Краіна самазабойцаў

Як высвятляецца, 75 гадоў таму мела месца не толькі агонія нацыстаў на фронце. Тады ж нацысцкую Германію ахапіла небывалая за ўсе часы еўрапейскай гісторыі хваля самагубстваў.

Дэмін / ©Maxpark

Дэмін / ©Maxpark


Абсалютны рэкорд паставілі жыхары горада Дэмін, што цяпер у зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія. У сакавіку 1945-га ўсяго за 72 гадзіны тысяча чалавек (прыкладна кожны 15-ты жыхар Дэміна) паспелі звесці рахункі з жыццём. У ход, як і паўсюль, ішоў любы сродак — людзі вешаліся, рэзалі вены, страляліся, тапіліся і глыталі атруту. Прычым часам здзяйснялі суіцыд не індывідуальна, а нават сістэмна. Панавала негалоснае правіла: спачатку бацька сямейства павінен быў забіць жонку і дзяцей, каб пасля самому адправіцца ў лепшы свет.
Увогуле гісторыкі вызначаюць тры этапы эпідэміі суіцыду 1945-га, ахвярамі якой сумарна стала прыкладна 10 тысяч чалавек. Першы этап — пачатак студзеня 1945 года, калі савецкія войскі ўвайшлі на нямецкія тэрыторыі ва Усходняй Прусіі і Сілезіі. На гэтым этапе суіцыдны псіхоз ахапіў простых людзей. Некаторыя жаўнеры, якіх тады адпраўлялі на фронт, прасілі ў родных, каб тыя далі абяцанне пакончыць з сабою.
Другая фаза здарылася ў красавіку — траўні і тычылася чальцоў нацысцкай эліты. У спіс самагубцаў тады ўвайшлі 8 з 41 рэгіянальных партыйных кіраўнікоў, 7 з 47 вышэйшых кіраўнікоў СС і паліцыі, 53 з 554 генералаў арміі, 14 з 98 генералаў Люфтвафэ, 11 з 53 адміралаў. У красавіку 1945 г. узровень самагубстваў дасягнуў піку. Толкі падчас штурму Берліна наклалі на сябе рукі 3881 чалавек, уключаючы самога Гітлера. Трэцяя фаза адбылася ў першыя месяцы пасля акупацыі краіны, калі некаторыя не вытрымалі новых парадкаў.
Безумоўна, асноўным фактарам суіцыдных настрояў сярод немцаў было набліжэнне фронту. Практычна кожны тагасачны грамадзянін Рэйху так ці інакш супрацоўнічаў з рэжымам і меў рацыю, баючыся помсты з боку жаўнераў армій антыгітлераўскай кааліцыі. Як адзначаў адзін тагачасны нямецкі псіхолаг, тыя самагубствы «не маюць нічога агульнага з псіхічнымі захворваннямі або нейкім маральным і інтэлектуальным адхіленнем. Пераважна яны звязаныя са страхам панесці адказнасць».
Устаноўку на тое, што з прыходам армій саюзнікаў усіх немцаў чакае капут, ахвотна распальвала нацысцкая прапаганда. Асобнай фокуснай групай для ведамства Гебельса былі кабеты, якім у выпадку краху Гітлера стоадсоткава «гарантавалі» згвалтаванне. Часткова гэтым можна растлумачыць высокі адсотак самагубстваў сярод простых немак, якім Нюрнбергскі трыбунал па роду іх дзейнасці дакладна не пагражаў.
Цяжка сказаць, ці былі нацысты зацікаўленыя ў «модзе» на самагубствы. Тут маюцца выключна ўскосныя доказы. Амерыканскі часопіс Time не так даўно напісаў пра нейкі тагачасны выпуск Völkischer Beobachter, які праслаўляў «задавальненне ахвяраваць асабістым існаваннем». У лютым 1945-га адзін з пастараў берлінскай царквы казаў нейкаму дацкаму журналісту пра тое, што ўсе яго прыхаджане атрымалі ампулу з ядам. У сакавіку таго ж года англічане перадрукавалі нацысцкую прапагандысцкую паштоўку з падрабязнымі інструкцыямі, як павесіць сябе з мінімальнай колькасцю болю. Аднак арыгіналу пракламацыі ніхто пакуль не бачыў.
Акрамя страху перад пакараннем немцамі-самазабойцамі маглі рухаць іншыя чыннікі. Некаторыя з цяперашніх псіхолагаў дапускаюць, што на той момант назіраўся беспрэцэдэнтны выпадак калектыўнай анеміі — страты асноўных каштоўнасцяў, што пакідала людзей без сэнсу жыцця. Лепшы прыклад — Магда Гебельс, якая забіла шасцярых дзяцей, перш чым яна і яе муж атруціліся, паспеўшы пакінуць запіс: «У свеце, які прыйдзе пасля фюрэра і нацыянал-сацыялізму, не варта жыць».
Праўда, ёсць у тэорыіі калектыўнай анеміі свае крытыкі. На іх думку, многія вядучыя гітлераўцы былі моцна індактрынаваныя і разглядалі акт самазнішчэння як пасланне будучым пакаленням, праяву вернасці ідэалогіі, што культывавала перавагу смерці над паразай. Сапраўды, часам падрыхтоўка да самагубстваў выглядала вельмі пафасна. Так, 12 красавіка 1945 года на апошнім канцэрце Берлінскай філармоніі сябры Hitler Jugend раздавалі слухачам таблеткі з цыянідам.
Аднак часам гераічная поза мела для нацыстаў вельмі драматычныя наступствы. Гісторык Фларыян Хубер апісвае сюжэт Паўля Кітэля. У 1959 годзе 55-гадовы Паўль Кітэль паўстаў перад судом у ФРГ па абвінавачанні ў шматлікіх забойствах у 1945-м. Тады ён вырашыў здзейсніць суіцыд, як сапраўдны арыец. Але спачатку застрэліў сваю жонку і двух сыноў. Пасля хацеў скончыць жыццё самагубствам — але аказалася, што ў пісталеце ўжо не было патронаў. Кітэль трапіў у палон у СССР і быў вызвалены толькі ў 1955-м. Па вяртанні на радзіму ён павінен быў адказаць у судзе ФРГ за забойства дзяцей і жонкі. Суддзі апраўдалі яго з-за вар’яцтва. «Цяжар памяці», як піша Хубер, «магчыма, быў горшы за смерць».
Застаецца дадаць, што хваля суіцыду пачатку 1945-га не была першай у гітлераўскай Германіі. У лістападзе 1938 года каля сотні нямецкіх яўрэяў добраахвотна пайшлі з жыцця падчас сумнавядомых пагромаў «Крыштальнай ночы» . Аднак на гэта ў іх былі іншыя матывы. «Тое самагубства было звычайнай рэакцыяй на абразу і прыніжэнне, якое перажылі многія яўрэі ў лістападзе 1938-га. Эмацыйны ўдар быў у многіх выпадках больш жорсткім, чым фізічны гвалт», — піша адзін з ізраільскіх гісторыкаў.