Літоўскія крэчаты» на полі Куліковым: Андрэй Полацкі і Дзмітрый Бранскі

8 верасня 1380 года, адбылася праслаўленая Кулікоўская бітва, героямі якой сталі таксама князі з Вялікага Княства Літоўскага Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы. Цяжка не пабачыць Боскай волі ў тым, што прыйшлі яны ў рускую гісторыю менавіта тады, калі іх чакалі. Смелыя, адчайныя, не ўтаймаваныя татарскім бізуном, не разбэшчаныя татарскім ярлыком. Менавіта яны былі патрэбны ў дапамогу князю Дзмітрыю Іванавічу, каб весці за сабой на татар рускія палкі.

dvuboj_perasveta_z_czalubeem._karcina_mihaila_avilava.jpg

Князь Андрэй, самы старэйшы з Альгердавых сыноў, які пры нараджэнні атрымаў язычніцкае імя Вігунт, з’явіўся на свет у 1325 годзе. Маці яго была праваслаўная князёўна Марыя Віцебская. І яна выхоўвала сына ў павазе да хрысціянства. Аднак акунуцца ў хрысцільную купель княжычу давялося толькі ў 1342 годзе. У той год разам са сваім бацькам Вігунт спыніў нашэсце крыжакоў на пскоўскія землі. Удзячныя пскавічы прапанавалі Вігунту застацца княжыць у Пскове. Альгерд добраславіў на княжанне сына і дазволіў яму дзеля гэтага хрысціцца. Але Вігунт-Андрэй прасядзеў у Пскове нядоўга. Ён пакінуў свайго намесніка і выехаў на Беларусь дапамагаць бацьку і дзядзьку свайму Кейстуту ў іх барацьбе з крыжаносцамі. Пскавічы чакалі свайго князя доўгіх шэсць гадоў. У 1348 годзе намеснік Андрэя, Юрый Вітавіч, загінуў у бітве, і пскоўскае веча пастанавіла абвясціць Андрэю пра свой недавер.
«Табе было, князь, самому сядзець у Пскове на княжанні, а намеснікам Пскова не трымаць. Калі ж табе няўгодна сядзець у нас, у іншым месцы княжыш, то намеснікаў тваіх не хочам»…
Пасля Альгердавай смерці ў 1377 годзе Андрэй як старэйшы сын прэтэндаваў на вялікакняжскі сталец. Ваяры Вялікага Княства Літоўскага палюбілі Андрэя за яго адвагу і непахіснасць. Беларускія падданыя бачылі ў старэйшым сыне хрысталюбівай Марыі Віцебскай абаронцу праваслаўя і таму хацелі бачыць яго сваім гаспадаром. Але паводле Альгердавага тэстаменту ўлада мусіла дастацца малодшаму Андрэеваму брату, сыну другой Альгердавай жонкі Ульяны Ягайлу. Андрэй адмовіўся прысягаць новаму гасудару і пачаў самачынна называць сябе вялікім князем Літоўскім. Але сіл адстойваць свае правы зброяй у яго не было. Пазбавіўшыся па волі Ягайлы і Полацка, і іншых сваіх гарадоў, рушыў Андрэй са сваёй вернай дружынай ў Пскоў. З пакаяннем і клятвамі.
І прынялі яго пскавічы, якія ўвесь гэты час з вялікай цікавасцю назіралі за ратнымі подзвігамі Альгердавіча. І сям’я князя, якую прывёз ён з сабой у Пскоў, усім спадабалася. Набожная добрая княгіня, трое цудоўных княжат, Міхаіл, Сямён ды Іван… Адну толькі ўмову паставілі князю гараджане. Ён мусіў прасіць дазволу на пскоўскае княжанне ў вялікага князя Маскоўскага. Гэта было нялёгка. Бо ў мінулым некалькі разоў, пасланы быцькам сваім Альгердам, ваяваў Андрэй рускія гарады. Дапамагла выгнанцу знайсці паразуменне з Дзмітрыем Іванавічам сястра Алена Альгердаўна, якая была замужам за стрыечным братам вялікага князя Маскоўскага Уладзімірам Серпухоўскім. Андрэй атрымаў пскоўскае княжанне.
А ўжо ў наступным 1378 годзе ён разам з маскоўскімі рацямі прымаў удзел у бітве з татарамі на рацэ Вожы. Гэта была неглабальная, але пераможная бітва. Першая, выйграная рускімі князямі ў татар. У ёй рускае войска ўпершыню выкарыстала тактыку засадных палкоў, якую ўжо шырока прымяняла войска Вялікага Княства Літоўскага ў барацьбе з крыжаносцамі. Гэта дае права меркаваць, што статэгію бітвы распрацаваў менавіта князь Андрэй.
Безумоўна, такая паслуга павінна была быць адзначана. І вось у 1379 годзе разам з маскоўскімі рацямі Андрэй Альгердавіч вяртаецца на землі Вялікага Княства Літоўскага і вяртае сабе Полацак. У часе пахода лёс зводзіць яго з родным братам Карыбутам-Дзмітрыем Альгердавічам, які атрымаў ад Ягайлы Трубчэўск, Старадуб і Бранск, што раней належалі Андрэю.
Варта было чакаць, што браты сыйдуцца ў смяротным паядынку. Але Дзмітрый хлебам-соллю сустрэў Андрэя. Аказваецца, ён таксама быў незадаволены панаваннем Ягайлы. І таму паспяшаўся прысягнуць як васал Дзмітрыю Маскоўскаму. Трубчэўск, Старадуб і Бранск перайшлі пад уладу Маскоўскага княства. А Дзмітрыю Альгердавічу быў дадзены ва ўдзел Пераяслаў-Залескі. І Андрэй, які пры дапамозе вялікага князя Маскоўскага зноў стаў князем полацкім і пскоўскім, не выказаў сваёй нязгоды. Тым больш, што ў Маскве ўжо ішла падрыхтоўка вялікай бойкі з татарамі...
8 верасня 1380 года на Кулікоўскім полі сышліся лепшыя сілы Русі і Залатой Арды. 100-тысячнаму войску хана Мамая супрацьстаяла 36-тысячная руская раць. Русь выставіла супраць Арды 24 цяжкаўзброенныя палкі і каля 12 тысяч конных віцязяў.
Згодна з рускай воінскай традыцыяй у цэнтры стаў вялікі полк, па баках ад яго – палкі правай і левай рукі. Андрэй Альгердавіч са сваім дзвюхтысячным войскам палачан і пскавічоў узначаліў правы фланг. Першымі ардынцаў павінны былі сустрэць конны вартавы полк князя Дзмітрыя Друцкага і перадавы полк. За асноўнымі сіламі знаходзілася бранская конніца рэзервовага палка пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Альгердавіча. Але галоўная хітрасць, козыр Дзмітрыя Іванавіча быў прыхаваны за левым флангам вялікай раці, у Зялёнай Дуброве, паміж рачулкай Смолкай і Донам. Тут знаходзіўся засадны полк, які ўзначальвалі князь Уладзімір Серпухоўскі і яшчэ адзін збеглы з Літвы князь Дзмітрый Карыятавіч Баброк Валынскі.
Перад самай бітвай, не згаворваючыся, браты Альгердавічы прапанавалі вялікаму князю Маскоўскаму перайсці праз Дон і спаліць масты, каб у ратнікаў не было спакусы адступіць з поля боя. «Калі будзем тут, слабым будзе воінства, – растлумачыў сваю пазіцыю Андрэй Полацкі, – калі ж на іншы бок Дона пяройдзем, моцным і мужным будзе». І вялікі князь паслухаўся мудрай парады. Дзмітрый Маскоўскі перадаў свае княжскія даспехі аднаму з баяраў, узброіўся як просты воін і стаў у шэраг простых ратнікаў.
Поводле падання, спачатку сыйшліся ў двубоі віцязь-манах Свята-Троіцкай абіцелі Перасвет і татарскі батыр Чалубей. Яны абодва загінулі. Аднак Чалубей зваліўся з каня, а Перасвет утрымаўся.
Ну а далей, як і задумаў вялікі князь Дзмітрый, ардынцы вымушаны былі атакаваць у лоб рускія войскі. Удар аказаўся страшным. Пачаў «прагібацца» вялікі полк, полк левай рукі — адступаць. Распавядалі, што кроў лілася, як вада, на дзесяць вёрст, коні не маглі ступаць па трупах...
Дзмітрый Альгердавіч павёў на падмогу сваю конніцу. Але татары ўсё ж такі прарваліся ў тыл рускіх войск і сталі акружаць вялікі полк. Уладзімір Серпухоўскі, вымушаны бяздзейнічаць са сваім засадным палком, горасна наракаў Дзмітрыю Баброку Валынскаму: «Ці доўга нам тут стаяць? Якая з нас карысць? Глядзі, ужо ўсе хрысціянскія палкі ляжаць мёртвыя». Але Баброк Валынскі адказваў, што яшчэ нельга выходзіць з засады, таму што вецер дзьме проста ў твар русічам. Праз пэўны час вецер перамяніўся. «Цяпер час!» – сказаў Баброк, і засадны полк кінуўся на татар.
Гэты ўдар вырашыў зыход бітвы. Татар ахапіла паніка. Полк правай рукі Андрэя Полацкага і рэшткі вялікага палка перайшлі ў наступ. Ардынцы былі разбітыя!
З вялікай славай вярнуліся пераможцы ў сем’і свае. А князя Дзмітрыя Іванавіча пасля гэтай перамогі сталі называць Дзмітрыем Данскім.
А ў 1387 годзе Маскву асадзіў татарскі хан Тахтамыш. Праз тры дні ён узяў горад і ператварыў яго ў пажарышча. Дзмітрый Іванавіч плакаў на развалінах Масквы і пахаваў забітых на ўласныя грошы. Атрымаўшы сур’ёзную кантузію на полі Куліковым, Дзмітрый Данскі памёр ад яе вынікаў у 1389 годзе.
Уладзімір Серпухоўскі адмовіўся ад сваіх правоў на Маскоўскі сталец на карысць сына Дзмітрыя Данскога Васілія І.
Лёс Андрэя Альгердавіча склаўся драматычна. Кулікоўская бітва праславіла яго і выклікала чорную зайздрасць Ягайлы. Тым больш, што сам Ягайла збіраўся далучыцца да Мамая, але не паспеў прывесці войска на поле бою.
Даведаўшыся пра тое, што Ягайла згадзіўся стаць польскім каралём, далучыць Вялікае Княства Літоўскае да Польшчы і садзейнічаць распаўсюджванню каталіцтва на праваслаўных землях Беларусі, Андрэй вярнуўся на радзіму і, зноў абвясціўшы сябе вялікім князем Літоўскім, павёў барацьбу за правы адзінаверцаў. Але пацярпеў паражэнне і некалькі гадоў правёў у цямніцы. Слава князя была такой вялікай, што Ягайла не рашыўся яго забіць.
Толькі ў 1394 годзе дзякуючы просьбе Вітаўта праслаўлены вязень быў вызвалены. Некаторы час Андрэй служыў князю Вітаўту, які паручыўся за яго. А потым, у 1399 годзе, вымушаны быў прыняць удзел у няўдалым паходзе Вітаўта на Арду. Князю Андрэю было ўжо семдзесят пяць гадоў. Ён прагнуў спакою, ціхага, малітоўнага заканчэння жыцця. Але Вітаўт настойваў, каб герой Кулікоўскай бітвы ў гэтым паходзе быў побач з ім. На рацэ Ворскле князь Андрэй біўся ў першых шэрагах з воінствам хана Цемір-Кутлука. І загінуў, затрымліваючы татар, каб даць магчымасць рэшткам раці Вітаўта адысці з поля боя.
Там жа, ля водаў крывавай Ворсклы, скончыўся жыццёвы шлях князя Дзмітрыя Альгердавіча. Як і князю Андрэю, яму давялося зведаць цяжкасці заключання на радзіме. Пасля пераможнай Кулікоўскай бітвы Дзмітрый Альгердавіч атрымаў у дадатак да сваіх земляў Ноўгарад-Северскі. Аднак, за год да смерці Дзмітрыя Данскога, вырашыў прынесці васальную прысягу Ягайлу, які стаў польскім каралём. Пэўна, Дзмітрый Альгердавіч спадзяваўся на атрыманне з Ягайлавых рук намесніцтва ў землях Вялікага Княства Літоўскага.
Аднак, намеснікам стаў другі ягоны брат па бацьку Скіргайла Альгердавіч. У 1391 годзе тэўтонскі грасмейстар Мальбарг заняў Гродна і Ліду. Скіргайла заклікаў Дзмітрыя Альгердавіча ісці супраць нахабнага крыжаносца. Ім удалася вызваліць захопленыя гарады, і Дзмітрый атрымаў у княжанне Ліду. Аднак ужо ў 1392 годзе яго выгнаў адтуль грасмейстар Руменгейм.
Першая жонка Дзмітрыя Альгердавіча памерла, ён ажаніўся ў другі раз з разанскай князёўнай Анастасіяй Алегаўнай, якая нарадзіла яму сына Фёдара і дачку Алену. Але дарэмна разлічваў на дапамогу родзічаў жонкі ў вырашэнні асабістых праблем князь Дзмітрый. Ліда была чарговы раз вызвалена, але без удзела князя Дзмітрыя. І Ягайла аддаў яе ва ўладанне Вітаўту.
А пасля Вітаўт стаў і Вялікім князем Літоўскім. І ён вылучыў Дзмітрыю ў княжанне Наваградак. Не згадзіўся з гэтым горды Альгердавіч. Пайшоў адваёўваць сабе страчаную Ліду. Але быў разбіты і патрапіў у палон. Павініўся, адкупіўся, атрымаў волю. У 1393 годзе зноў княжыў у Ноўгарад-Северскім, адмовіўшыся плаціць Вітаўту даніну, бо «Ноўгарад-Северскі заўжды Маскоўскай вотчынай быў». Аднак не далі Вітаўт і Ягайла забыцца дзёрзкаму родзічу пра васальную прысягу. Быў ён зноў паланёны і кінуты ў віленскую цямніцу. Вітаўт вярнуў яму волю толькі дзеля таго, каб выкарыстаць воінскія здольнасці князя Дзмітрыя ў баі з татарамі. Разам з сынамі, Іванам і Андрэем, прыйшоў Дзмітрый Альгердавіч пад сцягамі Вітаўта на Ворсклу. Усе трое засталіся ляжаць на полі бою мёртвымі…
Жыццё – праходзіць, слава – ззяе праз стагоддзі пуцяводнай зоркай. Героі загінулі, але засталіся назаўжды ў памяці нашай, дзякуючы пяру летапісца і яркім радкам славутай сярэднявечнай паэмы «Задоншчына»: «Сыны Літвы храбрыя, крэчаты ў ратны час і палкаводцы праслаўленыя, пад гукі труб іх спавівалі, пад шлемамі песцілі, з вастрыя дзіды яны ўскормленыя, з вострага мяча ўспоеныя ў Літоўскай зямлі»…