З Вільгельмам Кубэ мы страцілі заўсёды гатовага да змагання і руплівага да сваіх супрацоўнікаў кіраўніка… Мужнасць, вернасць і жаўнерскае выкананне абавязку былі зместам яго жыцця».

Глядзіце таксама

Ёсць сэнс згадаць змешчаныя ў гэтым нумары «Беларускай газэты» біяграфічныя звесткі пра Кубэ пад загалоўкам «Вільгельм Кубэ — змагар за волю». Дзейнасці Кубэ ў ролі кіраўніка Генеральнай акругі Беларусь дадзена надзвычай высокая ацэнка. «Беларусь сталася часткай ягонага жыцця, бо важна было даць народу волю, гэта значыць таго, чаго яму не далі за 25 гадоў і бальшавікі. Аж да апошняй гадзіны служыў ён гэтай мэце... Моладзь Беларусі бачыла ў Вільгельму Кубэ свайго бацьку — апекуна і заступніка». Заканчваўся той матэрыял сцвярджэннем, што забойцаў «пасягне жорсткая кара». Такога не здарылася. Яны перажылі вайну, карысталіся ўсімі ўведзенымі савецкай уладай ільготамі. А вось бязвінных людзей, як лічаць некаторыя даследчыкі, фашысцкія каты знішчылі ажно паўтары-дзве тысячы! Зусім неэквівалентная цана.

На правах адказнага рэдактара «Беларускай газэты» выступіў у гэтым жа нумары з падрабязным артыкулам Уладзіслаў Казлоўскі, выкарыстаўшы для яго назву «Прыязнае сэрца перастала біцца». Спаўна валодаючы зайздросным дарам публіцыста, ён зрабіў з Кубэ ледзь не святога чалавека для беларускага народа. Гаўляйтару пастаўлена ў вялікую заслугу, што яму «імкненні беларускага народу, яго гісторыя... былі бадай таксама блізкія, як і кожнаму беларусу. За свае два гады працы ў Мінску ён грунтоўна азнаёміўся з гэтай гісторыяй, з беларускімі звычаямі, пазнаў беларусаў і сваёй паэтычнай душой палюбіў беларусаў (тут варта было б аўтару быць намнога больш сціплым у ацэнцы. — Л. Л.), няраз выказваючы пра яго як пра расава чысты і здаровы славянскі народ...».

Вільгельм Кубэ з жонкай наведваюць сядзібу ў Прылуках.  Фота: jivebelarus.net

Вільгельм Кубэ з жонкай наведваюць сядзібу ў Прылуках. Фота: jivebelarus.net

Казлоўскі не быў бы сабой, не выкарыстаўшы забойства Кубэ для распальвання варожасці: «Будучы найвышэйшым прадстаўніком цывільнае нямецкае ўлады на Беларусі, ён надаваў палітычны кірунак беларускаму народу ў дусе ягоных нацыянальных імкненняў. Ён няраз у сваіх афіцыйных прамовах падчыркваў, што Мінск ніколі не будзе плацдармам Масквы, усёроўна, белай ці чырвонай (асаблівых жа гарантый сцвярджаць такое не мелася з улікам рэальнага становішча на савецка-нямецкім фронце. — Л. Л.), а таксама й Польшча ніколі не будзе мець уплываў на Беларусі. Мінск ёсць і будзе цэнтрам беларускага нацыянальнага жыцця...». На вялікі жаль, Мінск і сёння з-за татальнай зрусіфікаванасці не з’яўляецца цэнтрам беларускага нацыянальнага жыцця.

Цывільны перыядычны друк і ў наступныя дні працягваў паведамляць пра развітанне з гаўляйтарам, пра тое, як беларусы ставяцца да яго забойства. Ніхто столькі слёз не ліў, як кіраўнік Саюза Беларускай Моладзі Ганько, абавязаны нябожчыку сваёй пасадай. Узгадваючы праведзеную ў Мінску 19–21 верасня 1943 года нараду кіраўнікоў і кіраўнічак СБМ (прысутнічала 40 асоб), ён цытуе словы Кубэ з выступлення на ёй: «Мае дарагія беларускія сябры! Вы з’яўляецеся першым пакаленнем свайго народу, якое паклікана стварыць новае, рэвалюцыйнае. Нямецкі меч даў вам магчымасць вызваліць беларускі народ із кайданоў векавога чужацкага панавання (не памыліўся ў ацэнцы рэальнага жыцця беларусаў у складзе Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і ў пэўнай ступені ленінска-сталінскага СССР. — Л. Л.) і выйсці з цемры гістарычнага заняпаду» (цытуецца па «Беларускай газэце» ад 29 верасня 1943 года). О, як далёка да ўсяго гэтага было! А Ганько, відаць, не заўважаў ці не хацеў заўважыць той беспрасветнай цемры.

Не магла з прычыны гібелі Кубэ прамаўчаць і кіраўнічка юначак СБМ Надзея Абрамава. Мо ніхто больш за яе не праліў столькі горкіх слёз, не сказаў столькі цёплых слоў у час развітання беларускай моладзі з Кубэ?!

Увесь свой, не сумняваюся, шчыры боль яна выказала ў змешчаным 29 верасня 1943 года ў «Беларускай газэце» артыкуле «Кім быў для беларускай моладзі Вільгельм Кубэ». Яму прыпісвалася такое, у што ніяк не можа паверыць чалавек цвярозага розуму. Да прыкладу: «Уся праца яго на Беларусі — змаганне за тое, каб край нарэшце здолеў авалодаць эўрапэйскай культурай, каб нарэшце аднавіў сваю старадаўную лучнасць із Захадам і раўнапраўным увайшоў у сям’ю краёў Новае Эўропы». Абрамава ўжывае такія азначэнні: «Гаўляйтэр Кубэ быў запраўды шчырым прыяцелем беларускага народу...», а страта Кубэ — «вялікі жаль для кажнага, чыё сэрца б’ецца для красавання Бацькаўшчыны». Ці ж мала такой моладзі было ў партызанскай зоне, як аўтар гэтых радкоў? Аднак для іх Кубэ не быў такім.

Найменш за ўсё пярэчанняў, сумненняў у праўдзівасці характарыстыкі Кубэ Абрамавай можна выставіць да такіх слоў з яе артыкула: «Сам паэта, драматург і эстэт, знаўца мастацтва — ён быў натхняльнікам усіх здольных сілаў для працы на карысць Бацькаўшчыны. Ён стаяў на чале арганізацыі мастацкіх выставак, ён вітаў сваім наведваннем Беларускія тэатральныя прэм’еры (што, дарэчы, не з’яўлялася і не з’яўляецца характэрным для многіх палітыкаў савецкай і прэзідэнцкай Беларусі. — Л.Л.), ён дбаў аб адшукоўванні ўсіх каштоўнасцяў народнай культуры» («Беларуская газэта». 29 верасня 1943). За такія словы нельга крытыкаваць Абрамаву, бо Кубэ як асобу, цесна інтэграваную ў нямецкую культуру, проста не магла не цікавіць і беларуская. Такое ўласціва многім палітыкам, якія вызначаюцца высокім узроўнем культуры.

Не спыняючыся пісаць і гаварыць пра Кубэ, вельмі любілі ўзгадваць яго словы з апошняга публічнага выступлення падчас сустрэчы з беларускай моладдзю: «Нямеччына Адольфа Гітлера хоча волі для народаў Эўропы. Беларускі народ павінен таксама, паводле волі Правадыра, атрымаць собскае вольнае жыццё» (нічога не скажаш: умеў тлуміць галовы недасведчанай моладзі. — Л. Л.). Не жадаючы, каб па самых розных прычынах моладзь пакідала свой родны край, ён звярнуўся да яе з такімі, лічу, слушнымі і сёння словамі: «Эмігранты ніколі не могуць вярнуць шчасця і волі свайму народу. Гэта ўдаецца толькі таму, хто гатовы да працы, змагання і ахвяраў». Асабіста я не аспрэчваў бы гэтых слоў, бо і сёння мы бачым, якую вялізную шкоду нясе нам нястрымная эміграцыя. Гарачымі прыхільнікамі яе з’яўляюцца і тыя, хто б’е сабе кулакамі ў грудзі, заяўляючы, што ён вялікі нацыянальны патрыёт, бясконца любіць зямлю сваіх продкаў. Па-сапраўднаму любячы Радзіму, ніколі не пакінеш яе, нават у самыя страшныя галодныя гады, а тым болей тады, калі па віне ўлад тут нішчыцца ўсё нацыянальнае, замест якога ўкараняюцца і буяюць чужыя культура і мова, якія дзяржаўныя чыноўнікі ўпарта агітуюць называць роднымі.

Не сумняваюся, найбольш жа праўды, якая нічога не дае беларускаму народу, а то і прыносіць карысць толькі акупантам, утрымліваецца ў той прамове Кубэ: «Сёння мы заклікаем вас, беларускую моладзь, не да гульняў, танцаў, а да змагання на баку нямецкага жаўнера і вялікага нямецкага народу, які нясе галоўны цяжар гэтае вайны». І як шкада, што хтосьці прасякнуўся зместам такіх слоў і ў адпаведнасці з імі будаваў сваё жыццё!

Вільгельм Кубэ ў Мінску. Фота: jivebelarus.net

Вільгельм Кубэ ў Мінску. Фота: jivebelarus.net

Здзейсненае забойства Кубэ не пайшло на карысць беларускай справе: на замену яму прыйшоў непараўнальна больш агрэсіўных поглядаў нацысцкі палітык, у многім адрозны ад свайго папярэдніка, эсэсавец Курт фон Готберг. Гэта добра разумелі і многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху. Мо таму так стараліся, каб Кубэ не забываўся ў іх асяроддзі. Клапацілася пра гэта і рэдакцыя «Беларускай газэты». У сваім чарговым нумары за 13 кастрычніка 1943 года, больш як дваццацці дзён пасля здзейсненага забойства кіраўніка ГАБ, яна змясціла 4 фотаздымкі з апошняй паездкі Кубэ ў Слонім.

Здымкі падаюць яго даволі прыстойна: вітаецца за руку з павятовым старшынёй, сябрам Рады Даверу Цітовічам, наведвае Цэнтр Асяродку Саюза Беларускай Моладзі ў Альберціне (з падачай рукі кожнаму з прысутных сяброў СБМ), уручэнне Кубэ вялікага букета красак праваднічкай ад СБМ, сардэчная размова гаўляйтара з юнакамі СБМ, у час якой яго рука ляжыць на плечуку аднаго з сяброў гэтай арганізацыі. На ўсіх чатырох здымках на тварах людзей пануе ўсмешка. Толькі пазітыўнае ўражанне маглі выклікаць у чытачоў тыя змешчаныя ў газеце фотаздымкі Кубэ.

Гібель Кубэ не была шараговай для Нямеччыны з’явай. І, хутчэй за ўсё, не таму, што ён зрабіў штосьці вартае ў яе інтарэсах, будучы за кіраўніка Генеральнай акругі Беларусь. У яго былі немалыя заслугі і ў міжваенны час, калі займаў высокія пасады ў структурах Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі, знаходзіўся ў сяброўскіх кантактах з самім Гітлерам, што, аднак, не выключала і ўзнікнення паміж імі канфліктаў часовага характару. Бо каб яны не былі такімі, Гітлер не прызначыў бы 17 ліпеня 1941 года Кубэ на пасаду Генеральнага Камісара Генеральнай акругі Беларусь. Па волі ж фюрэра яго ўрачыста пахавалі за дзяржаўны кошт у Берліне на могільніку Лянквіц.

«27 верасня 1943 года а 12-й гадзіне ў Мазаікавай залі новае дзяржаўнае канцэлярыі адбыўся дзяржаўны акт успамінаў гаўляйтэра. У залі было ўрачыста цікава, спераду — аздобленае краскамі і чорнай крэпай узвышша, на ім — дамавіна, пакрытая вялікім дзяржаўным сцягам, спераду — шапка нябожчыка. Абапал дамавіны — ганаровая варта, ззаду — лес сцягоў Нямеччыны і нацыянал-сацыялістычнага руху, — пісала «Беларуская газэта» 9 кастрычніка 1943 года. — Сярод высокіх прадстаўнікоў ураду знаходзіўся Гебельс — правая рука фюрэра. Сам Гітлер адсутнічаў, але перадаў вялікі вянок. Калі ж у залю ўваходзіла старая маці нябожчыка ў суправаджэнні дзяржаўнага міністра Розэнберга і радні гаўляйтэра, усе госці ўсталі».

Напэўна, не думалі тыя, хто ў верасні 1939 года развязаў Другую сусветную вайну, што і ім яна прынясе вялікае гора, шмат слёз, разлук бацькоў з загінулымі сынамі.

З улікам выкладзенага вышэй цяжка паверыць, што да забойства Кубэ, як сцвярджае шэраг даследчыкаў, маглі прыкласці рукі і самі немцы, прычым нават за яго памяркоўную нацыянальную палітыку. Апошняя ніколькі не пагражала Германіі. А вось Масква з яе даваеннай палітыкай развіцця і збліжэння савецкіх нацый і народнасцей, у ходзе правядзення якой авангардная роля адводзілася рускаму фактару, магла быць незадаволенай беларусізацыяй на тэрыторыі ГАБ. Неабходна яшчэ ўлічваць, што тэрарыстычны акт супраць Кубэ быў учынены за адзін дзень да пачатку вызвалення ўсходніх раёнаў БССР ад акупантаў. У гэтай сітуацыі Чырвонай Арміі надзвычай важнай была актыўная падтрымка яе цывільным насельніцтвам. Найбольш рэальнай яна магла стаць, калі апошняе зведае на сабе нечуванай моцы рэпрэсіі. Забойства Кубэ, напэўна ж, магло спрычыніцца да іх, таму ніяк нельга катэгарычна выключыць здзяйсненне такога тэрарыстычнага акта менавіта савецкімі спецслужбамі ў абыход беларускіх падпольшчыкаў, партызанаў, хаця гэта было б вялікім гонарам не толькі для іх, а і ўсяго народа, які змог адпомсціць свайму ворагу.